Козагадоўля — галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коз свойскіх малочнага, шэрснага і пуховага кірункаў. Казінае малако — каштоўны дыетычны прадукт для харчавання дзяцей і людзей са страўнікавымі захворваннямі. Яго перапрацоўваюць на сыры, масла, тварог, сыраквашу і інш. Казіны пух — тонкі, мяккі, лёгкі, моцны і цёплы, з яго робяць хусткі, тканіны, трыкатаж. Са шкур вырабляюць лепшыя гатункі шаўро, хрому, саф’яну, замшы, лайкі; з казліны з густой шэрсцю — імітацыю пад пясца, коціка і іншае футра. Мяса пажыўнасцю блізкае да бараніны, але менш тлустае. У свеце пераважаюць малочныя пароды коз: у Паўднёва-Заходняй Азіі — сірыйская, у Заходняй Еўропе — зааненская, тагенбургская, у міжземнаморскіх краінах — мурсійская і мальтыйская, у Паўночнай Афрыцы — нубійская. Сярэднія надоі малака на 1 казу да 1 тыс. л за год (рэкардысткі да 3 тыс. л), вытворчасць мяса 20—28 кг. Пуховая козагадоўля развіта ў Кітаі (у Тыбеце), дзе гадуюць кашмірскую пароду коз, у Расіі (арэнбургская і прыдонская пароды). Шэрсная козагадоўля пашырана ў Турцыі, ЗША, ПАР, дзе вырошчваюць ангорскую пароду, якая дае каштоўную шэрсць (махер). Груба шэрсных коз змешанай прадукцыйнасці гадуюць у горных краінах. Агулам на Азію прыпадае каля палавіны пагалоўя коз, на Афрыку — каля 30 %. З краін Амерыкі ў козагадоўлі вылучаюцца ЗША, Бразілія, Аргенціна, Мексіка, у Еўропе — Італія, Балканскія дзяржавы. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (120 млн галоў, 1996), потым Кітай, Пакістан, Бангладэш (больш за 30 млн галоў).
На Беларусі козагадоўля на працягу ўсяго гістарынага перыяду была дапаможнай галіной сельскай гаспадаркі. Пераважаюць малочныя пароды коз — зааненская, руская, мясцовая беспародная. На пачатку 1998 года пагалоўе коз складала 58,8 тыс. галоў, у асноўным у індывідуальных гаспадарках; яно больш пашырана на поўначы Беларусі (Віцебская вобласць) і ў прыгарадных зонах. Літаратура
Катэгорыя:Жывёлагадоўля