Казімір Крыштаф Клокоцкі герба Наленч (;' каля 1625, Мазовія — 24 кастрычніка 1685, Старынкі) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, ініцыятар адкрыцця Слуцкай друкарні.Kłokocki Kazimierz Krzysztof // Polski Słownik Biograficzny, t. 13 str. 64
Біяграфія
Паходзіў з мазавецкай шляхты. У 1645—7 гг. вучыўся ў Арлеане, у 1645 г. быў там бібліятэкарам германскай нацыі. У маладосці падарожнічаў па Еўропе. Добра ведаў лаціну, грэчаскую, нямецкую, французскую, турэцкую і татарскую мовы.
Як прыдворны каралевіча Караля Фердынанда, плоцкага біскупа, падпісаў разам з мазавецкай шляхтай элекцыю Яна Казіміра. У 1652 г. ваяваў пад Батогам як паручнік і трапіў у татарскі палон, з якога яго выкупіў бацька. У 1656 удзельнічаў у бітве пад Модлінам супраць шведаў, вызначыўся пад Памехавам.
Прынамсі з 1657 г. быў на службе ў Багуслава Радзівіла, потым у яго дачкі Людвікі Караліны. Выконваў у радзівілаўскіх маёнтках розныя гаспадарчыя функцыі, з 1658 г. — галоўным чынам у Слуцку. З 1660 г. быў кіраўніком слуцкай фартэцыі і арганізоўваў там супраціў Івану Хаванскаму. У 1663 г. стаў губернатарам Капыльскага і Слуцкага княстваў, у 1665 г. — плоцкім стольнікам. У 1677 г. быў паслом на сойм. Паводле тэстамента Багуслава Радзівіла (1668) быў прызначаны адным з 12 апекуноў яго дачкі Людвікі Караліны, а адначасова — адным з 3 эканомаў (кіраўнікоў) яе маёнткаў на Літве.
У 1665 г. схіляў Багуслава Радзівіла да набыцця друкарні для Слуцка. Пасля клапаціўся пра выбар твораў, якія там друкаваліся, і пра арганізацыю працы друкарні. Дзякуючы яго стараньням, там у 1678 г. выйшла «Турэцкая манархія» Поля Рыко, пераклад якой яму прыпісвалі, аднак гэтая гіпотэза была пастаўлена пад сумнеў. Паводле некаторых звестак, Клакоцкі з’яўляецца таксама перакладчыкам «Жыцця Магамета» і «Апісання Аль-Карана» Мішэля Бадзье (у рукапісе).
Клакоцкі меркаваў выдаць у Слуцку зборнік вершаў Збігнева Морштына, выбітнага паэта-арыяніна, з якім сябраваў. Ананімна надрукаваў у Слуцку «Слаўную перамогу…» З. Морштына (1674, 2 выданні).
Быў католікам, вызначаўся вялікай верацярпімасцю.
Заўзяты бібліяфіл, сістэматычна папаўняў сваю бібліятэку, у чым яму дапамагаў, у прыватнасці, З. Морштын. Некалькі рукапісаў з яго бібліятэкі (палітычныя сільвы, так званыя «Kłokociana») былі перададзены сынам Янам Геранімам пасля яго смерці ў бібліятэку Слуцкага езуіцкага калегіума (цяпер сярод збораў AGAD).
Пражываў пераважна ў радзівілаўскіх маёнтках: у Слуцку, у Бранчыцах каля Слуцка, у Старынках у Мінскім павеце, а таксама ў сваім уладанні Румоцы ў Млаўскім павеце.
Быў палкоўнікам ЯКМ (Яго Каралеўскай Мосці). У 1684 г. стаў мінскім харужым.
Памёр у Старынках 24.X.1684 г., пахаваны ў Слуцку 20.II.1685 г.
Ад шлюбу з Рэгінай Тэафілай Мірскай пакінуў сына Яна Гераніма, рэчыцкага харужага, пазней езуіта.
Публікацыі
Rycaut, Paul. Monarchia tvrecka opisana przez Ricota [...] z francvskiego ięzyka na polski przetłvmaczona przez Szlachcica Polskiego y do druku podana w roku 1678 Monarchia turecka opisana przez Ricota sekretarza posła angielskiego u Porty Ottomańskiey w roku pańskim 1668, k. I—II, s. 1-165; Żywot Mahometa y opisanie Alkoranu przez Michała Bodiera szlachcica francuskiego, k. I—II, s. 1-190.
Крыніцы
Літаратура
Вялікае Княства Літоўскае: энцыклапедыя: [у 3 т.]. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 102. Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.: энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995. — С. 238. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск, 2003. — Т. 6, кн. 2. — С. 399—400. Buchwald-Pelc P. Kazimierz Krzysztof Kłokocki i drukarnia w Słucku // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. Warszawa, 1967. T. 12. Sajkowski A. Od Sierotki do Rybeńki, Poznań 1965, s. 107—114.
Спасылкі
Катэгорыя:Польская арыстакратыя Катэгорыя:Радзівілы Катэгорыя:Слуцкае княства Катэгорыя:Слуцкая друкарня Катэгорыя:Друкары Вялікага Княства Літоўскага