Шталаг 313 () — лагер для савецкіх ваеннапалонных, а затым і канцэнтрацыйны лагер для грамадзянскіх асоб, створаны немцамі ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі.

Дзейнічаў з верасня 1941 па май 1944 года. Першапачаткова з’яўляўся лагерам для ваеннапалонных. Размяшчаўся ў паўразбураных бараках на заходняй ускраіне Віцебска на месцы, дзе раней дыслацыраваўся 5-ы чыгуначны полк. Вакол лагера былі ўкапаныя слупы, паміж якімі нацягнулі калючы дрот.

Зняволеныя ў лагеры галадалі, ад знясілення з цяжкасцю маглі перасоўвацца. Харчаванне было больш чым бедным: дзве мерзлыя бульбіны і паўлітра баланды з «касцяной мукі», якая выраблялася з перамолатых астанкаў коней, 100—150 г хлеба з адходаў збожжа, змешанага з пілавіннем. Першы час мясцоваму насельніцтву дазвалялася прыносіць палонным прадукты, але потым гэта было забаронена.

Ваеннапалонныя выкарыстоўваліся для розных работ у горадзе.

У 1942 годзе ў лагер сталі трапляць і грамадзянскія асобы. Для іх выкарыстоўвалася заходняя частка лагера. Пасля знішчэння ў 1943 годзе ўсіх ваеннапалонных лагер быў запоўнены грамадзянскім насельніцтвам. Былі расстраляны, загінулі ад голаду і катаванняў больш за 100 тысяч чалавек, з якіх каля 4 тысяч — грамадзянскія асобы.

У канцы мая 1944 года вязняў, якія засталіся ў жывых, адправілі ў лагер ля пярэдняга краю нямецкай абароны ў раёне станцыі Крынкі.

Лагер падпарадкоўваўся 201-й і 403-й ахоўным дывізіям. Расфарміраваны 27 жніўня 1944 годаЛагеря советских военнопленных в Беларуси, 1941—1944: справочник. — Мн.: НАРБ, 2004..

Крыніцы

Спасылкі За колючей проволокой «5-го полка» «Долина памяти и скорби» появится на месте бывшего концлагеря «5-й полк» в Витебске Лагеря советских военнопленных в Беларуси, 1941—1944: справочник. — Мн.: НАРБ, 2004.

Катэгорыя:Ваенныя злачынствы нацыстаў у Беларусі Катэгорыя:Канцэнтрацыйныя лагеры Трэцяга рэйха