Віленскае медыцынскае таварыства — навуковая грамадская арганізацыя ў 1805—1939 гадах. Заснавана 12 снежня 1805 года пры Віленскім універсітэце па ініцыятыве прафесараў медыцынскага факультэта. Аб’ядноўвала выкладчыкаў універсітэта (пасля яго закрыцця ў 1832 годзе — Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі) і медыкаў-практыкаў Вільні і інш. гарадоў Беларусі і Літвы. Таварыства заснавалі і ўзначалілі прафесары А.​Снядэцкі (прэзідэнт), Я.​Лобенвейн (віцэ-прэзідэнт), І.​Франк (сакратар). Мела на мэце вывучэнне праблем медыцыны, хірургіі, фармакалогіі, даследаванне мясцовых мінеральных крыніц, барацьбу з заразнымі хваробамі. Як цэнтр навуковай медыцынскай думкі Беларусі і Літвы спрыяла разгортванню ў краі даследаванняў у розных галінах медыцыны і прыродазнаўства. Па яго ініцыятыве ў Вільні заснаваны Інстытут вакцынацыі (1808), Інстытут мацярынства (1809), бактэрыяхімічная лабараторыя (1887), Пастэраўская станцыя (1897); у 1807—10, 1860—64 гадах дзейнічала бясплатная амбулаторыя для бедных. Працы таварыства друкаваліся ў навуковых зборніках «Веснік Віленскага медыцынскага таварыства» (т. 1—2, 1818—21), «Дзённік медыцыны, хірургіі і фармацыі» (т. 1—2, 1822—24), «Віленскі фармацэўтычны веснік» (1920, усе на польскай мове), руская медыцынская газета «Друг здравия» (Санкт-Пецярбург); выдавала часопіс «Pamięnik Wileńskiego towarzystwa lekarskiego» («Веснік Віленскага медыцынскага таварыства», 1925—39). Літаратура

Катэгорыя:Гісторыя Вільні