Ян Казімір Вільчынскі (пол. Jan Kazimierz Wilczyński, 26 лютага 1806, Ясаны Вількамірскага павета - 18 лютага 1885, Вільня) — віленскі лекар, калекцыянер і выдавец.Jaworska J., Album Wileńskie i jego wydawca Jan Kazimierz Wilczyński w świetle korespondencji z Konstantym Świdzińskim, „Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie” 1972, R. 16, s. 294–29
Быў малодшым дзіцем Зыгмунта Вільчынскага і Тэклы з Ромераў. Страціў бацьку, калі яму быў адзін год. Скончыў піярскую школу ў Вількаміры.
У 1827 годзе ён скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта і паехаў у Парыж для далейшага навучання. У Парыжы пазнаёміўся з многімі мастакамі і скульптарамі. Яшчэ падчас вучобы Ян Казімір пачаў калекцыяніраваць творы мастацтва і прадметы даўніны, звязаныя з Вільняй.
Падчас паўстання 1830-31 гадоў заставаўся ў Варшаве. У 1835 годзе вярнуўся ў Вільню.
З 1856 года ён належаў да Віленскай археалагічнай камісіі. Збіраў творы мастацтва, дбаў пра ахову культурных помнікаў і пісаў пра мастацтва і культуру. Віленская археалагічная камісія, заснаваная 11 красавіка 1855 года, аб'яднала некалькі соцень людзей, зацікаўленых гісторыяй краю. Дзякуючы намаганням Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў, Адама Кіркора, Адама Альфрэда Плятэра, Уладзіслава Сыракомлі, Вільчынскага і іншых царскі ўрад дазволіў адкрыць Музей старажытнасцей у памяшканнях Віленскага ўніверсітэта, зачыненага пасля паўстання 1830-1831 гадоў. Захапляючыся асветніцкай дзейнасцю сваіх сучаснікаў і калег, Вільчынскі прысвяціў гэтаму некалькі аркушаў "Віленскага альбома": да адкрыцця музея быў апублікаваны партрэт Яўстаха Тышкевіча і выява Археалагічнай залы Віленскага музея старажытнасцей.
Дзеля папулярызацыі гэтай установы Вільчынскі ў 1858–1859 гадах выпусціў для Музея старажытнасцяў альбом Musée Archéologique à Wilno з графічнымі рэпрадукцыямі археалагічных і гістарычных экспанатаў і твораў мастацтва.
У сувязі са сваёй выдавецкай дзейнасцю ён шмат падарожнічаў. У 1849, 1850, 1852 і 1853 гадах ён неаднаразова ездзіў у Кіеў. У 1851 годзе ён накіраваўся ў Варшаву і Чэнстахову. У 1853 годзе ён зноў некалькі тыдняў жыў у Варшаве. Шмат разоў бываў у Парыжы.
Падчас паўстання 1863-64 гадоў паліцыя занесла яго ў спіс нелаяльных асобаў.
Пасля забароны друку альбомаў адкрыў кнігарню гравюр на вуліцы Вострабрамскай.
Здзейсніў сваю апошнюю паездку ў Парыж у 1870 годзе. Апошнія 15 гадоў свайго жыцця ён правёў у адзіноце і забыцці. Не стварыў сям'і. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні.
Публікацыі У 1845 годзе ён пачаў выданне "Альбома Віленскага" – зборніка малюнкаў архітэктурных славутасцей і аб’ектаў мастацтва Вялікага Княства Літоўскага. У лісце да Юзафа Ігната Крашэўскага Вільчынскі так тлумачыў свае намеры: ...адчуваючы прыкрыя пачуцці ад таго, што бацькі нашы не дбалі пра захаванне краёвых памятак і амаль ніякага следу пасля сябе не пакінулі, я пастанавіў сёння існуючыя помнікі перадаць нашчадкам нашым у дакладным малюнку [...]. "Віленскі альбом" будзе змяшчаць выявы Вільні і яго ваколіц [...], каштоўнейшыя помнікі і разнастайныя памяткі, датычныя нашага краю.Альбом друкаваўся ў майстэрні Лемерсье ў Парыжы, дзе працавалі лепшыя французскія мастакі-літографы. Альбом складаўся з серыі выпускаў. У шасці розных па фармаце і аб’ёме выпусках выйшла больш за 350 графічных аркушаў – каляровых і манахромных літаграфій, гравюр на метале. Вільчынскі высылаў з Вільні ў Парыж арыгінальныя малюнкі і жывапіс Канута Русецкага, Альберта Жамета, Івана Хруцкага, Марціна Залескага, Караля Рыпінскага, Яна Дамеля, Антона Залескага, якія адбіваліся французскімі мастакамі на камені ці метале.
Таксама выпусціў "Кіеўскі альбом" (Album Kijowskie, 1850–57) і "Варшаўскі альбом" (Album Warszawskie, 1851).
У 1858 годзе ён пачаў выдаваць Herbarz starodawnej szlachty podług heraldyków polskich z dopełnieniem do czasów obecnych ("Гербоўнік старадаўняй шляхты паводле польскіх геральдыстаў з дапаўненнем да цяперашняга часу") і альбом Muzeum Archeologiczne w Wilnie ("Віленскі археалагічны музей", 1858–59). Таксама выдаў кнігу Міхала Тышкевіча Podróż do Egiptu i Nubii ("Падарожжа ў Егіпет і Нубію", 1863) і кнігу Юзафа Ігната Крашэўскага Wspomnienia z Wołynia, Polesia i Litwy ("Успаміны з Валыні, Палесся і Літвы", 1860).
Таксама выпусціў шэраг меншых выданняў, такіх як Ołtarzyk Ostrobramski ("Алтарык Вастрабрамскі", 1853) з прадмовай Юзафа Ігната Крашэўскага, або ілюстрацыі да гумарыстычных тэкстаў Артура Бартэльса: Łapigrosze, Pan Eugeniusz, Pan Atanazy Skorupa (1858–59).
Выставы У 2016 годзе ў музеі "Дом Ваньковічаў" адбылася выстава "Віленскі альбом Яна Казіміра Вільчынскага".
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Памерлі ў 1885 годзе Катэгорыя:Медыкі Польшчы Катэгорыя:Пахаваныя на могілках Роса Катэгорыя:Калекцыянеры Польшчы Катэгорыя:Выдаўцы Польшчы Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскага Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1806 годзе