Рала — старажытная драўляная безадвальная вупражная ворная (земляробчая) прылада з нізкім замацаваннем цяглавай сілы.
Папярэднік сахі і плуга, пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў. Складаецца з рабочай часткі — ральніка, на канец якога мацавалі наральнік, дышля (градыля) і ручак (дзяржання) для кіравання. Паводле канструкцыі працоўнай часткі і спосабу выкарыстання вылучаюць рала з полазам і без яго, паводле формы дышля — на прама- і крыва- дышальныя (градыльныя), якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў.
Каменны наральнік канца 3-га тысячагоддзя да н.э. знойдзены каля Хаталян Уздзенскага раёнаФота наральніка буйнейшым планам, пад тэкстам. .
Ва Усходняй Еўропе ралы з’явіліся ў 1-й палове 1-га тысячагоддзя з узнікненнем ворнага вупражнага земляробства, пра што сведчаць знаходкі драўляных рал ва Украіне (Жабічы Чарнігаўскай і Такары Сумскай абласцей) і ў Расіі (Сяргееўск Бранскай вобласці). Таксама да 1-й паловы 1-га тысячагоддзя адносяць крывадышальнае полазнае рала, знойдзенае ў тарфяніку каля Капланавіч Клецкага раёна (належала, імаверна, насельніцтву зарубінецкай культуры). Гэта рала зроблена са ствала дрэва з доўгім суком, мела завостраны полаз, а з процілеглага боку адтуліну для дзяржання, за якое трымаўся араты. Доўгі сук служыў дышлем, металічнага наральніка хутчэй за ўсё яшчэ не было. Гэта рала пры нахіле магло няпоўна пераварочваць пласт зямлі і падрэзаць карані пустазелля.
Другое драўлянае рала XIII ст., знойдзенае ў Брэсце, выраблена з дубовага ствала даўжынёй 155 см, які быў дышлем. Ад яго пад вуглом 28° адыходзіў сук даўжынёй 43 см, які ўтвараў рабочую частку рала. Магчыма, гэта рала мела металічны наральнік, але гэта толькі гіпотэза, бо рабочы канец рала абламаны. На дышлі было тры адтуліны — для дзяржання, для металічнага чарэсла і для дэталі, з дапамогай якой можна было падоўжыць параўнальную кароткі дышаль.
На паселішчы VIII—IX ст. Хотамель знойдзены два шырокія асіметрычныя наральнікі з плечукамі даўжынёй 9,8—10,5 см, шырынёй 6,6—7 см і металічнае чарэсла даўжынёй 40 см, якое служыла для падразання пласта зямлі. Гэтыя наральнікі ад падэшвеннага рала з чарэслам, якое магло не толькі ўзрыхляць зямлю, але пры пэўным сваім становішчы, дзякуючы шырокім плечукам, пераварочваць яе верхні пласт. Каля Дворыцкай Слабады Мінскага раёна знойдзены шыракалопасцевы наральнік X — пачатку XI ст. з плечукамі, удвая даўжэйшымі за хотамельскія, і чарэсла. З такім наральнікам можна было глыбей і якасней араць.
Металічныя наральнікі для рал без полаза знойдзены ў Брэсце, Гродне, каля Збарова Рагачоўскага раёна, у Клецку, Навагрудку і іншых месцах. Нягледзячы, што на пачатку 2-га тысячагоддзя на тэрыторыі Беларусі пашырылася больш прагрэсіўная ворная прылада — саха, рала праз яго манеўранасць выкарыстоўвалі да XX ст.
Крыніцы
Літаратура
Краснов Ю. В. Древнейшие упряжные пахотные орудия. М., 1975; Коробушкина Т. Н. Земледелие на территории Белоруссии в X—XIII вв. Минск, 1979; Коробушкина Т. Н. Появление упряжных пахотных орудий и их дальнейшее развитие на территории Белоруссии (до XIV в.) // Тез. докл. сов. делегации на IV Междунар. конгр. слав. археологии. М., 1980.
Катэгорыя:Сельскагаспадарчыя інструменты