Тадэ́вуш Міці́нскі (; , Лодзь — люты 1918, пад Чачэрскам ці Чэрыкавам) — польскі паэт, драматург, празаік, публіцыст і перакладчык. Прадстаўнік літаратурнага кірунку «Маладая Польшча». Аўтар містычных раманаў, паэм прозай і кантэмпляцыйных вершаў. Адзін з вядучых пісьменнікаў польскага экспрэсіянізму, папярэднік сюррэалізму.
Біяграфія Раннія гады і адукацыя Нарадзіўся ў сям’і Рудольфа і Ванды з Прускіх. Навучаўся ў V гімназіі ў Варшаве. У 1893—1895 гадах вывучаў гісторыю і філасофію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Пазней працягнуў адукацыю ў Лейпцыгу і Берліне, дзе пазнаёміўся са Станіславам Пшыбышэўскім. У студэнцкія гады захапіўся акультызмам, сатанізмам і кнігамі таемных ведаў. З’яўляўся членам Варшаўскага тэасофскага таварыства. У 1897—1898 гадах падарожнічаў па Іспаніі, дзе глыбока зацікавіўся іспанскай містыкай, жывапісам Франсіска Гоі і драматычнай паэзіяй Педра Кальдэрона дэ ла Баркі.
Быў блізкім сябрам Станіслава Ігнацы Віткевіча і кампазітара Караля Шыманоўскага. У 1910—1913 гадах жыў у раёне Хелерау ў Дрэздэне, дзе пазнаёміўся з мясцовым тэатральным авангардам. У жніўні 1912 года ўдзельнічаў у з’ездзе ў Закапанэ, на якім быў створаны Польскі ваенны скарб (). У 1913 годзе працаваў карэспандэнтам тыднёвіка «Świat» у Сафіі падчас адной з Балканскіх войнаў.
Першая сусветная вайна і знаходжанне ў Расіі Т. Міцінскі прымаў удзел у Першай сусветнай вайне, шмат падарожнічаў. Ён займаў выразную антыгерманскую і праенную пазіцыю. Ад жніўня 1915 года знаходзіўся ў Расіі, куды эвакуіраваўся з Варшавы перад наступам нямецкіх войскаў. Хутка пасля заснавання ў верасні 1915 года тыднёвіка «Рэха Польскае» (звязанага з Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыяй і Аляксандрам Лядніцкім) стаў яго публіцыстам. Таксама супрацоўнічаў з літаратурным аддзелам «Газеты Польскай» — галоўнага выдання Нацыянальнай дэмакратыі ў Расіі. У 1916 годзе жыў у Маскве, дзе апублікаваў серыю тэкстаў на старонках штодзённіка «Утро России», органа праеннай Прагрэсіўнай партыі. Падтрымліваў сяброўскія адносіны з рускім паэтам Канстанцінам Бальмонтам, удзельнічаў у працы Маскоўскага рэлігійна-філасофскага таварыства (яго выступленне згадваў Вячаслаў Іваноў у эсэ «Польскі месіянізм як жывая сіла»). У сваіх тэкстах паказваў ЗША як рэалізацыю ідэі свабоды, за якую, на яго думку, і павінна была ісці вайна.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі заставаўся палітычна актыўным. У 1917 годзе падчас святкавання гадавіны Канстытуцыі 3 мая ў Саюзе ваенных палякаў выступіў з рэфератам, у якім супрацьпаставіў марксісцкай барацьбе класаў ідэю салідарызму. Улетку 1917 года, падчас путчу Карнілава, быў карэспандэнтам выдання «Polskie Siły Zbrojne» пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, а яго панэгірычны артыкул пра генерала Лаўра Карнілава выклікаў падазрэнні ва ўдзеле Галоўнага польскага ваеннага камітэта (Нацполя) ў спробе звяржэння Часовага ўрада і сустрэў рэзкі адказ Фелікса Дзяржынскага на старонках газеты «Трыбуна». У жніўні 1917 года ўдзельнічаў у палітычным з’ездзе, арганізаваным у Маскве Польскім нацыянальным камітэтам, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі выступаў лектарам мясцовага Нацыянальнага клуба.
З сярэдзіны 1917 года браў удзел у фарміраванні І-га Польскага корпуса пад камандаваннем генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага ў якасці афіцэра па асвеце і прапагандзе. Наведваў падраздзяленні, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі і Украіны, у прыватнасці ў раёне Кіева, Быхава і Магілёва.
Сям'я Яго сынам быў Яраслаў Тадэвуш Міцінскі (1898–1971), рэжысёр і мастацкі кіраўнік, працаўнік тэатра «Рэдута», а пляменнікам — эсэіст Баляслаў Міцінскі (1911–1943).
Абставіны смерці У лютым 1918 года Міцінскі разам з жонкай, дачкой і сынам выехаў праз Смаленск у Польшчу. Ён знік без вестак пры нявысветленых абставінах падчас знаходжання ў сваёй сваячкі Марыі Дорн-Бараноўскай на Беларусі.
5 жніўня 1925 года ў газеце «Kurier Warszawski» быў апублікаваны артыкул Станіслава Струмпф-Вайткевіча, у якім падаваліся дзве розныя рэляцыі смерці пісьменніка. Яны не ва ўсім супадалі, але часткова дапаўнялі адна адну. Першая версія: расказана Баляславам Ц., які сам звярнуўся ў рэдакцыю, выконваючы «апошнюю волю памерлага». Падчас вайны Баляслаў Ц. знайшоў прытулак у маёнтку Выдранка, які належаў баранэсе Дорн і знаходзіўся на мяжы Магілёўскай, Віцебскай і Чарнігаўскай губерняў. Міцінскі дапамагаў хворай баранэсе да самай яе смерці ў Чэрыкаве і арганізаваў пахаванне. З-за пагрозы ён разам з Баляславам Ц. уцёк, перайшоўшы раку Сож. Падчас уцёкаў ён перадаў спадарожніку свае вершы, пасля чаго пайшоў адзін і трапіў на бальшавіцкі патруль на лузе каля Чачэрска. З яго сарвалі вопратку, але ён адмовіўся аддаваць рукапіс паэмы. Гэта раззлавала салдат, і яны забілі яго прыкладамі зброі. Мясцовыя католікі пахавалі яго з удзелам ксяндза. Другая версія: паходзіла ад Зоф’і Хруцкай. Паводле яе слоў, Міцінскія выехалі з Масквы і даведаліся ў дарозе пра паміраючую сваячку. Міцінскі паехаў у Чэрыкаў, а яго сям'я — у Гомель. У 1923 годзе Хруцкая наведала месца яго смерці і сустрэлася з людзьмі, якія яго хавалі. Паводле іх версіі, у Чачэрску Міцінскі папрасіў у бальшавіцкіх уладаў коней, каб дабрацца да станцыі Буда-Кашалёўская. Транспарт яму далі мясцовыя браты-злачынцы, якія забілі яго з мэтай рабавання. Цела было знойдзена на беразе ракі Чачоры. Ён быў пахаваны на каталіцкіх могілках у паселішчы Малыя Малынічы (у арыгінале Малыя Матынічы, але такога населенага пункта не існавала) пад Чачэрскам. Крыж і таблічку з імем бальшавікі знішчалі тройчы.
Таксама ў 1922 годзе пісьменніца Ганна Загорская сцвярджала, што Міцінскі спрабаваў супакоіць сялян, якія агрэсіўна блакавалі пахаванне баранэсы ў Чэрыкаве. Пасля таго, як ён выехаў конна ў бок Рагачова, на яго напалі бандыты і забілі.
У наступныя гады ў Польшчы хадзілі чуткі, што ён нібыта выжыў і кінуў сям'ю. Аднак пазней у ІІ Рэчы Паспалітай пра яго пісалі выключна як пра афіцэра ўсходняга корпуса, забітага бальшавікамі. Магіла ў Малых Малынічах, як адзначаў беларускі літаратуразнавец А. Лойка, з'яўляецца важным месцам памяці ў кантэксце беларуска-польскага літаратурнага памежжа.
Творчасць і светапогляд Герметычная і цяжкая для ўспрымання проза Міцінскага грунтавалася на «аб'яўленай праўдзе». Аўтар выказваў у ёй ідэі гнозісу і фаталізму, а таксама погляд, што толькі выбраным адзінкам (звышчалавеку) дадзена мець душу і вечнае жыццё. Міцінскі быў праціўнікам тэорыі выпадковасці: ён лічыў, што свет і ўсе яго элементы існуюць з неабходнасці, хоць яны і непасціжныя да канца. Разам з тым ён абвяшчаў прымат разумнага, навуковага вывучэння таемных ведаў («магаў Індыі», «зорказнаўцаў Халдэі») над верай.
Міцінскі, як і Станіслаў Выспянскі, быў працягвальнікам паэтычнага містэрыйнага тэатра. Яго часта лічаць папярэднікам сюррэалізму або чыстым экспрэсіяністам. Ён распрацаваў уласную двухпланавую драматычную форму, дзе рэальная драма пераплятаецца з драмай палітычных і гісторыясофскіх ідэй у містэрыйным, алегарычным вымярэнні. Напісаў некалькі п'ес, у якіх спалучаюцца ідэі філасофіі гісторыі з тагачаснымі тэхнікамі сучасных медыя (фільма, праекцыі).
Аўтар таксама разглядаў тэму сатанізму. Абапіраючыся на сярэднявечных гностыкаў, ён сцвярджаў, што зямны свет стварыў не Бог, а Сатана, з мэтай стварэння карыкатуры на Неба (традыцыйныя сімвалы сатанізму, такія як казёл ці перакулены крыж, з'яўляюцца карыкатурамі на хрысціянскія святыні). Адшукваючы аналогіі ў літаратурных біяграфіях, ён сцвярджаў, што Ісус Хрыстос, Люцыфер і Фенікс — гэта тры імі адной і той жа істоты.
У рамане «Xiądz Faust» (Ксёндз Фаўст) аўтар стварыў адзін з нямногіх у літаратуры «Маладой Польшчы» прыкладаў, дзе паслядоўнікі Антыхрыста здольныя пабудаваць дзеючае і арганізаванае грамадства, знаходзячы шчасце ў граху і вызваляючыся ад суровых законаў Бога. Міцінскі паказаў так званае «царства смерці», што было своеасаблівай варыяцыяй на тэму тагачаснага капіталізму.
Міцінскі быў залучаны ў стварэнне праекта «Кодэкса Яснай Гары», які павінен быў стаць асновай для свецкага Ордэна Сонечных Братоў. Хоць сам ён не быў іх прыхільнікам (крытыка падобных арганізацый ёсць у яго рамане «Nietota»), гэтыя ідэі знайшлі адлюстраванне ў яго творчасці. Ён таксама пісаў тэксты, звязаныя з польскім народам, у якіх разглядаў філасофію генезісу Юліуша Славацкага. Выказваў прыхільнасць да панславізму і антыгерманізму. Перакладаў творы Румі, Святой Тэрэзы Авільскай і армянскіх паэтаў. Яго апошнім вядомым празаічным творам з'яўляецца неапублікаваная навела з антыбальшавіцкім зместам пад назвай «Król Duch» (снежань 1917), дзе апісваецца аблога польскага маёнтка ўзбунтаванымі сялянамі.
Уплыў і адлюстраванне ў мастацтве Яшчэ пры жыцці Міцінскага ахутвала легенда «паэта-мага». Станіслаў Выспянскі ў сатырычнай форме вывеў яго ў драме «Вызваленне» (вобразы Самотніка і Маскі V). Станіслаў Ігнацы Віткевіч адлюстраваў яго ў рамане «622 падзенні Бунга» (як мага Хільдэрыка), а таксама прысвяціў яму свой раман «Ненасытнасць».
Творы Міцінскага неаднаразова станавіліся асновай для музычных кампазіцый: У 1904 годзе Кароль Шыманоўскі напісаў «Чатыры песні» op. 11 на вершы з паэмы Міцінскага «Карсар»; твор быў прысвечаны паэту. У 1909 годзе Шыманоўскі стварыў «Песні» op. 20 на шэсць фрагментаў са зборніка «У змроку зорак» («W mroku gwiazd»), а партытуру сваёй Уверцюры E-dur op. 12 ён суправадзіў уступам з паэмы «Віцязь Уласт». Людамір Ружыцкі напісаў «Восем песень на словы Тадэвуша Міцінскага» op. 9 (1904) і «Шэсць песень...» op. 16 (1906). Кампазітар Рыгор Фітэльберг напісаў песню на верш «O nocy cicha, nocy błękitna…» (твор лічыцца згубленым).
Ацэнкі сучаснікаў і даследчыкаў Яшчэ пры жыцці Т. Міцінскі быў названы Юзафам Катарбінскім «найбольш загадкавым з сучасных паэтаў» (1907), а Янам Ларэнтовічам — «адным з самых аўтэнтычных польскіх паэтаў» (1915).
У масавай культуры 9 лістапада 2013 года ў Варшаве, да 140-годдзя пісьменніка, была заснавана Экспрэсіяністычная прэмія «Фенікс» імя Тадэвуша Міцінскага. Творчасцю паэта натхняўся Раман Кастшэўскі — вакаліст і аўтар тэкстаў хэві-метал-гурта «Kat». Вершы Міцінскага неаднаразова аранжыраваліся сучаснымі музыкамі: «Twoja postać» (альбом Марэка Грахуты 1970 г. і Гжэгажа Турнау 2006 г.). «Purpurowe ciepłe słońce» і «Izis» выконвала Эва Дэмарчык. «Lucifer» (альбом «Evangelion» гурта Behemoth). «Delirium Tremens» (гурт «Kat»). «Lucifer», «Kain», «Witeź Włast» (праект «Nirnaeth»). «Droga Mleczna», «Ananke» ды іншыя (гурт «Radogost»). Творы Міцінскага таксама выкарыстоўвалі гурты «Lux Occulta», «Śmiałek», польскі дэз-метал-гурт «Sickroom».
Бібліяграфія «Łazarze» (1896) — паэма. «Nauczycielka» (1896) — навела. «W mroku gwiazd» (1902) — зборнік паэзіі. «Noc rabinowa» (1904) — драма. «Kniaź Patiomkin» (1906) — драма. «Do źródeł duszy polskiej» (1906) — зборнік публіцыстыкі. «Wrogowie duchów» (1907) — драма. «Życie nowe» (1907) — паэма. «W mrokach złotego pałacu, czyli Bazylissa Teofanu» (1909) — драма. «Nietota. Księga tajemna Tatr» (1910) — раман. «Walka o Chrystusa» (1911) — зборнік публіцыстыкі. «Dęby czarnobylskie» (1911) — зборнік апавяданняў. «Xiądz Faust» (1913) — аповесць. «Widmo Wallenroda» (1914) — паэма. «Nowy Konrad Wallenrod» (1915) — паэма. «Wita» (1926) — аповесць. «Niedokonany» (1931) — паэма (выдадзена пасмяротна). «Termopile polskie» — драма (нескончаная, прэм'ера адбылася ў 1970 г.).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1873 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1918 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Лодзі Катэгорыя:Памерлі ў Чачэрскім раёне Катэгорыя:Выпускнікі Ягелонскага ўніверсітэта Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы XX стагоддзя Катэгорыя:Паэты Польшчы XX стагоддзя Катэгорыя:Драматургі Польшчы Катэгорыя:Перакладчыкі Польшчы Катэгорыя:Ахвяры забойстваў