Яўгенія Канстанцінаўна Судзілоўская, у першым шлюбе Трафіменка, у другім — Валы́нская (1854, Магілёў —28 мая 1939) — рэвалюцыянерка-народніца. Сястра Мікалая Судзілоўскага.

Біяграфія Нарадзілася ў 1854 годзе ў Магілёўскай губерні. Дваранка. Яе бацька быў калежскім асэсарам і землеўладальнікам. Валодаў маёнткам Фастава ў Мсціслаўскім павеце (цяпер не існуе).

У 1870 годзе яна скончыла Магілёўскую гімназію і паступіла ў Калінкінскі павітальны інстытут у Пецярбургу. Па невядомай прычыне курсаў так і не скончыла. Пасля гэтага паехала ў Цюрых. У Цюрыху яна пазнаёмілася з Ф. Лермантавым. У 1873 годзе вярнулася і жыла ў Пецярбургу. Тут, у Пецярбургу, стала членам гуртка (бакунінскага), які ўзначальваў Ф. Лермантаў. Разам з Соф’яй Пяроўскай, Верай Фігнер і іншымі дзеячамі «Народнай волі» брала ўдзел у рэвалюцыйных акцыях.

Неўзабаве паехала ў сяло Сцяпанаўка (Гарадзішчанскі павет, Пензенская губерня) для прапаганды ідэй нарадавольцаў сярод сялян. Кантактавала з пензенскім рэвалюцыйным гуртком.

19 жніўня 1874 года была арыштавана ў сувязі са справай пензенскага рэвалюцыйнага гуртка. Амаль год (23.2.1875 — 8.1.1876) утрымлівалася ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Затым была пераведзена ў Дом папярэдняга зняволення. Аддадзена пад суд разам з іншымі нарадавольцамі на Працэсе ста дзевяноста трох. Падчас працэсу, больш за год (5.10.1876 — 11.10.1877), знаходзілася ў Петрапаўлаўскай крэпасці, а потым была зноў пераведзена ў Дом папярэдняга зняволення. Прысудам суда 23 студзеня 1878 года прызнана невінаватай.

Пасля апраўдання паехала ў бацькаў маёнтак. Спачатку знаходзілася пад галосным, а потым пад негалосным наглядам паліцыі. У снежні 1878 года выйшла замуж за А. А. Трафіменку, які быў урачом 1-га Кіеўскага ваеннага шпіталя. Пасля замужжа атрымала дазвол жыць у Кіеве ў мужа. Паехала разам з мужам у Трубчаўскі павет (Арлоўская губерня), калі яе муж атрымаў там у сакавіку 1879 года месца земскага ўрача. Пасля смерці мужа ў тым жа годзе зноў вярнулася ў бацькаў маёнтак. Ад нагляду паліцыі была вызвалена 26 кастрычніка 1892 года.

Увесь гэты час працавала ў нядзельных школах. Пасля 1905 года стала працаваць у Палітычным Чырвоным Крыжы. Выйшла другі раз замуж за Валынскага.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года знаходзілася ў Францыі.

У 1930 годзе стала пенсіянеркай Усесаюзнага таварыства палітсасланцаў-катаржан.

Крыніцы

Літаратура

Деятели революционного движения в России : от предшественников декабристов до падения царизма : биобиблиографический словарь / Всесоюзное общество политических каторжан и ссыльно-поселенцев. — Москва, 1932. — Т. 2 : Семидесятые годы, вып. 4. — С. 1644—1645. Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст. : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995. — С. 566. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 2001. — Т. 6, кн. 1. — С. 441.

Спасылкі

Катэгорыя:Зняволеныя Петрапаўлаўскай крэпасці Катэгорыя:Рэвалюцыянеры Украіны Катэгорыя:Нарадавольцы Катэгорыя:Рэвалюцыянеркі Расійскай імперыі Катэгорыя:Рэвалюцыянеры Беларусі