Казімір Пясецкі (, 1 лістапада 1798, Вільня — 26 ліпеня 1882, Шырвінты) — філамат і юрыст.Nowak Zbigniew Jerzy. Piasecki Kazimierz // Polski Słownik Biograficzny. T. XXVI. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź, 1981. — S. 782—784.Швед Вячаслаў. W kraju filomatów. Mlodzieżowe organizacje konspiracyjne na Iemiach białoruskich w latach 1806—1826. Warsawa: Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego, 2025. — 306 c.
Паходжанне Казімер Пясецкі нарадзіўся 1 лістапада 1798 г. у Вільні ў сям’і дробных шляхціцаў Ігната і Юзэфы з Івіцкіх Пясецкіх. Акрамя сына Казіміра, Ігнат і Юзэфа Пясецкія мелі трох дачок: Паўліну, Сафію і Марыю. Старэйшая дачка Паўліна 23 жніўня 1828 выйшла замуж за Казіміра Асмольскага, які быў настаўнікам Мінскай гімназіі.
Сярэдняя сястра Казіміра Пясецкага Сафія Эмілія 16 ліпеня 1838 у віленскім касцёле святых Янаў выйшла замуж за прафесара Аляксандра Здановіча. Казімір Пясецкі быў хросным бацькам Ігната Здановіча, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-64 гадоў.
Рос у бацькоўскай хаце на вуліцы Літаратараў (дом 5). У 1813 годзе асірацеў па бацьку; тады, будучы вучнем 5-га класа гімназіі, пачаў зарабляць рэпетытарствам і перапісваннем актаў, дапамагаючы маці і тром сёстрам.
Дзейнасць у таварыствах філаматаў і філарэтаў З 1815 года вывучаў права ў Віленскім універсітэце.
З 20 верасня 1819 года быў членам-карэспандэнтам, а з 2 чэрвеня 1820 года — сапраўдным членам Таварыства філаматаў. У 1819—1820 гадах прадставіў на пасяджэннях Аддзялення I шэсць сваіх прац, галоўным чынам юрыдычнай тэматыкі (у тым ліку дзве так званыя «навуковыя ведамасці» з часопісаў). Праяўляў вялікую актыўнасць у арганізацыйных справах: у студзені 1820 года выступаў з прамовай пра філамацкі перыядычны часопіс, удзельнічаў у дыскусіі пра мэты і арганізацыю Таварыства, зачытаўшы сваю працу на гэту тэму 14 мая 1821 года. Галоўнай мэтай, на яго думку, павінна было стаць «дзейнае дзеянне на карысць землякоў».
Восенню 1821 года ўвайшоў у склад Навуковага аддзялення, якое кіравала курсамі для студэнтаў. У канчатковай фазе існавання Таварыства (1822—1823) сцвярджаў, што яно павінна быць грамадзянскім саюзам, а не толькі аб’яднаннем студэнцкай моладзі. Адыгрываў выбітную ролю ў новым кіраўніцтве Таварыства разам са Станіславам Казакевічам і Ануфрыем Петрашкевічам; разам з імі клапаціўся пра працяг і ажыўленне філамацкай працы. Для «Белых» (Патрыятычнага саюза) распрацаваў праграму «грамадзянскага дзеяння», заклікаючы да скасавання прыгоннага стану сялян, развіцця прамысловасці, увядзення давераных асоб у адміністрацыю і войска.
Адначасова дзейнічаў у саюзах, кіраваных філаматамі: вясной 1820 года ўдзельнічаў у майскіх сходах «Прамяністых» як іх «падскарбі», быў членам тайнага Згуртавання філарэтаў, з 1820 года належаў да Грона Белага, якое аб’ядноўвала юрыстаў. Перш за ўсё ж дзейнічаў у Саюзе сяброў, куды быў прыняты 10 мая 1819 года. На пасяджэннях Саюза прадставіў пяць сваіх прац, між іншым разважанне «Пра рэлігію, разглядаемую ў палітычным аспекце, наколькі яна спрыяе шчасцю грамадства» (31 мая 1819) і рэцэнзію на вершы Адама Міцкевіча (21 чэрвеня 1819).
Скончыў вучобу ў 1820 годзе са ступенню кандыдата і стаў адвакатам пры віленскіх судах.
З 26 сакавіка па 15 чэрвеня 1821 года быў актыўным членам Статыстычнага камітэта, створанага ў межах Саюза сяброў Францішкам Малеўскім. Канчатковым вынікам працы Камітэта стала выдадзенае нелегальна «Геаграфічнае апісанне…», які паслужыла асновай для збору звестак пра стан краю. На форуме Саюза сяброў неаднаразова выказваўся пра філарэтаў: 13 студзеня 1821 года заявіў, што «дух слабее сярод філарэтаў»; 20 сакавіка і 17 мая 1821 года чытаў сваю працу «Думкі пра філарэтаў», прапануючы іх падзел не паводле прадмета навучання, а паводле будучай прафесійнай працы. Адначасова заклікаў да працы над удасканаленнем асветы, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і гандлю. Вясной 1822 года сцвярджаў, што Згуртаванне філарэтаў павінна служыць не столькі чыстай навуцы, колькі рыхтаваць сваіх членаў «да ўсялякага роду краёвых функцый».
Ён быў таксама актыўны па-за саюзамі моладзі: у маі 1821 года Пясецкі разам з Тамашам Занам увайшоў у віленскую грамаду Патрыятычнага таварыства. З філаматаў найбліжэйшым яму быў Ануфрый Петрашкевіч.
Наведваў Міцкевіча ў Коўне. Паэт 1 студзеня 1820 года пісаў Тамашу Зану: «Быў у мяне Казімір Доўгі. Сумленны чалавек, дужы філамат, шчырае сэрца — о, як салодка мне было з ім гаманіць…». Сяброўскія адносіны былі перарваны ў чэрвені 1822 года. «Прычынай… — як паведамляў Станіслаў Казакевіч — была спрэчка пра рэч надзвычай дробную, якую нельга было назваць без румянцу, паміж Адамам і Казімірам, якая ледзь не скончылася смерцю абодвух…».
Філаматы збіраліся і праводзілі пасяджэнні ў суседнім доме на вуліцы Літаратараў, побач з домам Пясецкіх. Прыехаўшы з Коўна, Адам Міцкевіч спыняўся ў Пясецкіх. Менавіта на другім паверсе дома Пясецкіх, 23 кастрычніка 1823 г. позняй ноччу Адам Міцкевіч быў арыштаваны і зняволены ў манастыры базыльян. Разам з ім быў арыштаваны і Казімір Пясецкі.
У ходзе следства, распачатага сенатарам Мікалаем Навасільцавым па справе філарэтаў, Пясецкі быў арыштаваны і змешчаны ў віленскі кляштар францысканцаў. У турэмнай камеры Пясецкага адбываліся сходы арыштаваных; 21 снежня 1823 года адзначалі імяніны Тамаша Зана, і імяніннік (які адбываў зняволенне асобна) атрымаў апісанне гэтай урачыстасці. Распрацоўваў у турме планы далейшай саюзнай працы. Даваў паказанні 5 лістапада і 29 снежня 1823 года, а таксама 12 і 20 красавіка 1824 года. Абраў падчас допытаў тактыку адмаўлення, аднак была даказана яго прыналежнасць да Згуртавання філарэтаў і Таварыства філаматаў.
Пасля заканчэння працэсу над філаматамі Казіміру Пясецкаму пад строгім наглядам жандараў дазволілі застацца ў Вільні, але забаронілі займаць дзяржаўныя пасады.
Адвакацкая і гаспадарчая дзейнасць Пасля вызвалення Казімер Пясецкі займаўся юрыдычнай практыкай у Вільні і быў вядомы як добры юрыст.
У 1829 годзе адмовіўся ад адвакатуры, перадаўшы свае паўнамоцтвы былому філамату Станіславу Казакевічу. Таго ж года заняў добра аплачваемую пасаду ў Радзівілаўскай камісіі, дзе працаваў да канца яе існавання ў 1838 годзе. За сабраны такім чынам капітал набыў у 1839 годзе маёнтак Шырвінты ў Віленскім павеце. Занядбаны маёнтак ператварыў ва ўзорную гаспадарку пасля шматгадовай меліярацыі забалочаных грунтаў. Верны ідэалам філамацкай маладосці, пабудаваў для сялян добрыя дамы, акружаныя садамі, а таксама шпіталь і школу; узвёў там таксама новы мураваны касцёл. Быў арбітрам у справах мясцовага зямянства; таксама ганаровым куратарам гімназіі ў Панявежы. Ладзіў у сваім маёнтку канцэрты камернай музыкі.
Памёр 26 ліпеня 1882 года ў Шырвінтах.
Сям’я 17 чэрвеня 1830 г. у віленскім бернардынскім касцёле Казімір Пясецкі абвянчаўся са шляхцянкай Сафіяй Янушкевіч, сястрой удзельнікаў паўстання 1830—1831 Адольфа, Яўстафія і Рамуальда Янушкевічаў. Irma Randakevičienė. Broliai Adolfas, Eustachijus ir Romualdas Januškevičiai — 1831 m. sukilėliai, jų sąsajos su Vilniumi ir gyvenimo metai, 2023-08-04, skelbta svetainėje «Voruta.lt»
У 1832 г. у пары нарадзіўся сын Адольф Казімір, хроснай маці якога стала сястра Казіміра Сафія Эмілія Пясецкая. У 1834 г. Казімір і Сафія Пясэцкія ў віленскім касцёле святых Янаў ахрысцілі дачку Паўліну Элеанору Сафію. Праз год у Маркучах у іх нарадзіўся сын Станіслаў Ігнат, у 1837 г. — дачка Ядвіга Юзэфа, у 1839 г. — дачка Казіміра Моніка. Яшчэ два сыны Пясецкіх — Уладзіслаў Аляксандр і Вацлаў нарадзіліся ўжо ў маёнтку Шырвінты.
Казімір Пясецкі памёр у сваім маёнтку 26 ліпеня 1882 г., ужо быўшы ўдавам, г.зн. 22 сакавіка 1876 г. пахаваўшы 64-гадовую жонку Сафію. У метрычным запісе пра смерць пазначана, што пасля сябе ён пакінуў сына Вацлава і дзвюх дачок — Паўліну і Казіміру. Гэта азначае, што іншыя яго дзеці памерлі ў маленстве ці дзяцінстве.
Яго сын Вацлаў Пясецкі працягваў займацца гаспадаркай у маёнтку Шырвінты, памёр 23 сакавіка 1906 года і быў пахаваны на старых могілках Шырвінтаў.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Філарэты Катэгорыя:Філаматы Катэгорыя:Юрысты Літвы