Пазырыкскія курганы — група вялікіх курганоў (магілы родавых ці племянных правадыроў) ва ўрочышчы Пазырык на правым беразе ракі Вялікі Улаган у Рэспубліцы Алтай (Расія). Даследаваліся ў 1929, 1947—1949 гадах археолагам Міхаілам Гразновым. У Пазырыкскіх курганах выяўлены прамавугольныя ямы глыбінёй да 4 м і плошчай каля 50 м², у якіх стаялі пахавальныя камеры (зрубы з бярвення) вышынёй да 2 м. Дзякуючы значнай вышыні Пазырыка, асаблівасці клімату і канструкцыі курганоў пад імі ўзнікла шматгадовая мерзлата, якая забяспечыла добрую захаванасць пахавальнага інвентару і бальзаміраваных нябожчыкаў (мужчына мангалоід, мужчына і жанчына еўрапеоіднага тыпу, мужчынскія целы пакрыты татуіроўкай). Захаваліся вырабы з дрэва, тканін, лямцу, футра і скуры, у т. л. ворсавы дыван, танюткія шарсцяныя тканіны, а таксама вышытыя кітайскія шаўковыя тканіны. Шматлікія творы мастацтва выкананы ў т.зв. звярыным стылі.

Літаратура

Катэгорыя:Скіфскае мастацтва