Станіслава Гліннік () — беларуская грамадская і палітычная дзеячка, сузаснавальніца Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве. Дэлегатка Каардынацыйнай рады Беларусі трэцяга склікання, яе віцэ-спікерка ў 2024—2025 гадах і выканаўца абавязкаў спікеркі ў 2025 годзе. Намесніца дырэктара Офіса Святланы Ціханоўскай. Унучка першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча.

Біяграфія

Раннія гады і адукацыя Нарадзілася ў 1994 годзе ў Мінску ў сям’і архітэктара і рэстаўратара Вадзіма Глінніка і кампазітаркі Алены Шушкевіч. Яе дзед па мацярынскай лініі гэта фізік і палітычны дзеяч Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1991—1994 гадах. Вучылася ў Ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2013 годзе пераехала ў Польшчу для атрымання адукацыі. Вучылася ў Варшаўскім універсітэце, а пазней у Варшаўскім універсітэце прыродазнаўчых навук.

Грамадская дзейнасць Да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года удзельнічала ў арганізацыі акцый беларускай дыяспары ў Польшчы. У чэрвені 2020 года была адной з арганізатарак дэманстрацыі каля пасольства Беларусі ў Варшаве.

У 2020 годзе разам з Аляксандрам Лапко стала адной з заснавальніц Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве. Арганізацыя дапамагала беларусам, якія пераязджалі ў Польшчу, і ладзіла культурныя, адукацыйныя і грамадскія мерапрыемствы.

У маі 2021 года Гліннік і Бажэна Шамовіч распачалі галадоўку каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Варшаве. Яны патрабавалі ўзмацніць санкцыі Еўрапейскага саюза супраць беларускіх уладаў, вызваліць палітычных зняволеных і аказаць большую падтрымку беларускаму грамадзянскаму грамадству.

Працавала ў беларускіх грамадскіх арганізацыях, а пазней у сакратарыяце Каардынацыйнай рады. У канцы 2023 года стала асабістай памочніцай Святланы Ціханоўскай. Пазней заняла пасаду намесніцы дырэктара Офіса Святланы Ціханоўскай.

Каардынацыйная рада На выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання ў маі 2024 года балатавалася ад спіса «Еўрапейскі выбар». Спіс атрымаў 605 галасоў і восем мандатаў, адзін з якіх атрымала Гліннік.

11 ліпеня 2024 года была абраная віцэ-спікеркай Каардынацыйнай рады. Спікеркай стала прадстаўніца кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“» Анжаліка Мельнікава. Гліннік заяўляла, што адным з прыярытэтаў яе працы будзе набліжэнне Каардынацыйнай рады да патрэбаў беларусаў і змяненне стаўлення да рады як да закрытай палітычнай структуры.

Пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай у сакавіку 2025 года Гліннік пачала выконваць абавязкі спікеркі Каардынацыйнай рады. Яна ўдзельнічала ў высвятленні абставінаў знікнення Мельнікавай і інфармавала дэлегатаў пра магчымы доступ старонніх асоб да дакументаў рады. Гліннік адмовілася аўтаматычна займаць пасаду спікеркі і не стала вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах новага кіраўніка рады.

2 жніўня 2025 года абвясціла пра адстаўку з пасады віцэ-спікеркі. Сваё рашэнне патлумачыла павелічэннем нагрузкі ў Офісе Святланы Ціханоўскай. Спікер рады Арцём Брухан заявіў, што падчас крызісу, выкліканага знікненнем Мельнікавай, Гліннік дапамагла захаваць працаздольнасць Каардынацыйнай рады.

Пераслед у Беларусі 21 мая 2024 года Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра распачынанне крымінальных спраў у дачыненні да ўсіх удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду, у тым ліку да Станіславы Гліннік.

Крыніцы

Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Беларусі