Васіль Іванавіч Сабольшчыкаў (рус. Василий Иванович Собольщиков, 13 (25) студзеня 1813, Віцебск - 19(31) кастрычніка 1872, Санкт-Пецярбург) — архітэктар, бібліятэкар Імператарскай Публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу, роданачальнік расійскага бібліятэказнаўства.Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X–XIX стст. : энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995. – С. 540.
Біяграфія Паходзіў са стараабрадніцкай сям'і. Бацька Сабольшчыкава трымаў у Віцебску краму самых разнастайных тавараў, падобную да невялікага базару.
Паступіў у Віцебскую гімназію, вучыўся там пяць гадоў з сямі і кінуў яе, не закончыўшы курсу. Стаў займацца разам з бацькам гандлем. У той жа час служыў пісарам у Віцебскім губернскім праўленні.
У 1830 годзе перайшоў на службу ў Санкт-Пецярбург, дзе стаў памочнікам стольнаначальніка ў канцылярыі рымска-каталіцкай духоўнай калегіі. Каб запоўніць прабелы ў адукацыі, пачаў самастойна вывучаць французскую і нямецкую мовы і чытаць кнігі навуковага зместу. Прасоўванне па службе прынесла Сабольшчыкаву ў 1833 годзе чын калежскага рэгістратара, а разам з ім — права выбіраць род далейшай службы, і, каб палегчыць доступ да кніг, ён пасля доўгіх намаганняў дамогся месца пісара ў канцылярыі Імператарскай публічнай бібліятэкі.
Сабольшчыкаў паступіў у Публічную бібліятэку 31 студзеня (12 лютага) 1834 года і служыў там аж да самай смерці пры чатырох яе дырэктарах: А. М. Аленіне, Д. П. Бутурліне, М. А. Корфе і І. Дз. Дзялянаве. За гэты час ён шмат зрабіў для бібліятэкі і наогул для развіцця бібліятэчнай справы ў Расійскай імперыі. Пачаўшы са службы ў канцылярыі, Сабольшчыкаў паслядоўна быў эканомам і скарбнікам, які адказваў за фінансавыя справы бібліятэкі, памочнікам бібліятэкара, старшым бібліятэкарам, загадчыкам аддзялення выяўленчых мастацтваў і тэхналогій, загадчыкам гаспадарчай і будаўнічай часткі бібліятэкі.
Яшчэ пры Аленіне, які, апроч службы ў Публічнай бібліятэцы, быў прэзідэнтам Імператарскай Акадэміі мастацтваў, Сабольшчыкаў стаў наведваць у якасці вольнаслухача маляўнічыя класы Акадэміі. Хутка ён прысвяціў сябе архітэктуры, якую вывучаў пад кіраўніцтвам прафесара Мейера. За выкананне пастаўленай яму Акадэміяй мастацтваў праграмы — «зрабіць праект публічнай бібліятэкі для губернскага горада» — Сабольшчыкаў атрымаў званне вольнага мастака архітэктуры; кіраўніцтва ж Публічнай бібліятэкі павысіла яго ў памочнікі бібліятэкара, а неўзабаве (1844) ён быў прызначаны архітэктарам Публічнай бібліятэкі. Дзейнасць Сабольшчыкава на карысць Імператарскай публічнай бібліятэкі асабліва шырока разгарнулася пры яе дырэктары графе Корфе. Паводле задумы графа Сабольшчыкаў арганізаваў пры Публічнай бібліятэцы спецыяльнае «аддзяленне іншамоўных пісьменнікаў пра Расію», якое пасля набыло вядомасць не толькі ў Расіі, але і за мяжой.
У 1859 годзе В. І. Сабольшчыкаў, паводле Найвышэйшага загаду, быў камандзіраваны ў Заходнюю Еўропу для агляду найбольш вядомых публічных бібліятэк, а пасля вяртання з гэтай паездкі яму даручылі будаўніцтва новай чытальнай залы Публічнай бібліятэкі, якая сваімі многімі вартасцямі стварыла Сабольшчыкаву шырокую архітэктурную вядомасць.
У 1860 годзе Васіль Іванавіч Сабольшчыкаў надрукаваў нарыс на рускай і французскай мовах «Агляд вялікіх бібліятэк Еўропы ў пачатку 1859 года», у якім выклаў найлепшы спосаб утрымання і каталагізацыі значных кнігасховішчаў і прапанаваў вельмі зручную сістэму, якая была прынята ў Публічнай бібліятэцы. У 1865 годзе Сабольшчыкаў выдаў брашуру «Печная майстэрства», дзе прапанаваў новыя канструкцыі печаў, мадэлі якіх былі высака адзначаны на сусветнай выставе ў Парыжы 1867. У 1870 годзе выдаў кнігу «Што трэба рабіць у дамах супраць холаду, сырасці і задухі?». У часопісах і газетах друкаваў нататкі, у якіх папулярызаваў архітэктурныя звесткі пра паляпшэнне зручнасці жылля ва ўмовах паўночнага клімату.
У кнізе, якая ў 1867 годзе была надрукавана на трыццаці мовах усяго ў адным экземпляры і паднесена барону Корфу з нагоды яго юбілею («Барону Модэсту Андрэевічу Корфу. У дзень пяцідзесяцігоддзя яго службы, 9 чэрвеня 1867 г.», СПб., 1867 г.), надрукавана артыкул Сабольшчыкава «Успаміны старога бібліятэкара», які жыва малюе пераўтварэнні Публічнай бібліятэкі пры бароне Корфе. У апошні час свайго жыцця служыў архітэктарам Публічнай бібліятэкі і захавальнікам аддзела выяўленчых мастацтваў.
Быў аўтарам першапачатковага праекта сабора Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі; пасля яго смерці будаўніцтва завяршалася пад кіраўніцтвам архітэктара Я. С. Варацілава.
Памёр 19 (31) кастрычніка 1872 года ў Пецярбургу, пахаваны на Шувалаўскіх могілках; там жа пахавана і Наталля Іванаўна Сабольшчыкава.
Літаратура
Голубева О. Д. В.И. Собольщиков. — СПб., 2001. — 200 с. — ISBN 5-8192-0099-3. Греков В. Собольщиков, Василий Иванович // Русский биографический словарь : в 25 томах. — СПб., 1909. — Т. 19: Смеловский — Суворина. — С. 40—41. Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. – Санкт-Пецярбург, 2009. – С. 59, 61. Сомов А. И. Собольщиков, Василий Иванович // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1900. — Т. XXXa. — С. 647—648.
Спасылкі
Крыніцы
Катэгорыя:Віцебская мужчынская гімназія Катэгорыя:Ганаровыя члены Імператарскай Акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Архітэктары паводле алфавіта Катэгорыя:Выпускнікі Віцебскай мужчынскай гімназіі Катэгорыя:Памерлі ў Санкт-Пецярбургу Катэгорыя:Памерлі ў 1872 годзе Катэгорыя:Памерлі 31 кастрычніка Катэгорыя:Нарадзіліся ў Віцебску Катэгорыя:Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікіданых Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1813 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 25 студзеня Катэгорыя:Вікіпедыя:Лакальны подпіс у выявы з Вікіданых