Майда́нак (, ), афіцыйна канцэнтрацыйны лагер «Люблін» (, скарочана KL Lublin), — нямецкі нацысцкі канцэнтрацыйны лагер і месца масавага знішчэння людзей, які дзейнічаў у 1941—1944 гадах на паўднёва-ўсходняй ускраіне Любліна ў акупаванай Польшчы.
Паводле сучаснай ацэнкі Дзяржаўнага музея ў Майданку, у лагер былі дэпартаваны каля 130 тысяч чалавек, з якіх каля 80 тысяч загінулі. Каля 60 тысяч ахвяр былі яўрэямі. Да найбольш шматлікіх груп ахвяр належалі таксама палякі, беларусы, рускія і ўкраінцы.
Назва
Шырока ўжывальная назва «Майданак» паходзіць ад назвы люблінскага прадмесця Майдан-Татарскі, каля якога размяшчаўся лагер. Афіцыйнай назвай спачатку была — «Лагер ваеннапалонных войскаў СС у Любліне». 16 лютага 1943 года ён быў перайменаваны ў — «Канцэнтрацыйны лагер Люблін».
Стварэнне і арганізацыя лагера
20—21 ліпеня 1941 года кіраўнік СС Генрых Гімлер наведаў Люблін і загадаў кіраўніку СС і паліцыі Люблінскай акругі Одыла Глабочніку арганізаваць лагер, разлічаны на ўтрыманне да 50 тысяч чалавек. Вязняў меркавалася выкарыстоўваць на будаўніцтве аб’ектаў СС і паліцыі ў акупаванай Польшчы і на захопленых тэрыторыях Савецкага Саюза.
Будаўніцтва пачалося ў кастрычніку 1941 года. Асноўнай рабочай сілай на першым этапе сталі савецкія ваеннапалонныя. Яны жылі ў неадпаведных умовах, галадалі і масава паміралі ад хвароб, знясілення і жорсткага абыходжання.
Лагер быў падзелены на шэсць палёў. Пятае поле выкарыстоўвалася як лагерны шпіталь, шостае засталося ў значнай ступені недабудаваным. На тэрыторыі знаходзіліся баракі, майстэрні, склады, лазнева-дэзінфекцыйны комплекс, газавыя камеры і крэматорый.
Майданак падпарадкоўваўся Інспекцыі канцэнтрацыйных лагераў. Адначасова значны ўплыў на яго дзейнасць меў Одыла Глабочнік, які кіраваў ажыццяўленнем аперацыі «Райнгард» у Люблінскай акрузе.
Вязні
У 1941—1944 гадах у Майданак былі дэпартаваны каля 130 тысяч мужчын, жанчын і дзяцей. Найбольшую групу складалі яўрэі — паводле ацэнкі музея, ад 74 да 80 тысяч чалавек. Другой паводле колькасці групай былі палякі — каля 35 тысяч. Трэцюю складалі грамадзяне Савецкага Саюза, сярод якіх пераважалі беларусы.
На першым этапе большасць вязняў складалі савецкія ваеннапалонныя. З канца 1941 года сюды пачалі пераводзіць вязняў з іншых канцлагераў, а з вясны 1942 года — накіроўваць буйныя транспарты яўрэяў са Славакіі, Пратэктарату Багеміі і Маравіі, Германіі, а таксама з Любліна і навакольных мясцовасцей.
Майданак выкарыстоўваўся таксама як карны лагер для палякаў, арыштаваных за невыкананне распараджэнняў акупацыйнай адміністрацыі, сувязь з партызанамі або ўдзел у супраціўленні. З 1943 года сюды накіроўвалі вязняў з турмаў у Варшаве, Радаме, Львове і Любліне.
У лагеры ўтрымліваліся жанчыны і дзеці. Асобныя палі ў розны час мелі рознае прызначэнне: на першым размяшчалася жаночая частка, на трэцім утрымліваліся польскія палітычныя вязні і яўрэі, на чацвёртым — савецкія ваеннапалонныя, закладнікі і палітычныя вязні.
Умовы ўтрымання і прымусовая праца
З першых дзён знаходжання ў лагеры вязні цярпелі ад голаду, хвароб, страху і знясільвальнай працы. За сапраўднае або меркаванае парушэнне правіл іх збівалі і падвяргалі іншым пакаранням. Людзі паміралі ў выніку цяжкіх умоў, хвароб і непасільнай працы, а таксама былі забіты падчас экзекуцый і ў газавых камерах.
Вязняў выкарыстоўвалі на будаўнічых і гаспадарчых работах, у майстэрнях і на складах. Майданак выконваў таксама функцыі ў межах аперацыі «Райнгард»: тут захоўвалі і сартавалі вопратку, абутак ды іншыя рэчы, адабраныя ў яўрэяў, забітых у лагерах смерці Белжэц, Сабібор і Трэблінка.
Масавае знішчэнне людзей
Майданак быў месцам мэтанакіраваных масавых забойстваў. Вязняў расстрэльвалі, вешалі, тапілі, забівалі ўдарамі і атрутнымі ін’екцыямі. Людзей забівалі таксама ў газавых камерах, дзе выкарыстоўвалі Цыклон Б і монааксід вугляроду.
Ахвярамі газавых камер былі пераважна яўрэі, але ў іх забівалі таксама іншых вязняў, прызнаных непрацаздольнымі. Целы спачатку хавалі ў магілах, пазней спальвалі на адкрытых вогнішчах і ў крэматорыі.
3 лістапада 1943 года на тэрыторыі Майданка была праведзена найбуйнейшая аднаразовая экзекуцыя ў гісторыі лагера. Падчас аперацыі «Эрнтэфэст» супрацоўнікі СС і паліцыі расстралялі каля 18 тысяч яўрэяў. Не менш за 8 тысяч ахвяр былі вязнямі Майданка, астатніх прывялі з працоўных лагераў і турмаў Любліна. Каб заглушыць стрэлы, праз гучнагаварыцелі перадавалі музыку.
Беларусы ў Майданаку
Беларусы складалі значную частку савецкіх грамадзян, дэпартаваных у Майданак. Дзяржаўны музей у Майданку адзначае, што сярод грамадзян СССР, якія трапілі ў лагер, беларусы былі найбольш шматлікай нацыянальнай групай.
З вясны 1943 года ў Майданак у межах шырокамаштабных карных аперацый пачалі вывозіць жыхароў беларускіх вёсак, у тым ліку дзяцей. У лагеры яны рэгістраваліся не толькі паводле нацыянальнасці, але і як грамадзяне Савецкага Саюза, таму дакладная агульная колькасць беларускіх вязняў не вызначана.
Вываз мірнага насельніцтва
Ва ўспамінах жыхара Дубяжына Афанасія Авярчука «Пры немцах (1941—1944)», змешчаных у зборніку «Пакаленне вайны», апісаны прымусовы вываз жыхароў Беласточчыны на працу ў Германію.
Пра вываз жыхароў Лідчыны паведамляў «Лідскі летапісец». У адной з публікацый апісаны выпадак Міці і Сямёна Пупко, якія ў снежні 1943 года разам з жонкамі выскачылі з цягніка, што ішоў у Майданак.
Майданак у беларускай літаратуры і памяці
Пра Майданак пісаў Янка Брыль у мемуарным нарысе «Вечар і раніца». Брыль, які служыў у Гдыні напярэдадні вайны, наведаў лагер ужо праз шмат гадоў пасля падчас паездкі ў Люблін. У тэксце ён згадвае, як за адзін дзень пабачыў два месцы масавага знішчэння — Сабібор і назаўтра Майданак, — і як гэтыя ўбачаныя абшары «нечалавечых пакут» пераплятаюцца з асабістымі ваеннымі ўспамінамі аўтара.
У рамане Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» праз Майданак праходзіць адна з гераінь твора — гэта эпізод яе ваеннага мінулага, які ўплывае на яе далейшы лёс і паводзіны ў пасляваенным сюжэце рамана.
Віктар Карамазаў у кнізе «Проста ўспомніў я цябе…» апісаў сваю сустрэчу з былым ваеннапалонным Петраком Кірылавічам, які прайшоў праз Майданак і іншыя нацысцкія лагеры і расказаў пра гэта аўтару ўжо праз многія гады пасля вайны.
Філіялы
З восені 1943 года шэраг яўрэйскіх працоўных лагераў Люблінскай акругі быў адміністрацыйна падпарадкаваны Майданку. Сярод іх былі лагеры ў Будзыні, Траўніках, Панятове, Красніку і Пулавах, а таксама лагеры на вуліцы Ліпавай і на аэрадроме ў Любліне.
У пачатку 1944 года ў сістэму Майданка былі ўключаны таксама лагеры ў Бліжыне і Радаме, а таксама лагер на тэрыторыі разбуранага Варшаўскага гета. Склад сістэмы змяняўся: частка філіялаў была ліквідавана пасля забойства іх вязняў або эвакуіравана перад набліжэннем фронту.
Ліквідацыя і вызваленне
Вясной 1944 года СС пачало эвакуяваць вязняў у канцэнтрацыйныя лагеры, размешчаныя далей на захад. 22 ліпеня лагерны гарнізон пакінуў Майданак, вывезшы амаль усіх вязняў, якія яшчэ заставаліся там, у Асвенцім.
У ноч з 22 на 23 ліпеня на тэрыторыю лагера ўвайшлі савецкія войскі, а 24 ліпеня Чырвоная Армія заняла Люблін. Лагер не быў цалкам знішчаны, таму захаваліся баракі, газавыя камеры, крэматорый, дакументы і маёмасць вязняў.
Пасля заняцця Майданка савецкія ўлады выкарыстоўвалі частку яго інфраструктуры. На тэрыторыі былога лагера НКУС утрымліваў жаўнераў польскага падполля; асобныя ўчасткі выкарыстоўваліся таксама для нямецкіх ваеннапалонных.
Колькасць ахвяр
Колькасць ахвяр Майданка неаднаразова пераглядалася. У першых пасляваенных матэрыялах называліся лічбы, значна большыя за сучасныя ацэнкі. «Беларуская энцыклапедыя» паведамляла пра каля 500 тысяч вязняў і 350 тысяч загінулых, у тым ліку 200 тысяч яўрэяў і 120 тысяч палякаў.
Паводле больш новых даследаванняў Дзяржаўнага музея ў Майданку, у лагер былі дэпартаваны каля 130 тысяч чалавек, з якіх загінулі каля 80 тысяч, у тым ліку каля 60 тысяч яўрэяў.
Музей і мемарыял
У лістападзе 1944 года на тэрыторыі былога лагера быў створаны Дзяржаўны музей у Майданаку. Ён лічыцца найстарэйшым музеем у свеце, арганізаваным на месцы былога нацысцкага канцлагера.
На тэрыторыі захоўваюцца баракі, вартавыя вышкі, агароджы, лазнева-дэзінфекцыйны комплекс, газавыя камеры і крэматорый. У 1969 годзе быў адкрыты манументальны комплекс «Помнік змагання і пакутніцтва», створаны паводле праекта Віктара Толкіна.
Галерэя
Гл. таксама
Канцэнтрацыйны лагер Аперацыя «Райнгард» Аперацыя «Эрнтэфэст» Халакост у Беларусі Асвенцім Белжэц Сабібор Трэблінка Трасцянец
Літаратура
Майданак // — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1999. — С. 519. Majdanek 1941—1944 / praca zbiorowa pod redakcją Tadeusza Mencela. — Lublin: Wydawnictwo Lubelskie, 1991. — 556 s. Kranz, Tomasz. Ewidencja zgonów i śmiertelność więźniów KL Lublin. — Lublin: Państwowe Muzeum na Majdanku, 2005. Marszałek, Józef. Majdanek: obóz koncentracyjny w Lublinie. — Warszawa: Interpress, 1987. Брыль, Янка. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1985. — 317 с. Карамазаў, Віктар. Проста ўспомніў я цябе…: Публіцыстычная проза, эсэ. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — 317 с. — ISBN 5-310-00318-3. Авярчук, Афанасій. Пры немцах (1941—1944) // Пакаленне вайны: Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў перыяд вайны і акупацыі (1939—1944) / пад рэд. Віталя Лубы; уступ Яўгена Мірановіча. — Беласток: Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2003. — 300 с. — ISBN 83-917349-1-9.
Спасылкі
Крыніцы Катэгорыя:Нацысцкія канцэнтрацыйныя лагеры ў Польшчы Катэгорыя:Лагеры смерці Катэгорыя:Аперацыя «Райнгард» Катэгорыя:Гісторыя Любліна Катэгорыя:Халакост у Польшчы Катэгорыя:Заснаваныя ў 1941 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе Катэгорыя:Музеі Люблінскага ваяводства