О́рдэн Нябе́снай Апяку́нкі Белару́сі — трэцяя па значнасці і адзіная пераважна жаночая ўзнагарода ў сістэме Нацыянальных узнагарод Беларусі, распрацаванай Геральдычнай радай «Пагоня» ў 2022—2025 гадах. Прызначана для адзначэння беларускіх жанчын за гераічныя ўчынкі, здзейсненыя з рызыкай для жыцця і здароўя дзеля абароны правоў чалавека, дэмакратыі і незалежнасці Беларусі.
Статут і парадак узнагароджання Ордэн заснаваны для ўшанавання жанчын, якія значна і выключна спрычыніліся да змагання за правы і свабоды чалавека, адстойвалі нацыянальныя інтарэсы (у тым ліку са зброяй у руках), а таксама паспрыялі славе і прэстыжу краіны на міжнароднай арэне. Дапускаецца пасмяротнае ўзнагароджанне.
Узнагароджвацца Ордэнам могуць таксама і мужчыны, якія маюць хаця б адзін з нацыянальных баявых або цывільных крыжоў (напрыклад, Крыж Змагання Тадэвуша Касцюшкі, Партызанскі народны крыж, Крыж Свабоды і інш.). Мужчыны атрымліваюць званне рыцара Ордэна. Замежныя грамадзянкі могуць атрымаць Ордэн за выключныя заслугі перад беларускім народам пры ўмове, што яны ўжо маюць Крыж Добрасуседства.
Знакі Ордэна носяцца без дэманстрацыі іншых узнагарод на фраках, касцюмах або парадных мундзірах. Ордэнская зорка носіцца на левым баку грудзей, а крыж мацуецца на ордэнскім ланцугу або праз плячо на стужцы белага колеру з блакітнымі палоскамі.
Арганізацыйная структура Усе ўзнагароджаныя жанчыны ўтвараюць Згуртаванне дам Ордэна, агульная колькасць якіх не павінна перавышаць 100 асоб. Сярод іх галоўных абавязкаў: служэнне дапамогай пры шпіталях і турмах, міласэрнасць да хворых і ўбогіх, малітва за нацыю і памерлых кавалераў Ордэна.
На чале Згуртавання стаіць Спадарыня пратэктарка, якая абіраецца з ліку дам на сем гадоў (з правам аднаго перавыбрання). Яе ўрачыстым знакам з'яўляецца залаты ланцуг з ордэнскай зоркай. Кіраўніцтва справамі ажыццяўляе Капітула, куды ўваходзяць Спадарыня пратэктарка, канцлерка, скарбніца, суддзя і сакратарка.
Мужчыны (рыцары Ордэна), ліміт якіх таксама складае 100 асоб, не ўваходзяць у Капітулу. Яны ўтвараюць Гвардыю аховы на чале са Стражнікам, якога абіраюць на сваім сходзе.
Апісанне і семантыка Ордэнскі комплекс уключае зорку, крыж, ланцуг і стужку праз плячо. Матэрыяламі для вырабу служаць золата 999-й пробы, срэбра 925-й пробы і дыяменты.
Зорка Ордэна (памер 85×85 мм) — васьміканцовая, рыфленая, серабрыстага колеру. У яе цэнтры змешчаны ордэнскі крыж.
Крыж Ордэна (37×37 мм) уяўляе сабой чатырохканцовы залаты лапчата-вырубны крыж мальтыйскага тыпу, пакрыты белай эмаллю, з залатымі шарыкамі на канцах. У цэнтры знаходзіцца залаты авальны шчыт з рэльефнай выявай Багародзіцы з Дзіцём Ісусам у сонечных прамянях. Авал мае белую эмалевую кайму з лацінскім дэвізам «INGENTIBUS AUSIS QUO VIS MONSTRAT ITER» (у перакладзе: «Ён паказвае шлях да вялікіх здзяйсненняў»). Паміж канцамі крыжа змешчаны залатыя выявы герба «Пагоня» ў выглядзе вершнікаў з шаблямі, якія стылізаваны пад лёгкую кавалерыю Вялікага Княства Літоўскага XVII стагоддзя.
Залаты ланцуг Ордэна (даўжыня да 80 мм) складаецца з 40 звёнаў, якія чаргуюцца: 20 васьміканцовых зорак, 10 геральдычных лілей і 10 палаючых сэрцаў. Да ланцуга крыж мацуецца праз залатую княжацкую мітру. Стужка Ордэна белая з блакітнымі палоскамі.
У аснове візуальнай задумы Ордэна ляжыць нерэалізаваны праект хатняга ордэна Яніны, распрацаваны каралём польскім і вялікім князем літоўскім Янам ІІІ Сабескім у канцы XVII стагоддзя. Адзіны вядомы экзэмпляр гэтага знака паходзіць са скарбніцы Радзівілаў у Нясвіжы і сёння захоўваецца ў Каралеўскім замку ў Варшаве.
Іканаграфія Багародзіцы выступае сімвалам Радзімы-маці і Нябеснай Апякункі Беларусі для ўсіх хрысціянскіх канфесій. Чатыры выявы «Пагоні» ўказваюць на чатыры бакі свету. Зорка ў хрысціянскай традыцыі азначае Бога і неба, лілея — чысціню і шляхетнасць Панны Марыі, а палаючае сэрца — яе гарачую любоў і міласэрнасць да людзей. Бела-блакітныя колеры стужкі з'яўляюцца традыцыйнымі геральдычнымі колерамі Багародзіцы.
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Ордэны Беларусі Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі