Бог, чалавек і д’ябал (Гот, мэнч ун тайвэл, іншыя назвы Сатана, Чалавек і сатана) — філасофская драма Якава Гордзіна на ідышы. Напісана ў 1900 годзе.
Пачынаецца пралогам на небе. Бог пытаецца ў сатаны, што робіцца на зямлі. Адказ вельмі песімістычны: «Людзі, як заўсёды, складаюцца з Авеляў і Каінаў; першыя, як і раней, даюць сябе забіваць, а другія забіваюць». Але Бог незадаволены гэтай характарыстыкай, якую сказаў вораг роду чалавечага. Вось у беларускім горадзе Дуброўне жыве бедны яўрэй Гершэле, ён — «сойфер», перапісчык скруткаў Торы, і цяжка зарабляе свой хлеб. Ён такі набожны, вядзе такі святы лад жыцця, што «самы магутны з багоў толькі можа радавацца такому адданаму слузе». Сатана бярэцца спакусіць нават такога святога чалавека і на пытанне, як ён думае дасягнуць гэтай мэты, адказвае: «Ты дазволіў выпрабаваць вернага слугу твайго Ёва многімі пакутамі. Але… яўрэя нашага часу не запалохаеш пакутамі. Доктар Фаўст мне прадаў сваю душу за адзін міг асалоды. Але яўрэй дорага не заплаціць за асалоду. Божа ўсемагутны, дазволь мне выпрабаваць яго грашамі. Нават вольныя людзі, у якіх ёсць айчына, слава, сіла, ахвяруюць усім дзеля грошай. Тым больш на гэта пойдзе яўрэй…»
Пралог на гэтым канчаецца, і сатана з дазволу Бога прымаецца за выкананне сваёй задумы. У першай дзеі, ён пад імем Мазік (מזיק) — д’ябал, шкоднік — з’яўляецца ў дом Гершале і ўгаворвае яго купіць латарэйны білет. Гершэле выйграе вялікую суму і ў кампаніі з Мазікам, які зрабіўся яго сябрам і неразлучным дарадцам, прымаецца за розныя камерцыйныя справы. Пад уплывам сябра Гершале паступова апускаецца маральна, псуецца яго характар. Ён разводзіцца з адданай яму жонкай, бярэ маладую і прыгожую Фрэйду, становіцца грубым і жорсткім да свайго старога бацькі, бадхана Лэйзара, які стаіць перад ім, як жывы папрок. Ён пакінуў сваіх ранейшых сяброў, якія збяднелі і сталі рабочымі на яго фабрыках. Мазік пацірае сабе рукі, уяўляючы, што ўжо выйграў. Але заўчасна. Багацце асляпіла Гершэле на некаторы час, прымусіла яго нарабіць памылак, але яно не магло змяніць асновы яго душы, не магло вытруціць уражанняў яго выхавання і ранейшага жыцця. І калі адзін малады рабочы, сын даўнейшага лепшага сябра, быў знявечаны на вачах Гершале машынай на гэтай фабрыцы, ён, не ведаючы з таго часу, як разбагацеў, ніводнай хвіліны сапраўднага шчасця, пераконваецца, што трапіў у тупік, з якога адзін выхад — смерць. Мазік убачыў, і з горыччу тады гаворыць, што «і магутнасць грошай абмежавана, што з іх дапамогай можна падмануць чалавека, сапсаваць яго, скалечыць яго душу, але немагчыма канчаткова яе загубіць». Літаратура Пинес М. Я. История еврейской литературы (на еврейско-немецком диалекте). Авторизованный пер. с немецк. С. С. Вермеля. М.: Универсальное книготоварищество Л. А. Столяр, типография Торгового дома «Мысль», 1913. Катэгорыя:Літаратурныя творы паводле алфавіта Катэгорыя:Літаратурныя творы на ідышы Катэгорыя:Творы 1900 года