Помнік Мінаю Піліпавічу Шмырову — помнік у Віцебску, размешчаны ў парку на тэрыторыі мемарыяльнага музея М. П. Шмырова па вуліцы Чэхава. Прысвечаны аднаму з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Герою Савецкага Саюза Мінаю Піліпавічу Шмырову (Бацьку Мінаю).

Гісторыя Помнік устаноўлены ў 1969 годзе. Аўтарамі з'яўляюцца скульптар З. Азгур і архітэктар З. Озерава.

Апісанне Помнік выкананы з граніту і бутавага каменя. Агульная вышыня складае 2,55 м, пры гэтым вышыня самой скульптуры — 1,3 м.

Ён уяўляе сабой партрэтную паўфігуру М. П. Шмырова, якая пастаўлена на конусападобны пастамент і прыцягвае ўвагу жыццёвай канкрэтнасцю вобраза. Суровы выраз твару, жэст напрацаваных рук, якія энергічна сціскаюць партупею і рэмень, а таксама характэрны паварот галавы перадаюць маральную сілу, канцэнтрацыю волі, роздум і адчуванні чалавека, што адказвае за лёс людзей і перажывае асабістую трагедыю. Нешматлікія дэталі, сярод якіх вышытая нацыянальным арнаментам кашуля, падпяразаная рэменем, і баявыя ордэны, дапаўняюць характарыстыку героя. Суровая цэласнасць вобраза, акрэсленасць сілуэта і выразнасць формы надаюць помніку манументальнасць.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Помнікі Віцебска Катэгорыя:З’явіліся ў 1969 годзе Катэгорыя:Помнікі партызанам Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі Катэгорыя:Творы Заіра Азгура Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Зоі Озеравай Катэгорыя:1969 год у Віцебску Катэгорыя:Вуліца Чэхава (Віцебск)