Уільям Джэймс Сайдзіс ( ; ) — эксцэнтрычны вундэркінд, знакаміты ў ЗША ў пачатку XX стагоддзя, валодаў незвычайнымі матэматычнымі, лінгвістычнымі і разумовымі здольнасцямі.
Біяграфія
Бацькі і выхаванне (1898—1909) Нарадзіўся 1 красавіка 1898 года ў Нью-Ёрку, вырас у сям’і яўрэяў-імігрантаў з горада Бярдзічаў (у той час уваходзіў у склад Расійскай імперыі, цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Украіны). Уільям быў названы ў гонар свайго хроснага бацькі, Уільяма Джэймса, амерыканскага філосафа, з якім сябраваў яго бацька Барыс Сайдзіс . На радзіме Барыс падвяргаўся пераследу па палітычных матывах і правёў 2 гады ў адзіночным зняволенні. У 1887 годзе ён эміграваў у ЗША, дзе атрымаў навуковую ступень доктара медыцыны ў Гарвардскім універсітэце, выкладаў там псіхалогію, апублікаваў шэраг кніг і артыкулаў. Акрамя таго, з’яўляўся адным з найзначнейшых псіхіятраў і псіхолагаў ЗША свайго часу. Вядомы тым, што заснаваў такі кірунак, як псіхапаталогія, займаўся пытаннямі гіпнозу і групавой псіхатэрапіі, напісаў кнігу «Псіхалогія гіпнозу», якая і дагэтуль лічыцца аўтарытэтным выданнем. Крытыкаваў дзейнасць Зігмунда Фрэйда і быў катэгарычна супраць «вар’яцкай эпідэміі фрэйдызму, якая ўварвалася ў дадзены час у Амерыку». Сайдзіс крытыкаваў папулярную ў тыя гады еўгеніку і выступаў супраць Першай сусветнай вайны. Быў паліглотам і змог прывіць гэтую якасць Уільяму ў раннім узросце. Маці Уільяма — Сара Сайдзіс (Мандэльбаўм) — скончыла медыцынскі факультэт Бостанскага ўніверсітэта ў 1897 годзеHistory of homoeopathy and its institutions in American By William Harvey King, M. D., LL. D. Presented by Sylvain Cazalet, але кінула сваю кар’еру для выхавання Уільяма.
Бацькі хацелі «зрабіць» са свайго сына генія, выкарыстоўваючы ўласныя метады навучання, за якія іх крытыкавалі. Ва ўзросце 18 месяцаў Уільям змог прачытаць газету «Нью-Ёрк Таймс», у 6 гадоў ён стаў атэістам. Да свайго васьмігоддзя напісаў чатыры кнігі. Яго IQ ацэньваўся ў раёне ад 250 да 300 (найвышэйшы зафіксаваны IQ у гісторыі).
Гарвард і жыццё ў каледжы (1905—1915) З першай спробы аддаць дзіця вучыцца ў Гарвард Барысу не ўдалося — у 1905 годзе кіраўніцтва універсітэта не захацела прымаць такога маладога студэнта. Але праз чатыры гады, калі Уільяму споўнілася 11 гадоў, ён паступіў у Гарвард на эксперыментальнае аддзяленне для адораных дзяцей, стаўшы самым маладым студэнтам. У яго групе вучыліся такія вядомыя асобы, як бацька кібернетыкі Норберт Вінер, інжынер-вынаходнік Рычард Бакмінстэр Фулер і кампазітар Роджэр Сешнс. На пачатку 1910 года веды Сайдзіса ў галіне вышэйшай матэматыкі былі настолькі глыбокія, што яго запрашалі чытаць лекцыі па чатырохмернай прасторы ў Гарвардскім матэматычным клубе. Прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута Дэніэл Ф. Комстак прадказваў Сайдзісу грандыёзную кар’еру вучонага-матэматыка і прадракаў яго будучае лідарства ў гэтай галіне.
Пазней Уільям паступіў у Гарвардскую вышэйшую школу мастацтваў і навук. Па заканчэнні інстытута ў інтэрв’ю журналісту газеты «Бостан Геральд» ён распавёў, што хацеў бы жыць пустэльнікам, застаючыся халасцяком; жанчынамі, паводле яго слоў, ён не цікавіцца. Аднак пазней у яго з’явілася моцная прыхільнасць да маладой Марты Фолі .
Выкладчыцкая дзейнасць і далейшае навучанне (1915—1919) Пасля таго як група гарвардскіх студэнтаў стала пагражаць Сайдзісу фізічнай расправай, бацькі, каб абараніць яго, знайшлі сыну пасаду памочніка выкладчыка матэматыкі ва Універсітэце Райса ў Х’юстане, Тэхас. Уільям пачаў працу ў снежні 1915 года ў 17-гадовым узросце. Ён вёў курс эўклідавай геаметрыі, неэўклідавай геаметрыі і трыганаметрыі (па эўклідавай геаметрыі ён сам напісаў падручнік на грэцкай мове). Але не прайшло і года, як расчараваны сваёй працай і дрэнным стаўленнем да яго студэнтаў, якія былі старэйшыя за яго, Уільям вярнуўся ў Новую Англію. У верасні 1916 года Сайдзіс паступіў у Гарвардскую школу права, але не скончыў яе, перапыніўшы навучанне на апошнім годзе ў сакавіку 1919 года.
Палітыка і арышт (1919—1921) У 1919 годзе, неўзабаве пасля таго, як Сайдзіс пакінуў юрыдычны факультэт, ён быў арыштаваны за ўдзел у першамайскай дэманстрацыі ў Бостане і прыгавораны да 18 месяцаў турмы. Арышт аднаго з самых юных выпускнікоў Гарварда шырока асвятляўся ў прэсе і хутка зрабіў Сайдзіса мясцовай знакамітасцю.
Падчас судовага працэсу Сайдзіс называў сябе сацыялістам і заяўляў, што адмовіўся ад прызыву на Першую сусветную вайну па ідэйных меркаваннях (пазней ён развіў уласную квазі-ліберальную тэорыю, заснаваную на індывідуальных правах і «амерыканскай грамадскай цэласнасці»). Але айцу Сайдзіса ўдалося пераканаць акруговага пракурора не адпраўляць Уільяма адбываць пакаранне. Замест гэтага бацькі змясцілі яго ў сваю псіхіятрычную клініку ў Нью-Гэмпшыры на год, а на наступны год забралі з сабой у Каліфорнію. Яны сталі настойваць, каб ён змяніўся, а інакш пагражалі адправіць сына ў звычайны псіхіятрычны шпіталь.
Познія гады (1921—1944) Пражываў у Нью-Ёрку асобна ад бацькоў, доўга баяўся вярнуцца ў Масачусэтс з-за магчымага арышту. Працаваў і займаўся калекцыянаваннем. Судзіўся з газетамі, якія публікавалі артыкулы пра яго жыццё.
Сайдзіс памёр ад унутрымазгавога кровазліцця ў 1944 годзе ва ўзросце 46 гадоў у БостанеShirley Smith’s Letter to the Editor . Яго бацька памёр ад той жа хваробы ва ўзросце 56 гадоў у 1923 годзе .
Публікацыі і тэмы даследаванняў Галіны ведаў, па якіх засталіся працы Сайдзіса, уключаюць амерыканскую гісторыю, касмалогію і псіхалогію. Сайдзіс быў збіральнікам чыгуначных білетаў і быў пагружаны ў вывучэнне транспартных сістэм. Пад псеўданімам «Франк Фалупа» ён напісаў трактат пра чыгуначныя білеты, у якім ідэнтыфікаваў спосабы павелічэння прапускной здольнасці транспартнай сеткі. У 1930 годзе атрымаў патэнт на нязменны бясконцы каляндар, які ўлічваў высакосныя гады.
Сайдзіс стварыў штучную мову, названую ім Vendergood у сваёй другой кнізе, азагалоўленай «Book of Vendergood», якую ён напісаў ва ўзросце васьмі гадоў. Мова ў большай частцы заснавана на лацінскай і грэчаскай, таксама яна грунтавалася на нямецкай, французскай і іншых раманскіх мовах.
Спіс прац Кнігі: Passaconaway in the White Mountains. — Boston: Badger, 1916. The Animate and the Inanimate. — Boston: Badger, 1925. Notes on the Collection of Transfers. — Philadelphia: Dorrance & Comp., 1926. The Tribes and the States. — Wampanoag Nation, 1982 (1935).
Артыкулы: Appendix IV. Unconscious Intelligence // Sidis, Boris. Symptomatology, Psychognosis, and Diagnosis of Psychopathic Diseases. — Boston: Badger, 1914. — P. 432—439. A Remark on the Occurrence of Revolutions // Journal of Abnormal Psychology. — 1918. — Vol. 13. — P. 213—228.
Ацэнка У. Дж. Сайдзіс ацэньваецца некаторымі біёграфамі як самы адораны чалавек на Зямлі. Моманты з біяграфіі, якія спарадзілі гэтае меркаванне:
На чацвёртым годзе жыцця ён прачытаў Гамера ў арыгінале. У шэсць гадоў вывучыў арыстоцелеўскую логіку. Паміж 4 і 8 гадамі напісаў 4 кнігі, у тым ліку адну манаграфію па анатоміі. У сем гадоў здаў іспыт Гарвардскай медыцынскай школы па анатоміі. Да 8 гадоў Уільям ведаў 8 моў — англійскую, латынь, грэцкую, рускую, іўрыт, французскую, нямецкую і яшчэ адну, якую ён вынайшаў сам. У сталым жыцці Уільям свабодна валодаў 40 мовамі (па сцвярджэннях некаторых аўтараў, гэты лік дасягаў 200). У 11 гадоў паступіў у Гарвардскі ўніверсітэт і неўзабаве ўжо чытаў лекцыі ў матэматычным клубе Гарварда. У 16 гадоў скончыў Гарвард з адзнакай.
Некаторыя крытыкі выкарыстоўваюць У. Дж. Сайдзіса як найбольш паказальны прыклад таго, што вундэркінды рызыкуюць не дасягнуць поспеху ў сталым узросце.
Крыніцы
Літаратура Wallace, Amy, The Prodigy: Biography of William James Sidis, American Greatest Child Prodigy, New York: EP Dutton & Co. 1986. ISBN 0-525-24404-2
Спасылкі Sidis Archives website Details and outline of his life Biographical outline, and assessment
Катэгорыя:Памерлі ад унутрымазгавога кровазліцця Катэгорыя:Паліглоты Катэгорыя:Сацыялісты ЗША Катэгорыя:Стваральнікі і прапагандысты моў Катэгорыя:Антраполагі ЗША Катэгорыя:Вынаходнікі ЗША Катэгорыя:Матэматыкі ЗША