Абенд блат (у перакладзе: Вячэрні лісток) — штодзённая сацыялістычная газета на ідышы, якая выдавалася ў Нью-Ёрку з 15 кастрычніка 1894 года па 1902 год. Заснавана выдаўцамі газеты «Арбэтэр цайтунг», пад рэдакцыяй Філіпа Кранца, нядзельныя выпускі пад ранейшай назвай рэдагаваў Аўром Каган. Як орган сацыялістычнай рабочай партыі, газета вельмі строга трымала партыйную праграму, праяўляла ў сацыяльна-палітычных пытаннях устойлівасць і паслядоўнасць, вяла барацьбу з кансерватыўна настроеным трэд-юніянізмам і з апартунізмам у рабочым руху. Пасля расколу партыі Кранц, Каган і іншыя заснавалі ўласную газету «Форвэртс», а стары калектыў аслабеў. Хаім Аляксандраў сцвярджаў, што шматлікія праціўнікі з іншых працоўных арганізацый давялі, не спыняючыся перад байкотам, да закрыцця Абенд-блата.
Адыграла вялікую культурную ролю ў нью-ёркскім яўрэйскім жыцці, узвышала густ простага чытача, падымала яго разумовы ўзровень і палітычную самасвядомасць. Змяшчала пераклады мастацкай літаратуры.
У назве — узор абнямечанай, дайчмарскай мовы. Нямецкае слова «абенд» тут стаіць замест яўрэйскага, якое чытаецца [ovnt].
У газеце друкаваліся А. Каган, Ф. Кранц, В. Кайзер, Л. Кобрын, Х. Ройзенблат, Б. Разенблат, Ё. Магулянскі, Х. Аляксандраў, М. Баранаў, В. Эдлін, М. Філіпс, І. Фрыдман, Я. Мерысон, А. Каспэ, Л. Мілер, А. Ортман, І. Прановіч, М. Вінчэўскі, Ф. Вальфсон, Ё. Ёфа, вядомыя ў далейшым класікі І. Перац, Д. Пінскі, жанчыны П. Кобрына, А. Заметкіна-Кіен, Д. Ратнер-Бэркавіч, Т. Сягал.
Літаратура Abend-Blatt // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. — СПб., 1908—1913 Cahan Abraham Янкеў Мілх Di Antshteyung fun “Forverts" un zayn Kamf Mitn “Abend Blat” (1893-1902), Zikhroynes (New York, 1936) Катэгорыя:Газеты ЗШАКатэгорыя:Газеты і часопісы на ідышы