Антон Данілавіч Трусаў (15 (27) мая 1835, г. Барысаў — 1886, Мінск) — рэвалюцыянер-дэмакрат, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. у Беларусі, дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху, выдавец.
Біяграфія Нарадзіўся 15(27) мая 1835 года ў горадзе Барысаў. Паходзіў з мяшчан-католікаў. Бацька працаваў паштовым наглядчыкам. Брат Баляслава Трусава.
Скончыў Мінскую гімназію (1853). Вучыўся ў 1854—1856 і 1860 — 1862 гадах на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. У пачатку 1860-х гг. быў блізкі да гуртка Пятра Заічэўскага .
Рэвалюцыйная дзейнасць
У 1861—1862 у Мінску ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. У 1863 узначаліў Мінскі паўстанцкі атрад, з якім далучыўся да атрада Станіслава Ляскоўскага. Удзельнічаў у баях у Мінскай губерні, браў удзел у бітве 10 мая 1863 пад Пятроўшчынай. Пасля паражэння паўстання восенню 1863 г. быў завочна прыгавораны да смяротнага пакарання.
Эміграваў і да 1869 года пражываў у Парыжы, працаваў наборшчыкам, быў звязаны з французскімі сацыялістамі. Пасябраваў з рускім рэвалюцыянерам Мікалаем Уціным, увайшоў з ім у Рускую секцыю Першага Інтэрнацыяналу (1870). Устанавіў сувязь з А. І. Герцэнам, супрацоўнічаў (да 1869) з М. А. Бакуніным.
У 1869 годзе Трусаў працаваў сакратаром рэдакцыі рэвалюцыйнага часопіса, а затым газеты "Народное дело", у якой былі надрукаваны праграмныя дакументы Рускай секцыі, пісьмы Карла Маркса і Іягана Бекера камітэту Рускай секцыі, напісаны Марксам Маніфест Галоўнай рады Міжнароднага таварыства працоўных і інш. Сам Трусаў падтрымліваў пастаянныя сувязі з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам.
У 1871 - член Жэнеўскага камітэта дапамогі парыжскім камунарам. Адзін з арганізатараў друкарні часопіса "Народное дело", яе дырэктар, з 1873 - уладальнік. 10 гадоў друкаваў рускую рэвалюцыйную літаратуру, усяго ім было надрукавана звыш 150 кніг, брашур, перыядычных выданняў рэвалюцыйнага зместу.
У 1883 годзе Трусаў прадаў друкарню першай расійскай марксісцкай арганізацыі "Вызваленне працы", і цяжка захварэўшы, у 1884 годзе вярнуўся ў Мінск, дзе жыў да смерці пад наглядам паліцыі.
Імем А. Трусава была названа адна з вуліц г. Барысава.
Літаратура
Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2002. – Т. 15. – С. 358. Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X–XIX стст. : энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995. – С. 571. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 2003. – Т. 6, кн. 1. – С. 524.
Киселев Г., Один из основателей Русской секции 1 Интернационала, «Коммунист Белоруссии», 1960, № 1 Кісялёў Генадзь. Беларускі рэвалюцыянер Антон Трусаў // Сейбіты вечнага | Скарынаўская сімволіка. Мінск: Медысонт, 2009. С. 188-248. Шпадарук И. П., Борцы за народное дело, Минск, 1968; Петрова Л. Н., Женевская типография А. Д. Трусова, «Вопросы истории», 1971, № 10. Чаропка Вітаўт. Выкананы абавязак Антона Трусава // Беларускі гістарычны часопіс. – 2013. – № 3. – С. 19-28.
Спасылкі
Крыніцы
Катэгорыя:Народнікі Катэгорыя:Марксісты Катэгорыя:Рэвалюцыянеры Расіі Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Артыкулы з выявамі: запоўніць уласцівасць P373 у Вікіданых Катэгорыя:Памерлі ў Мінску Катэгорыя:Памерлі ў 1886 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Барысаве Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1835 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 15 мая