Стэфан Пятровіч Сулкоўскі (1811, Азяраны — пасля 1858) — беларускі мастак і іканапісец.
Біяграфія
Нарадзіўся ў 1811 годзе ў вёсцы Азяраны Мазырскага павета Мінскай губерні. Ён паходзіў з сям’і ўніяцкага святара Пятра Сулкоўскага, які таксама ўмеў маляваць і пісаў іконы. Дзед Стэфана Міхаіл таксама быў святаром і служыў у азяранскай царкве. Гэтае сямейнае рамяство шмат у чым вызначыла яго шлях.
Найбольш актыўны перыяд яго працы прыпаў на 1830-1850-я гады. Сулькоўскі выконваў заказы для храмаў Мінскай праваслаўнай епархіі, пераважна ў родных для яго месцах — Мазырскім, Рэчыцкім, Пінскім і Бабруйскім паветах. Даследчыкі налічылі 24 царквы, для іканастасаў якіх ён ствараў выявы ў перыяд з 1832 па 1858 год.
Яго праца не абмяжоўвалася жывапісам: у 1832 годзе ён, напрыклад, атрымаў 40 рублёў срэбрам за пазалоту Царскіх варот у Тураўскай царкве.
Асабістае жыццё Стэфан быў жанаты, рана аўдавеў, гадаваў траіх дзяцей: сына Мікалая 1841 году нараджэння, дачок Паўліну і Стэфанію, 1842 і 1843 гадоў нараджэння адпаведна.
Творчасць Асаблівую каштоўнасць для гісторыкаў уяўляюць графічныя малюнкі іканастасаў, выкананыя рукой самога Сулкоўскага. У архівах былі знойдзены выявы чатырох іканастасаў, над якімі ён працаваў. Самым вядомым з’яўляецца падрабязны чарцёж чатырох’яруснага іканастаса царквы ў мястэчку Васілевічы, дзе майстар не толькі замаляваў канструкцыю, але і паказаў, якія менавіта сюжэты і дзе павінны размяшчацца. Гэты малюнак — найкаштоўнейшая крыніца па гісторыі страчанага храма.
Іканастасы
На працягу 1830-1850 гадоў С. Сулкоўскі супрацоўнічаў з цэрквамі Мінскай праваслаўнай епархіі, для якіх напісаў шэраг іканастасаў:
1832: для Троіцкай царквы ў в. Глушкавічы і Ільінскай царквы ў мястэчку Тураў; 1835: для Мікалаеўскай царквы ў павятовым горадзе Вілейцы; 1836: для Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Любань; 1837: для Троіцкай царквы у в. Сіманічы, царквы Нараджэння Багародзіцы мястэчка Лахва, Уваскрасенскай царквы в. Альгомель, Троіцкай царквы в. Сітніца, Міхайлаўскай царквы в. Рычаў; 1838: для Уваскрасенскай царквы ў в. Радзіловічы, царквы Нараджэння Багародзіцы в. Данілевічы, Крыжаўзвіжанскай царквы ў в. Верасніца, Троіцкай царквы ў в. Аздамічы; 1840: для Мікалаеўскай царквы ў в. Тонеж, Мікалаеўскай царквы ў в. Васілевічы, Крыжаўзвіжанскай царквы ў в. Мухаеды, Юраўскай царквы ў в. Залужжа, Уваскрасенскай Буноцкай царквы; 1842: для Міхайлаўскай царквы в. Рубель; 1844: для Троіцкай царквы мястэчка Мір; 1845: для царквы мястэчка Парычы; 1846: для Троіцкай царквы ў мястэчку Гарадная; 1857: для Пакроўскай царквы ў в. Стахаў; 1858: для Ільінскай царквы ў в. Вуйвічы.
Цікавыя факты
Вядома, што ў 1834 годзе Сулкоўскі жыў у Мінску «ў доме Кабылінскага ў жывапісца Ваньковіча». Праца майстра часам суправаджалася накладкамі: архіерэйскі архітэктар Міхайлаў склаў недакладныя чарцяжы, з-за чаго напісаныя Сулкоўскім іконы для Васілевіцкай царквы не падышлі па памеры, і іх прыйшлося перарабляць.
Крыніцы
Літаратура
Флікоп-Світа Г. А. Іканапісец Стэфан Пятровіч Сулкоўскі - невядомае імя ў гісторыі беларускага мастацтва ХІХ ст. / Г. А. Флікоп-Світа // Беларускі гістарычны часопіс. - 2015 г. - № 9. - Мн., 2015. - С. 23-36.
Спасылкі
Іканапісец Стэфан Пятровіч Сулкоўскі — невядомае імя ў гісторыі беларускага мастацтва ХІХ ст.
Катэгорыя:Іканапісцы Беларусі Катэгорыя:Мастакі Беларусі