Яўдхе́я () — рэспубліка, ваенна-палітычны саюз на поўначы старажытнай Індыі ў 1 стагоддзі да н.э. — 4 стагоддзі.

Гісторыя «Махабхарата» адносіць паходжанне племені Яўдхея да старажытных часоў. Іх продкам названы Юдхіштхіра (старэйшы з Пандаваў), які меў сына Яўдхею, а ад яго пайшлі ўсе людзі з гэтым імям. У той жа час паведамляецца, што Накула (брат Юдхіштхіры) заваяваў мясцовасць Марубхумі (на тэрыторыі сучаснага Раджастхана) і прымусіў Яўдхея прызнаць уладу Пандаваў. Падчас бітвы ля Курукшэтры Яўдхея выступілі на баку Каўраваў супраць Пандаваў. У бітве яны вызначыліся як лютыя воіны, на чале якіх стаялі іх асабістыя камандзіры.

З IV ст. да н.э. землі Яўдхея паслядоўна ўваходзілі ў склад імперый Нанда, Маур’я і Шунга. Відавочна, пасля распаду Шунга абшчыны Яўдхея аб’ядналіся ў гана-сангха (), «злучэнне мноства»), на чале якога стаялі рада прадстаўнікоў і агульны ваенны правадыр. У пачатку 1 тысячагоддзе н.э. іх асноўным палітычным цэнтрам стаў Рохтак на тэрыторыі сучаснага індыйскага штата Хар’яна.

У 150 годзе Рудрадаман I, валадар сакаў, занатаваў на скале ў Гуджараце, што «сілай знішчыў Яўдхея, якія не жадалі падпарадкоўвацца, бо заганарыліся таму, што выявілі свой гераічны статус сярод усіх кшатрыяў»Junagadh Rock Inscription of Rudradaman. Аднак гістарычныя ўзгадкі пра саюз Яўдхея на гэтым не спыніліся. Наадварот, яны паспяхова ваявалі з сакамі і атрымоўвалі значныя перамогі. У III — пачатку IV стст. тэрыторыя іх гана-сангха пашырылася ад Пенджаба да Утар-Прадэш. Саслабленне Яўдхея адбылося толькі ў першай палове IV ст.

У выніку заваяванняў Самудрагупты землі Яўдхея ўвайшлі ў склад імперыі Гупта. Чандрагупта II пазбавіў іх абшчыны ўнутранай аўтаноміі і канчаткова інтэграваў у склад сваёй манархічнай дзяржавы.

Унутраны лад Аб’яднанне Яўдхея займала тэрыторыі, якія ў старажытныя часы лічыліся асабліва ўрадлівымі, тут вырошчвалі збожжа і трымалі жывёлу. У другой палове 1 тысячагоддзя да н.э. — першай палове 1 тысячагоддзя н.э. праз іх праходзіў важны гандлёвы шлях з захаду на паўднёвы ўсход. Доказам развітых гандлёвых зносін з’яўляюцца шматлікія манеты Яўдхея, якія знаходзяць далёка ад месца паходжанняі. Тым не менш, індыйскі граматык Паніні (каля V ст. да н.э.) адносіў Яўдхея да абшчын, што зараблялі на жыццё вайной. Пра выключную ролю ваеннай справы сведчаць і болей раннія крыніцы накшталт «Махабхараты». Відавочна, у час напісання гэтай паэмы Яўдхея былі адным з паўночна-заходніх плямёнаў, якое ў 1 тысячагоддзі да н.э. паступова трансфармавалася ў касту прафесійных воінаў-кшатрыяў. Пураны адносілі іх да Айла-ваншу, так званай Месячнай дынастыі кшатрыйскіх родаў. Менавіта кшатрыі Яўдхея кантралявалі абшчыны і ўваходзілі ў супольную кіруючую раду. Акрамя агульнага паходжання і ўладных функцый іх аб’ядноўваў культ бога Картыкеі, апазіцыйны ў дачыненні да класічнага шываізму. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што Картыкея разглядаўся як вярхоўны ўладар у працівагу жывым валадарам-манархам. Гэта надавала ідэалагічны сэнс адмаўлення ад сапраўднай манархіі.

Аб’яднанне абшчын на чале Яўдхея мела назву гана-сангха (), літаральна «злучэнне мноства»), што можа быць адвольна перакладзена як палітычны саюз або федэрацыя (канфедэрацыя). Галоўныя дзяржаўныя функцыі знаходзіліся ў рады сантхагара (), «дом грамады»). Яна складалася з кіраўнікоў абшчын і выбірала ваеннага правадыра. На манетах яго тытул пазначаўся як махараджа-махасенапаці (), «вялікі валадар — вялікі вайскавод»), але падкрэслівалася, што ён падуладны законам, прынятым чальцамі сантхагара. Пытанні вайны і міру, дыпламатыі і агульных падаткаў таксама разглядаліся сантхагара. У перыяд свайго росквіту саюз падзяляўся на акругі. На манетах яны пазначаліся як «першая», «другая», «трэцяя» і г. д. Акругі маглі мець свае кіруючыя рады, што прызначалі рэгіянальных камандзіраў-наяка.

Супольныя ўзброеныя сілы фарміраваліся згодна родаваму прынцыпу. Кожная кіруючая буйная сям’я кула фарміравала свой атрад. Яго ўзначальваў глава роду або яго прадстаўнік. Аднак ваенны строй падчас бітвы вызначаўся тактыкай баявых парадкаў в’юха. Згодна ёй армія падзялялася па родах войска, а таму патрабаваліся палявыя камандзіры (сенапаці — камандзір крыла арміі, ашвадх’якша — камандзір коннікаў, пацьядх’якша — камандзір пяхоты, і інш.), што маглі адрознівацца ад камандзіраў родавых атрадаў. У войнах з кушанамі і сакамі яўдхея актыўна выкарыстоўвалі баявых сланоў. Іх ставілі ў авангардзе арміі для барацьбы з варожай конніцай і першымі шэрагамі варожай пяхоты. Выявы баявых сланоў часцяком сустракаюцца на манетах Яўдхея. Лёгкаўзброеная кавалерыя звычайна прыкрывала флангі. Узброеныя пераважна лукамі коннікі славіліся мабільнасцю, актыўна атакавалі і адыходзілі, так што паспявалі вымотваць да пачатку галоўнай часткі бітвы цяжкаўзброенную кушанскую кавалерыю.

У якасці пісьмовай мовы выкарыстоўвалі санскрыт на аснове пісьма брахмі.

Манеты

Манеты палітычнага аб’яднання Яўдхея — важнейшая крыніца і сведчанне яго існавання. Да нас дайшлі манеты перыяду з канца II ст. да н.э. да сярэдзіны IV ст. Вылучаюць наступныя этапы развіцця манетнай сістэмы:

Ранні (канец II ст. да н.э. — I ст.), што вызначаецца рэдкімі манетамі, пераважна з медзі і бронзы. На іх простыя выявы зебу або сланоў з кароткімі надпісамі на брахмі накшталт «Належыць Яўдхея» і «Яўдхея з багатай зямлі». Сярэдні (I ст. — II ст.) адлюстроўвае палітычны і эканамічны ўздым. Пераважаюць медныя і срэбраныя манеты, якія канкуруюць з кушанскімі манетамі. Выявы і тэкставыя надпісы ўскладняюцца. Позні (III ст. — сярэдзіна IV ст.), калі манеты вырабляліся выключна з сплаваў медзі. Іх вонкавы выгляд і вага максімальна набліжаны да кушанскіх, паколькі былі запазычаны тэхналогіі вытворчасці пасля распаду Кушанскай імперыі. На аверсе — выява бога Картыкеі, часам — з яго сакральнай птушкай паўлінам.

Позні этап развіцця — найбольш масавы. Ён шырока прадстаўлены ў шматлікіх скарбах з тэрыторыі Індыі і Пакістана.

Кушанскія манеты з’яўляліся не проста прыкладам для металургаў Яўдхея. Паколькі значных радовішчаў каляровых металаў на тэрыторыі аб’яднання не было, кушанскія драхмы часцяком пераплаўляліся як сыравіна для яўдхейскіх.

Выпуск манет Яўдхея спыніўся паміж 350 г. да н.э. і 360 г. да н.э.

Крыніцы

Літаратура Shastri, Y. The Yaudheya Republic of Ancient India / Yoganand Shastri. — Delhi: Research India Press, 2024. — ISBN 978-9391952877

Спасылкі Parmod Kumar, G.C. W. Pali The Yaudheyas Coins Coinage of Yaudheya or Yaudheya Gana The Curious Case of Temples depicted on Yaudheya Coins

Катэгорыя:Дзяржавы ў гісторыі Індыі Катэгорыя:Канфедэрацыі Катэгорыя:Былыя краіны