Леў Якаўлевіч Нагумовіч (, ; ) — вучоны-медык, хірург, асветнік, удзельнік вайны 1812 года, адзін са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў першага ў Расіі Таварыства рускіх урачоў.

Біяграфія

Скончыў Магілёўскі езуіцкі калегіюм, затым па стыпендыі расійскага ўрада лячэбна-медыцынскае аддзяленне Віленскага ўніверсітэта (1807—1811). Атрымаў пасля вучобы званне доктара медыцыны (1812). У яго дысертацыі, прысвечанай гартаннай ангіне, упершыню ў Расійскай імперыі апісвалася дастаткова рэдкае, але цяжкае захворванне. З 1812 г. Л. Нагумовіч быў ваенным урачом. Служыў у Фанагарыйскім грэнадзёрскім палку. Удзельнічаў у вайне 1812 г. у бітвах пры Барадзіне, Малым Яраслаўцы, пад Люцэнам, Кульмам, Лейпцыгам. У 1814 г. разам з палком уступіў у Парыж. У Парыжскай медыцынскай акадэміі Л. Нагумовіч прачытаў даклад «Об употреблении фосфора при лечении перемежающейся лихорадки» і быў выбраны членам-карэспандэнтам гэтай акадэміі. Пасля вяртання войск з-за мяжы яго прызначылі старшым урачом 40-га егерскага палка. З 1818 па 1826 г. (акрамя 1822 г., калі працаваў у Віцебскім ваенным шпіталі) з’яўляўся ардынатарам Беларуска-Магілёўскага ваеннага шпіталя. У 1826 г. быў штаб-лекарам Фінляндскага палка. Як ваенны медык прымаў удзел у турэцкай (1828), польскай (1831) і венгерскай (1848) кампаніях. У 1830 г. Л. Нагумовіч працаваў у цэнтральнай камісіі па барацьбе з халерай у Саратаве. Стаў адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў першага ў Расіі Таварыства расійскіх урачоў. З 1852 г. ён знаходзіўся ў адстаўцы. Быў стацкім саветнікам.

Апошнія годы жыцця правёў у Санкт-Пецярбургу.

Адначасова з медыцынскай практыкай Л. Нагумовіч займаўся навуковай працай. З’яўляўся актыўным папулярызатарам медыцынскіх ведаў. Заслугоўвае ўвагі работа «Руководство к лечению огнестрельных ран по правилам, предлагаемым знаменитыми хирургами в Европе» (Магілёў, 1822). Ён таксама аўтар 1, 7, 8-га раздзелаў «Трактата о повальной, заразной болезни, называемой холера» (1831). Пераклаў з французскай мовы працу вядомага ўрача Ланьё пра лекаванне венерычных хваробаў.Ланьо, Луи Вивиан (1781—1868). Описание припадков любострастной болезни, разных способов врачевания и перемен, коим оное подлежит в отношении возраста, пола, сложения больного, климата, годовых времен и сложности с другими болезнями. Сочинение, в коем подробно описаны правила лечения, принятые в Венерической больнице в Париже, изданное Л. В. Ланьо : с фр. на рос. яз. переведенное с послед. Париж. изд. / Л. В. Ланьо; пер. Л. Я. Нагумович. — М. : В Тип. С. Селивановского, 1820. — [XVI], 339 с. Супрацоўнічаў у «Военно-медицинском журнале», газеце «Друг здравия» і інш. У работах Нагумовіча выявіліся характэрныя для яго рысы ўрача-гуманіста: пільнасць пры назіранні за сімптомамі захворвання ў дынаміцы, пастаянны пошук новых, найбольш эфектыўных метадаў і спосабаў лячэння.

За заслугі ў ваеннай медыцыне Леў Нагумовіч быў прызначаны ганаровым членам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, Віленскага медыцынскага таварыства і Ваенна-медыцынскага навуковага камітэта. Узнагароджаны Імператарскім ордэнам Святой Ганны (1830), сярэбраным медалём «За Парыж» (1814).

Крыніцы

Літаратура Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск, 2000. — Т. 11. — С. 118. Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.: энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995. — С. 509. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск, 1999. — Т. 5. — С. 268—269.

Спасылкі

Катэгорыя:Медыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Стацкія саветнікі Катэгорыя:Медыкі