Пажарная ахова, пажарная служба — сістэма дзяржаўных органаў па арганізацыі і ажыццяўленні мерапрыемстваў па папярэджанні і тушэнні пажараў, пажарнай бяспецы. Асноўныя задачы пажарнай аховы — пажарная прафілактыка, пажарны нагляд, тушэнне пажараў. На Беларусі (гл.Пажарная ахова ў Беларусі) проціпажарная ахова як асобная служба ў гарадах з магдэбургскім правам вядома з пачатку 16 ст. Першыя прафесійныя пажарныя каманды ўзніклі ў 19 ст. У Мінску прафесійная пажарная каманда створана ў 1853 годзе. У 1876 годзе арганізавана Мінскае вольнапажарнае таварыства. У пажарныя каманды ўваходзілі атрады водазабеспячэння, трубны, драбінны, сякерны і ахоўны. У 1927 годзе сфарміраваны апарат Дзяржаўнага пажарнага нагляду. У 1933 годзе створана першая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы пажарных спецыялістаў (Вышэйшае пажарнатэхнічнае вучылішча). З 1999 года пажарная ахова ўваходзіць у сістэму Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі, якому падпарадкаваны абласныя і Мінскае гарадское ўпраўленні, пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і асобныя пасты. У склад пажарнай аховы ўваходзяць Камандна-інжынерны інстытут, Пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый навукова-даследчы інстытут, Гомельскае сярэдняе пажарнатэхн. вучылішча і Рэспубліканскі навучальна-трэніровачны цэнтр. Дзейнасць рэгламентуецца законам «Аб пажарнай бяспецы» (1993) і інш. нарматыўна-прававымі актамі. З 1999 годаа Беларусь член Міжнароднага тэхнічнага камітэта па папярэджанні і тушэнні пажараў (заснаваны ў 1902 годе).

Літаратура