Намейс (Nameise, Nameyxe) або Намейсіс — адзін з водцаў (нобіляў) земгалаў у 1272—1281 гадах.
Згаданы толькі ў дзвюх крыніцах — Лівонскай старэйшай рыфмаванай хроніцы (ЛСРХ) і Пратаколе расследавання легета Папы Клемента V ў сувязі са скаргай рыжскага архібіскупа Фрыдрыха на Лівонскі ланд Тэўтонскага ордэна ў 1311 годзе. ЛСРХ называе Намейса князем (kunic) і ваяводам, Пратакол — каралём або уладаром (rex sive dominus), а яго дзяржаву — Земгаліяй (Semigalia).
Намейс быў адным з «зямельных старэйшын», якія 6 ліпеня 1272 года ад імя Земгаліі заключылі мір з Лівонскім ландам Ордэна і рыжскім архібіскупам. Паводле ўмоў міру, нямецкія суддзі тройчы на год прыходзілі ў земгальскія землі збіраць падаткі і чыніць суд. Штрафы былі вызначаны ў срэбры, нямецкіх суддзяў неўзабаве ўзненавідзелі за карыслівасць. Паводле ЛСРХ, каля 1279 года нейкі ордэнскі рыцар (магчыма, з Тэрвэтэ) даў поўху Намейсу і яго асабіста крыўда прычынілася да паўстання. Паўстанне пачалося пасля цяжкага паражэння Ордэна ад войскаў вялікага князя літоўскага Трайдзеня ў бітве пад Ашэрадэнам. Намейс заключыў саюз з Трайдзенем і вясной 1279 года знянацку ўзяў горад Тэрвэтэ, а пасля некалькіх дзён баёў — і крыжацкі замак у ім. Вінаватага (суддзю, комтура, крыўдзіцеля Намейса?) пасеклі мячамі, а астатніх палонных рыцараў адправілі Трайдзеню. Тэрвэтэ стаў рэзідэнцыяй Намейса. Нямецкую ўладу скінулі і іншыя земгальскія землі, апроч Межотнэ, некаторыя даследчыкі думаюць, што Намейс тым часам кіраваў усімі паўсталымі земгальскімі землямі.
Лівонскі ланд Ордэна атрымаў падмацаванні з Прусіі і ўжо летам 1279 года спустошыў землі Тэрвэтэ і Добэлэ. Восенню-зімой 1279 года Намейс спрабаваў знянацку захапіць Рыгу, але папярэджаныя шпегамі ордэнскія сілы сустрэлі яго на Ліелупэ, земгалы перамаглі ў баі і ўзялі ў палон лівонскага ландмаршала, але Рыгу ўзяць не здолелі. На пачатку 1281 года немцы аднавілі наступ на Добэлэ, але адступілі пад пагрозай з боку Вялікага Княства Літоўскага. У жніўні 1281 года аб’яднанае нямецкае войска (у неімавернай ацэнцы каля 14 000 чалавек) пад камандаваннем ландмайстра з абложнымі машынамі атакавала Тэрвэтэ. На другі дзень аблогі Намейс пры пасярэдніцтве рыжскага пробста заключыў новы мір, тэкст пагаднення не захаваўся. Быццам, земгалы захоўвалі свае замкі, але, як і раней, абавязаліся плаціць падатак і прымаць нямецкіх суддзяў. Пасля гэтага Намейс з часткай дружыны пайшоў у Вялікае Княства Літоўскае, болей звестак пра яго у крыніцах няма.
Магчыма, Намейс мог камандаваць земгаламі ў войску ВКЛ падчас нападу на землі Ордэна ў Прусіі каля Хрыстбурга.
Земгалы зноў паўставалі, недзе ў 1280-я гады саноўнікі Ордэна запрасілі многіх земгальскіх нобіляў (водцаў) на пір для абмеркавання ўмоў новага міру і забілі іх, урэшце земгалы былі пераможаны, 12 мая 1290 года вымушана заключылі новы мір з Ордэнам. Каля дзесяці тысяч земгалаў перасяліліся ў Вялікае Княства Літоўскае, многія пераселены ў іншыя ўладанні Ордэна.
Вобраз Намейса як змагара за свабоду вывеў Аляксандрс Грынс у рамане «Nameja gredzens» (Пярцёнак Намея, 1931) і Эдвартс Вірза ў паэме «Karalis Nameitis» (Кароль Намейціс, 1925).
Гл. таксама
Пярсцёнак Намейса
Літаратура
Nameisis // Latvju enciklopēdija / red. A. Švābe. — Stokholma : Trīs zvaigznes, 1952—1953. — T. 2 : Kangari — Pieguļa. — L. 1760.
Катэгорыя:Земгале