Палемалогія — навука аб вайне; кірунак у паліталогіі, у рамках якога даследуюцца войны і ўзброеныя канфлікты, іх прычыны, сутнасць, віды і г.д. Закранае таксама пытанні міру, раззбраення, мірнага суіснавання паміж дзяржавамі. У вузкім сэнсе азначае інстытуцыяналізацыю ў Заходняй Еўропе ў 2-й палове 20 стагоддзя вывучэння вайны як грамадскай з’явы. У гэты час узніклі навуковыя ўстановы палемалогія ў Францыі, Нідэрландах, Італіі, Бельгіі і інш. Характэрная рыса палемалогіі — комплексны, міждысцыплінарны падыход да навуковага асэнсавання ўзброенных канфліктаў у розных формах з выкарыстаннем элементаў сацыялогіі, дэмаграфіі, сацыяльнай псіхалогіі, матэматычнага мадэліравання, біялогіі і іншых навук, а таксама пазітывісцкая метадалогія, якая спалучае ў сабе элементы эканамічнага, палітычнага, культурна-псіхалагічнага, тлумачэння гэтых з’яў. У палемалогіі нярэдка пранікаюць вульгарныя біясацыяльныя і псіхасацыяльныя канцэпцыі, якія абапіраюцца на ненавуковае сцвярджэнне аб агрэсіўнай прыродзе чалавека і наяўнасці ў чалавечым грамадстве нейкага пастаяннага агрэсіўнага комплексу, што прыводзіць да перыядычных успышак узброеннага насілля. У такім выпадку палемалогіі адрывае войны ад сацыяльных адносін у грамадстве і ад палітыкі дзяржаў, вынікам якой служаць войны. Станоўчымі рысамі палемалогіі з’яўляюцца прадбачанне войнаў і ваенных канфліктаў, пошукі форм і спосабаў умацавання міжнароднага міру і бяспекі, падтрымка ідэі раззбраення. Прускі генерал Карл фон Клаўзевіц у працы «Аб вайне» (т. 1—3, 1832—34) даказаў, што вайна выступае як частка і інструмент палітыкі дзяржавы. Большасць сучасных вучоных таксама падкрэслівае арганічную сувязь вайны з сістэмай палітычных адносін унутры дзяржавы і паміж дзяржавамі.
Літаратура
Катэгорыя:Вайна Катэгорыя:Сацыялогія