Рык Дэ́рксен (; нар. 1964) — нідэрландскі лінгвіст і індаеўрапеіст. Спецыялізуецца на гістарычнай граматыцы балта-славянскіх моў, надаючы асаблівую ўвагу акцэнталогіі і этымалогіі.

Навуковая дзейнасць Навуковая дзейнасць Рыка Дэрксена шчыльна звязана з Лейдэнскім універсітэтам. Ён з'яўляецца актыўным удзельнікам і стваральнікам праекта Лейдэнскага індаеўрапейскага этымалагічнага слоўніка. У рамках гэтай фундаментальнай працы ён напісаў «Этымалагічны слоўнік славянскай спадчыннай лексікі» (выдадзены ў 2008 годзе) і «Этымалагічны слоўнік балтыйскай спадчыннай лексікі» (выдадзены ў 2015 годзе). Таксама з'яўляецца аўтарам манаграфіі па балтыйскай акцэнталогіі «Метатанія ў балтыйскіх мовах» (1996).

Даследаванні Дэрксена ахопліваюць шырокі спектр пытанняў фанетыкі і марфалогіі балтыйскіх і славянскіх моў, уключаючы развіццё тонаў і націску, а таксама храналогію моўных кантактаў.

Навуковыя погляды і палеміка У сваіх працах Рык Дэрксен з'яўляецца паслядоўным прадстаўніком лейдэнскай лінгвістычнай школы і, у прыватнасці, абапіраецца на тэарэтычную базу Фрэдэрыка Кортланта.

У манаграфіі «Метатанія ў балтыйскіх мовах» (1996) Дэрксен падрабязна аналізуе і часта крытыкуе спадчыну выбітнага літоўскага мовазнаўца Казіміра Бугі ў галіне акцэнталогіі. Дэрксен адзначае, што сабраныя Бугам спісы слоў з метатаніяй маюць пэўныя хібы, бо абапіраюцца на састарэлыя тэорыі. У прыватнасці, Дэрксен абвяргае класічнае меркаванне, якога трымаліся Буга і Холгер Педэрсен, што праіндаеўрапейская доўгая ступень (vrddhi) давала ў балта-славянскіх мовах акут, і даказвае, што яна рэгулярна давала цыркумфлекс. Дэрксен таксама ўступае ў прафесійную палеміку з працамі Зігмаса Зінкявічуса і К. Бугі адносна храналогіі найстаражытнейшых славянскіх пазычанняў ва ўсходнебалтыйскіх мовах (напрыклад, слоў накшталт kálpas, čérpė, šálmas), прапануючы ўласную адносную храналогію гукавых змен, якая часта не супадае з традыцыйнымі поглядамі літоўскіх лінгвістаў.

Працы самога Дэрксена таксама падвяргаюцца жорсткай крытыцы з боку іншых даследчыкаў за празмерна дагматычную прыхільнасць да лейдэнскай школы. Літоўскі мовазнавец Альбяртас Росінас у сваёй рэцэнзіі на кнігу «Метатанія ў балтыйскіх мовах» раскрытыкаваў Дэрксена за недастатковае веданне літоўскай дыялекталогіі. Росінас адзначыў, што аўтар часта беспадстаўна адкідае нязручныя факты і імкнецца падпарадкаваць рэальныя дыялектныя даныя тэарэтычным гіпотэзам Кортланта. Іспанска-літоўскі лінгвіст Мігель Вільянуэва Свенсан у рэцэнзіі на «Этымалагічны слоўнік балтыйскай спадчыннай лексікі» (2015) назваў слоўнік Дэрксена непаслядоўным і няпоўным. Свенсан раскрытыкаваў аўтара за ігнараванне значнай часткі не-лейдэнскай навуковай літаратуры і адсутнасць у слоўніку належных прабалтыйскіх рэканструкцый.

Закон Дэрксена У галіне гістарычнай акцэнталогіі вучоны адкрыў і сфармуляваў фанетычны закон, які пазней атрымаў назву «закон Дэрксена». Згодна з гэтым законам, праформы з суфіксамі *-to-, *-sto-, *-tlo- мелі ў балта-славянскую эпоху канцавы націск. Пазней, у пралітоўскай мове, націск з кароткіх галосных адцягваўся на папярэдні склад, у выніку чаго ў гэтым складзе неакцэнтаваны акут ператвараўся ў цыркумфлекс.

Як прыклад эвалюцыі слова можна разгледзець наступны ланцужок: праіндаеўрапейскае *bʰuHtlóm дало балта-славянскае слова *būˀtlá, якое перайшло ў пралітоўскае *būtlás. Затым, паводле закона Дэрксена, націск адцягнуўся, і ўтварылася сучаснае літоўскае слова bū̃klas (назоўны склон адзіночнага ліку). Для параўнання, у праславянскай мове гэты ж корань даў форму *bydlò з захаваным канцавым націскам.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1964 годзе Катэгорыя:Мовазнаўцы Нідэрландаў Катэгорыя:Індаеўрапеісты Катэгорыя:Балтысты Катэгорыя:Славісты Катэгорыя:Выкладчыкі Лейдэнскага ўніверсітэта