Павел Уладзіміравіч Мар’еўскі () — беларускі палітолаг, грамадскі і палітычны дзеяч, былы добраахвотнік палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным Марык, адзін з заснавальнікаў і кіраўнік дабрачыннага фонду «Асацыяцыя беларускіх ветэранаў». Дэлегат Каардынацыйнай рады Беларусі трэцяга і чацвёртага скліканняў ад фракцыі «Еўрапейскі выбар». У верасні 2025 года быў абраны другім віцэ-спікерам Каардынацыйнай рады трэцяга склікання.

Біяграфія

Раннія гады і грамадская дзейнасць Нарадзіўся ў Рэчыцы 26 лістапада 1989 года. Атрымаў адукацыю палітолага, аднак паводле спецыяльнасці не працаваў. Актыўна зацікавіўся палітыкай у 2017 годзе пасля прыняцця ў Беларусі «дэкрэта аб дармаедстве». У 2019 годзе пазнаёміўся з Сяргеем Ціханоўскім, а падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года стаў валанцёрам яго каманды. Уваходзіў у канстытуцыйную камісію, якая займалася падрыхтоўкай праекта Канстытуцыі «Новай Беларусі», удзельнічаў у паездках па краіне і правядзенні лекцый для актывістаў. У 2021 годзе, пасля таго як супрацоўнікі КДБ прыйшлі ў дом, дзе жыла каманда актывістаў, Мар’еўскі выехаў у Маскву. У сувязі з палітычным пераследам у польскім пасольстве ён атрымаў візу і пераехаў у Польшчу.

Удзел у расійска-ўкраінскай вайне Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Мар’еўскі вырашыў далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў. Першая спроба перасекчы ўкраінскую мяжу скончылася адмовай з боку памежнікаў. Пасля звароту да прадстаўнікоў палка «Азоў» яго накіравалі ў тады яшчэ батальён імя Кастуся Каліноўскага. Раней Мар’еўскі не служыў у беларускім войску і не меў вайсковага досведу. У складзе падраздзялення ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на Кіеўшчыне, у тым ліку ў раёне Бучы. Выкарыстоўваў пазыўны «Марык».

Летам 2022 года дэмабілізаваўся. Паводле Мар’еўскага, на гэтае рашэнне паўплывалі гібель яго камандзіра Паўла «Волата» Суслава і пачатак унутраных перафармаванняў у палку. Пасля вяртання да мірнага жыцця праходзіў псіхалагічную рэабілітацыю праз панічныя атакі і праблемы з адаптацыяй.

Асацыяцыя беларускіх ветэранаў У 2022 годзе Мар’еўскі разам з іншымі былымі беларускімі добраахвотнікамі ўдзельнічаў у стварэнні Асацыяцыі беларускіх ветэранаў. Арганізацыя была заснаваная ветэранамі розных беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны. Яе мэтамі сталі медыцынская, псіхалагічная, прававая і матэрыяльная дапамога былым добраахвотнікам, а таксама падтрымка сем’яў параненых і загінулых. У снежні 2024 года на сустрэчы з віцэ-спікерам Сената Польшчы Міхалам Каміньскім Мар’еўскі заявіў, што ў Польшчы знаходзіцца каля 350 былых беларускіх добраахвотнікаў. На сустрэчы абмяркоўваліся іх легалізацыя і сацыяльная падтрымка.

Каардынацыйная рада На выбарах у Каардынацыйную раду ў 2024 годзе Мар’еўскі балатаваўся пад восьмым нумарам у складзе спіса «Еўрапейскі выбар». Спіс атрымаў 605 галасоў і 8 мандатаў, у выніку чаго Мар’еўскі стаў дэлегатам Каардынацыйнай рады трэцяга склікання. У ліпені 2025 года ўвайшоў у камісію Каардынацыйнай рады па вайсковым кірунку. Камісія разглядала, сярод іншага, магчымасць стварэння беларускіх вайсковых падраздзяленняў у складзе ўзброеных сіл замежных дзяржаў. 25 верасня 2025 года быў абраны другім віцэ-спікерам КР. Мар’еўскі быў адзіным кандыдатам на пасаду: за яго прагаласавалі 44 дэлегаты, 7 выступілі супраць, адзін устрымаўся.

На выбарах у Каардынацыйную раду ў 2026 годзе зноў балатаваўся ад «Еўрапейскага выбару» і быў абраны дэлегатам чацвёртага склікання. У ліпені 2026 года вылучаўся на пасады першага і другога віцэ-спікера рады. На выбарах першага віцэ-спікера атрымаў 6 галасоў і саступіў Анатолю Міхнаўцу. У другім туры выбараў другога віцэ-спікера Мар’еўскі атрымаў 35 галасоў, але саступіў прадстаўніку фракцыі «Наступ» Яўгену Андрэйчыку, які атрымаў 44 галасы.

Пераслед У 2025 годзе па запыце беларускіх уладаў Мар’еўскі быў унесены ў базу вышуку МУС Расіі.

У ліпені 2023 года лагатып Асацыяцыі беларускіх ветэранаў быў унесены беларускімі ўладамі ў рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Крыніцы

Катэгорыя:Полк Каліноўскага Катэгорыя:Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны