Мікала́й Пятро́віч Но́вік (; , Чыжоўка, Слуцкі павет, Мінская губерня — , Масква) — савецкі дзеяч органаў дзяржаўнай бяспекі, генерал-маёр.

Біяграфія Нарадзіўся 14 сакавіка 1914 года ў вёсцы Чыжоўка Слуцкага павета Мінскай губерні ў сям’і селяніна-серадняка. Паводле нацыянальнасці беларус.

У 1930 годзе скончыў сямігадовую школу ў Слуцку. З жніўня 1930 года працаваў калгаснікам у калгасе «Свабодная праца» ў роднай вёсцы. У красавіку — кастрычніку 1932 года вучыўся на падрыхтоўчых курсах для паступлення ў сельскагаспадарчы інстытут у Горках. Пасля гэтага працаваў улікоўцам земляных работ асобага ваеннага будаўніцтва ў Навазыбкаве і Клімаве (Заходняя вобласць). У лютым 1933 года зноў вярнуўся ў калгас «Свабодная праца». З верасня 1934 года навучаўся ў мастацкім вучылішчы ў Віцебску.

Служба ў органах дзяржаўнай бяспекі Службу ў органах дзяржаўнай бяспекі распачаў у лютым 1937 года. Навучаўся ў Алма-Ацінскай міжкраёвай школе Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі (ГУДБ) НКУС, якую скончыў у снежні 1937 года. У студзені 1938 года быў накіраваны на працу ў 3-і (контрразведвальны) аддзел Упраўлення дзяржаўнай бяспекі НКУС Казахскай ССР, дзе паслядоўна займаў пасады памочніка оперупаўнаважанага, старшага оперупаўнаважанага, а з 1939 года — начальніка 1-га аддзялення. У верасні 1940 года стаў членам УКП(б).

У перыяд з 14 сакавіка да 6 жніўня 1941 года з’яўляўся начальнікам контрразведвальнага аддзела Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі Казахскай ССР, затым да мая 1943 года ўзначальваў аналагічны аддзел у НКУС Казахскай ССР. З мая 1943 года па 17 лютага 1944 года працаваў намеснікам начальніка 2-га аддзела НКДБ Казахскай ССР.

У 1944 годзе пераведзены ў Беларускую ССР. У лютым — маі 1944 года працаваў намеснікам начальніка 2-га ўпраўлення НКДБ Беларускай ССР у Гомелі, пасля чаго да кастрычніка выконваў абавязкі начальніка гэтага ўпраўлення. У лістападзе 1944 года прызначаны начальнікам 2-га аддзела УНКДБ (затым — УМДБ) Беларускай ССР па Бабруйскай вобласці, а з лістапада 1945 па чэрвень 1946 года быў намеснікам начальніка гэтага абласнога ўпраўлення.

З чэрвеня па кастрычнік 1946 года — намеснік начальніка 1-га ўпраўлення Міністэрства дзяржаўнай бяспекі БССР. У кастрычніку 1946 года ўзначаліў 2-е ўпраўленне МДБ БССР і знаходзіўся на гэтай пасадзе да студзеня 1948 года. У гэты перыяд пад прыкрыццём пасады саветніка дэлегацыі Беларускай ССР ездзіў у службовыя камандзіроўкі ў Парыж на Парыжскую мірную канферэнцыю і ў Нью-Ёрк на сесію Генеральнай Асамблеі ААН. З студзеня 1948 года па 7 чэрвеня 1949 года займаў пасаду намесніка міністра дзяржаўнай бяспекі Беларускай ССР.

Падчас працы на пасадзе намесніка міністра МДБ БССР браў удзел у следстве па справе беларускай паэткі Ларысы Геніюш, якую пасля арышту ў Празе ў 1948 годзе ўтрымлівалі ў мінскай турме МДБ («амерыканцы»). У сваёй аўтабіяграфічнай аповесці «Споведзь» Л. Геніюш згадвае М. П. Новіка як «міністра МДБ», які выкарыстоўваў падчас допытаў «метады дробнай подласці».

З 7 чэрвеня 1949 года па 3 лістапада 1951 года з’яўляўся начальнікам 4-га аддзела 5-га ўпраўлення МДБ СССР. З 3 лістапада 1951 па 30 ліпеня 1952 года быў намеснікам начальніка 2-га Галоўнага ўпраўлення МДБ СССР. Пасля гэтага да 5 сакавіка 1953 года працаваў намеснікам начальніка Упраўлення аховы МДБ. Паводле крыніц, планавалася яго прызначэнне начальнікам упраўлення. М. П. Новік кіраваў аховай І. В. Сталіна, аднак у дзень смерці савецкага лідара адсутнічаў на працоўным месцы, паколькі знаходзіўся ў бальніцы з прыступам гнойнага апендыцыту.

У 1953—1954 гадах быў намеснікам і выконваючым абавязкі начальніка 9-га (з 9 мая 1953 года — 5-га) аддзела Другога галоўнага ўпраўлення (ВГУ) МУС СССР. З 18 сакавіка па 16 ліпеня 1954 года выконваў абавязкі начальніка 5-га аддзела Першага галоўнага ўпраўлення (ПГУ) КДБ пры Савеце Міністраў СССР, а затым да жніўня 1958 года быў начальнікам 9-га аддзела ПГУ КДБ пры СМ СССР.

З лістапада 1958 года па верасень 1962 года з’яўляўся рэзідэнтам КДБ у Вене і дзейнічаў пад прыкрыццём пасады саветніка пасольства СССР у Аўстрыі. У кастрычніку 1962 года прызначаны начальнікам 3-га аддзела 2-га Галоўнага ўпраўлення КДБ пры СМ СССР, дзе прапрацаваў да ліпеня 1975 года. Апошняй пасадай у структурах дзяржбяспекі стала пасада намесніка начальніка Упраўлення «А» 2-га Галоўнага ўпраўлення КДБ СССР, якую ён займаў да 1987 года.

У 1987 годзе выйшаў на пенсію. Жыў у Маскве. Памёр 6 чэрвеня 2009 года.

Вайсковыя і спецыяльныя званні Сяржант дзяржаўнай бяспекі (19 лютага 1938); малодшы лейтэнант дзяржаўнай бяспекі (3 сакавіка 1940); старшы лейтэнант дзяржаўнай бяспекі (3 снежня 1941; атрымаў званне, мінуўшы званне лейтэнанта); маёр дзяржаўнай бяспекі (11 лютага 1943); падпалкоўнік дзяржаўнай бяспекі (4 кастрычніка 1944); палкоўнік (згадваецца на студзень 1948 года); генерал-маёр (18 снежня 1974).

Узнагароды Ордэн Чырвонага Сцяга (5 лістапада 1969); ордэн Айчыннай вайны I ступені (21 красавіка 1945); два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (30 снежня 1948, 10 снежня 1964); тры ордэны Чырвонай Зоркі (25 чэрвеня 1954, 26 жніўня 1954, 21 снежня 1957); ордэн «Знак Пашаны» (20 верасня 1943); нагрудны знак «Заслужаны работнік НКУС» (11 красавіка 1942); медалі.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі НОВИК Николай Петрович // История отечественных спецслужб и правоохранительных органов.

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Слуцкім павеце Катэгорыя:Памерлі ў Маскве Катэгорыя:Дзяржаўныя дзеячы СССР Катэгорыя:Супрацоўнікі КДБ СССР Катэгорыя:Супрацоўнікі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі БССР Катэгорыя:Генерал-маёры (СССР) Катэгорыя:Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга Катэгорыя:Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені Катэгорыя:Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Катэгорыя:Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі Катэгорыя:Кавалеры ордэна «Знак Пашаны» Катэгорыя:Нарадзіліся ў Слуцкім раёне