Мо́гілкі Свя́та-Мікала́еўскай ца́рквы — былы хрысціянскі некропаль у горадзе Ліда Гродзенскай вобласці. Дзейнічалі пры ўніяцкай царкве з часоў узнікнення мясцовага прыхода (да XVII стагоддзя) да XVIII—XIX стагоддзяў. Размяшчаліся ў самым цэнтры горада, непадалёк ад рынкавай плошчы, у раёне сучаснай вуліцы Савецкай. У пазнейшыя часы тэрыторыя некропаля была прададзена пад забудову, аднак падчас земляных работ у XX стагоддзі там перыядычна знаходзілі чалавечыя парэшткі.

Гісторыя Паводле даўняй традыцыі, першыя могілкі ў Лідзе з'явіліся адразу пасля заснавання горада і размяшчаліся непасрэдна каля хрысціянскіх храмаў, выконваючы ролю цвінтароў. Самымі прэстыжнымі лічыліся пахаванні ў самім храме або ў яго склепе. У першай палове XVII стагоддзя ў горадзе дзейнічалі чатыры грэка-каталіцкія (уніяцкія) царквы, якія ў больш ранні перыяд максімальна імаверна дзейнічалі як праваслаўныя. Адна з іх — царква Святога Мікалая — стаяла каля рынкавай плошчыRouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S. 107—109..

У XVIII стагоддзі царква Святога Мікалая была перабудавана і перасвечана ў гонар Міхала Арханёла. Побач з царквой знаходзіўся шпіталь і будынкі плябаніі. Плябанія была абнесена часткова плотам, а часткова жэрдкай з брамай, пабудаванай высілкамі двара і святароўНГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 35 адв..

Старажытныя прыходскія могілкі непасрэдна прымыкалі да храма. Згодна з гістарычнымі дакументамі, пляц, на якім размяшчаліся царква, шпіталь і могілкі, займаў паўтара моргіДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. ... Арк. 86-86 адв.. Могілкі былі неабгароджанымі, на іх знаходзілася старая званіцаНГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 35 адв.. У матэрыялах візітацыі 1784 года згадвалася, што званіца стаяла на двух слупах і мела два вялікія званы (адзін вагой у 6 камянёў, другі — у 4 камяні) і адзін малы (вагой у 15 фунтаў). Іншых пабудоў вакол могілак не былоДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. ... Арк. 85 аб..

На паштоўках пачатку ХХ стагоддзя з выявай былога касцёла піяраў, які на той час ужо дзейнічаў як Свята-Міхайлаўская праваслаўная царква, бачны гэтыя могілкі. Гэта сведчыць пра тое, што на старых уніяцкіх пахаваннях маглі працягваць хаваць нябожчыкаў і ў другой палове XIX стагоддзя.

У першай палове XVIII стагоддзя ўніяцкая царква згарэла. Тэрыторыя былых могілак каля царквы пазней была прададзена праваслаўнымі святарамі пад участкі для будаўніцтва, і на гэтым месцы былі ўзведзены дробныя крамы. Падчас капітальнага рамонту вуліцы Сувальскай (сучасная вуліца Савецкая) і пракладкі тэлефонных кабеляў да новага будынка пошты на вуліцы Міцкевіча ў 1937 годзе працоўныя натрапілі на парэшткі лідскіх месцічаў XVIII стагоддзяSlowo № 268 (4832) 28 wrzesnia 1937..

Крыніцы

Катэгорыя:Могілкі Ліды Катэгорыя:Знішчаныя могілкі Беларусі Катэгорыя:Уніяцтва ў Беларусі