Забарона беларускага друку — забарона друку на беларускай мове лацінкай у 1859—1904 гадах у Расійскай імперыі. Агулам падобная аналагічнай забароне літоўскага друку і забароне ўкраінскага друку, але мела і пэўныя асаблівасці.

Перадгісторыя

Пасля эпохі татальнай мікалаеўскай цэнзуры, асабліва жорсткай у 1848—1855 гадах, надыйшоў вельмі кароткі адносна спрыяльны перыяд, калі ўзніклі спадзяванні на ажыўленне легальнага друку на беларускай мове, перадусім лацінкай, паколькі менавіта каталіцкая шляхта ў гэты час праяўляла найбольшую беларускамоўную актыўнасць, разлічваючы ўцягнуць шырокія масы беларускамоўнага сялянства ў культурную і цывілізацыйную арбіту Рэчы Паспалітай, пашырыўшы гэтым сваю сацыяльную базу. Гэты перыяд звязаны перадусім з імем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. За кароткі час ён апублікаваў у Мінску шэраг паэтычных кніг, пераважна польскамоўнага зместу: «Гапон» (1855), «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікавішся? Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Апрача польскамоўных твораў, у гэтыя зборнікі ўвайшлі таксама і буйныя беларускія творы: паэмы або вершаваныя аповесці і апавяданні «Гапон», «Дурны Зміцер, хоць хітры», «Стаўроўскія дзяды», «Купала», «Шчаўроўскія дажынкі», вершы «Павіншаванне войта Навума…», «Верш Навума Прыгаворкі…». У 1857 годзе Дунін-Марцінкевіч напісаў разгорнутую беларускую баладу «Травіца брат-сястрыца», цыкл вершаваных аповесцяў «Быліцы, расказы Навума», але галоўная аповесць цыкла — «Халімон на каранацыі» — не была прапушчана расійскай цэнзурай, і была надрукаваная толькі ў 1945—1946 гадах.

Вянцом спадзявання дэмакаратычна настроенай шляхты на развіццё беларускамоўнага і літоўскамоўнага друку было выданне Адамам Кіркорам кнігі «Въ память пребыванія государя императора Александра ІІ въ Вильнѣ, 6 и 7 сентября 1858 г.», якая мела характар «вернаподданага альбому», пакліканага ўсталяваць давер паміж новым імператарам і культурнымі актывістамі краю. У гэтай кнізе былі апублікаваныя і 2 прывітальныя вершы: на літоўскай мове, падпісаны «літоўскі селянін, ад імя сваіх братоў» (М. Акялайціс) і беларускамоўны верш Вінцэся Каратынскага «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела!»Як імператар Аляксандр ІІ спрычыніўся да беларускага нацыянальнага праекта // Наша Ніва 28.04.2018. Аднак практычнага выніку гэтая спроба трывала легалізаваць культурную актыўнасць па-беларуску не мела.

Забарона беларускага перакладу «Пана Тадэвуша»

Ужо ў 1859 годзе спроба Дуніна-Марцінкевіча апублікаваць 2 першыя «быліцы» яго перакладу на беларускую эпічнай паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» сутыкнулася з жорсткім цэнзурным казусам. Кніга была папярэдне дазволеная цэнзурай і ўжо надрукавана віленскім выдаўцом Сыркіным, але ў выніку не дазволеная расійскімі ўладамі да выпуску ў продаж праз лацінскі шрыфт выдання, які быў як прэцэдэнт адразу забаронены Цэнзурным камітэтам для выданняў па-беларуску (афіцыйна — «беларускай гаворкай») ў Расійскай імперыі. Наклад «Пана Тадэвуша» быў знішчаны, захавалася толькі некалькі экзэмпляраўКісялёў Г., Махнач Т. Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — Т. 2.. Таму Аляксандр Шлюбскі прапанаваў лічыць дату 1859 пачаткам афіцыйнай забароны друку на беларускай мове лацінкайШлюбскі А. Адносіны расійскага ўраду да беларускае мовы ў ХІХ cт. // Запіскі. Менск: Аддз. гуманітар. навук, 1928. Кн. 2, т. 1: Працы клясы філёлёгіі. С. 303—337., бо фактычна пасля гэтай даты на працягу амаль паўстагоддзя ніводнай кнігі па-беларуску так і не было надрукавана ў Расійскай імперыі. (Хаця іншыя даследчыкі прапаноўвалі іншыя даты пачатку забароны).

Хоць спецыяльнага імператарскага ўказу выключна па беларускай мове (падобнага да 1863 года або Эмскага ўказа 1876 года для ўкраінскай мовы) не выдавалася, на практыцы Расійскія ўлады разглядалі выкарыстанне «лацінкі» як праяву «польскага ўплыву» і спробу адрыву беларускага насельніцтва ад агульнарасійскага культурнага поля. Уціск беларускага друкаванага слова праводзіўся на падставе разнастайных цыркуляраў, што былі выдадзены ў адносінах да іншых нацыянальных меншасцей у Імперыі. Беларускі даследчык А. Гапоненка прыводзіць цэлы шэраг урадавых пастаноў і цыркуляраў 1860-х гадоў, якія маглі на практыцы трактавацца як датычныя і беларускамоўных выданняўА. Гапоненка. Беларускае кнігадрукаванне ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: характэрныя асаблівасці // Труды БГУ. Серия 4 (Издательское дело. Филология) № 1, 2018.. Ён лічыць найбольш пераканаўчым пункт погляду Н. Б. Мячкоўскай, якая сцвярджае, што ў строгім сэнсе «… у ХІХ стагоддзі не было ўрадавых забарон публікаваць увогуле што-небудзь на ўкраінскай і беларускай мове»Мечковская Н. Б. Белорусский язык: cоциолингвистические очерки. München: O. Sagner, 2003. с. 55-56.. Рэпрэсіі былі накіраваныя на змест публікацый, а ў яшчэ большай ступені — на шрыфт, а менавіта лацінку, якая лічылася польскім шрыфтfм. Тым не менш, паколькі сярод аўтараў «заходнерускага» ідэйнага кірунку, у адрозненне ад каталіцкіх пра-польскіх, у гэты перыяд не назіралася імкнення ствараць і публікаваць арыгінальныя тэксты (або пераклады) па-беларуску, фактычна гэта азначала поўную адсутнасць беларускамоўных публікацый.

Нелегальны друк

Ва ўмовах жорсткай цэнзуры, нешматлікія беларускамоўныя выданні лацінкай друкаваліся або падпольна на тэрыторыі імперыі (як агітацыйная брашура «Гутарка старога дзеда» ў 1861 годзе або газета «Мужыцкая праўда» ў 1863 годзе) або за мяжой. Паражэнне паўстання 1863—1864 гадоў нанесла цяжкі ўдар як па магчымасці, так і па самой матывацыі рэвалюцыйных шляхецкіх колаў друкаваць нешта па-беларуску. Цікавасць да гэтай дзейнасці пачынае адраджацца толькі ў канцы 1880-х гадоў (брашура «Дзядзька Антон», 1887 год, Львоў). Асабліва важнымі для гісторыі беларускай літаратуры былі кнігі Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891, пад псеўданімам Мацей Бурачок) і «Смык беларускі» (Познань, 1894, пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава). Але маштаб выдавецкай дзейнасці па-беларуску не параўнальна малы з аналагічнай літоўска- і украінамоўнай. Гэтая справа заставалася ўдзелам надзвычай нешматлікага кола энтузіястаў і была для іх хутчэй дапаўненнем да іх польскіх патрыятычных праектаў, чым самадастатковай справай.

Скасаванне забароны (1904—1905 гады) Афіцыйна абмежаванні на нацыянальны друк у Расійскай імперыі былі знятыя пад ціскам паражэння ў Руска-японскай вайне і наступных рэвалюцыйных падзей:

1904 год: Адмена забароны на лацінскі друк для літоўскай мовы (што пацягнула за сабой паслабленне цэнзуры і для беларускіх тэкстаў). Маніфест 17 кастрычніка 1905 года: Прававое замацаванне свабоды друку і скасаванне папярэдняй цэнзуры ў Расійскай імперыі. Адносная лібералізацыя грамадскага жыцця зрабіла магчымым выданне першых масавых беларускамоўных газет («Купала»), а затым і соцень кніг і брашур грамадска-палітычнага, мастацкага і даведачнага зместу. Аднак амаль татальная забарона на друкаванае беларускае слова на працягу 45 гадоў, у эпоху, калі ў большасці народаў Еўропы актыўна ішлі нацыятворчыя працэсы, нанесла фармаванню беларускай нацыянальнай свядомасці і беларускамоўнай творчасці, наступствы якой адчуваюцца дагэтуль. Малалікія энтузіясты беларускамоўнай культуры, большасць якіх разглядала яе як факультатыўны дадатак да польскай, не змаглі выпрацаваць адэкватных контр-захадаў — у адрозненне ад літоўцаў і, ў меншай ступені, украінцаў.

Крыніцы

Катэгорыя:Рэпрэсіі ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Цэнзура ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Русіфікацыя Катэгорыя:Гісторыя беларускай мовы