Крыж Ахвя́рнасці Эмі́ліі Плятэ́р — вайсковая ўзнагарода ў сістэме Нацыянальных узнагарод Беларусі, распрацаванай Геральдычнай радай «Пагоня». Прызначана для адзначэння вайскоўцаў за асабістую адвагу і самаахвярнасць, праяўленыя ў баявых умовах. Заснавана 8 жніўня 2024 года пастановай Часовай вайсковай камісіі Беларускай вызвольнай арміі (БВА).
Статут і парадак узнагароджання Крыж з'яўляецца выключна вайсковай адзнакай. Згодна са статутам, ім узнагароджваюцца асобы за асаблівую адвагу і самаахвярнасць, якія былі праяўлены ў баявых умовах, звязаных з рызыкай для жыцця. Сярод падстаў для ўручэння ўзнагароды значацца выратаванне жыцця іншых ваяроў і выкананне асабліва важных вайсковых задач, пры наяўнасці медалёў за асабістую адвагу.
Узнагарода можа надавацца пасмяротна. Таксама прадугледжана магчымасць уручэння крыжа замежным грамадзянам. Крыж надаецца адной і той жа асобе толькі адзін раз, а пры паўторным здзяйсненні падобнага ўчынку ўзнагароджаны атрымлівае права на намінацыю на больш высокія ўзнагароды, у тым ліку на тытул кавалера або дамы вышэйшых нацыянальных ордэнаў.
Крыж носіцца на левым баку грудзей вайсковага мундзіра або цывільнай вопраткі. У агульнай іерархіі ён размяшчаецца пасля ордэнаў, але перад іншымі цывільнымі крыжамі. Як і ўсе адзнакі нацыянальнай сістэмы, крыж выдаецца бясплатна разам з адпаведным сертыфікатам, аднак можа быць адабраны, калі ўзнагароджаны скампраметуе сябе ўчынкамі крымінальнага характару, пацверджанымі судом.
Апісанне і семантыка Крыж вырабляецца з мельхіёру і мае памеры 33 на 33 міліметры. Ён уяўляе сабой чатырохканцовы мальтыйскі крыж серабрыстага колеру, які пакрыты чырвонай эмаллю з невялікім водступам ад краю. У цэнтры знаходзіцца круг, пакрыты чорнай эмаллю, апраўлены серабрыстым лаўровым вянком. Унутры круга змешчаны рэльефны партрэт Эміліі Плятэр серабрыстага колеру, скіраваны ў правы бок. На адваротным баку ўзнагароды змешчаны лацінскі дэвіз «MELIOR MORS MACULA» («Лепш смерць, чым ганьба»), пад якім выбіты парадкавы нумар.
Узнагарода мацуецца праз вушка да вертыкальнай шасцікутнай калодкі (памер 50×28 мм) з трапецападобным серабрыстым нізам. На калодцы размешчана стужка чырвонага колеру з падвойнай аблямоўкай з чырвонай і чорнай палосак (па 2 мм).
Візуальная канцэпцыя ўзнагароды набліжана да гістарычнага праекта ордэна Бязгрэшнага зачацця Панны Марыі, які планаваў увесці кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян ІІІ Сабескі ў 1674—1696 гадах. Выява ўзброенай Эміліі Плятэр у лаўровым вянку з'яўляецца прамой адсылкай да падзей вызвольнага паўстання 1830–1831 гадоў, у якім маладая графіня брала актыўны ўдзел. Гэтае спалучэнне сімвалізуе не толькі пераемнасць беларускай дзяржаўніцкай і вайсковай традыцыі, але і непарыўнасць змагання за свабоду і незалежнасць, яскравым прыкладам чаго стала ахвярная смерць Эміліі Плятэр.
Лацінскі надпіс «MELIOR MORS MACULA» з'яўляецца аўтэнтычным дэвізам графскага роду Плятэраў. Чырвоны і чорны колеры стужкі і фону партрэта падкрэсліваюць гераічны шлях дзяўчыны ў змаганні за свабоду Айчыны, цяжкія выпрабаванні вайсковага побыту і яе заўчасную смерць. Адначасова гэтыя колеры з'яўляюцца гербавымі колерамі роду Плятэраў і традыцыйна сімвалізуюць ахвярнасць, пагарду да смерці і гераізм.
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі Катэгорыя:Крыжы (ўзнагароды) Катэгорыя:З’явіліся ў 2024 годзе Катэгорыя:Эмілія Плятэр