Паверхнева-актыўныя рэчывы — рэчывы, адсорбцыя якіх на паверхні падзелу фаз значна зніжае паверхневае нацяжэнне. Паверхнева-актыўнымі рэчывамі з’яўляюцца арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць дыфільную будову, уключаюць палярныя (гідрафільныя) групы (OH, COOH, NH2 і інш.), што забяспечвае растваральнасць паверхнева-актыўных рэчываў у вадзе, і непалярныя вуглевадародныя радыкалы CnH2n+1, дзе n = 6—20.
Паводле стану ў растворы паверхнева-актыўныя рэчывы падзяляюць на сапраўды растваральныя (малекулярна-дыспергаваныя) і калоідныя (мылы, алкілфасфаты, аліфатычныя аміны, алкілсульфаты), якія акрамя паверхневай актыўнасці праяўляюць аб’ёмныя ўласцівасці, абумоўленыя ўтварэннем калоіднай (міцэлярнай) фазы. Адрозніваюць паверхнева-актыўныя рэчывы іанагенныя, якія ў растворы дысацыіруюць на іоны і паводле віду іонаў, што вызначаюць паверхневую актыўнасць, падзяляюцца на аніёна- і катыёнаактыўныя; неіанагенныя, якія на іоны не дысацыіруюць; амфатэрныя, якія з’яўляюцца катыёна- ці аніёнаактыўнымі ў залежнасці ад pH раствору. Выкарыстанне паверхнева-актыўных рэчываў заснавана на іх здольнасці мяняць змочванне паверхні цвёрдых цел і ўстойлівасць дысперсных сістэм. Выкарыстоўваюць у вытворчасці мыйных сродкаў і касметыкі (каля 50 % вырабленых паверхнева-актыўных рэчываў), як дыспергатары пры драбненні цвёрдых цел і бурэнні цвёрдых парод, у вытворсасці тканін і хімічных валокнаў, пры флатацыйным абагачэнні руды (для рэгулявання змочвання мінералаў), атрыманні змазак, фарміраванні пен і эмульсій, перапрацоўцы палімерных матэрыялаў, для рэгулявання ўласцівасцей бетонных сумесей і інш. Літаратура
Катэгорыя:Калоідная хімія