Уладзі́мір Іва́навіч Стальмашо́нак (Сцельмашонак) (, — , Памёр Уладзімір Стальмашонак.) — беларускі мастак, педагог. Народны мастак БССР (1988), Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1981).
Біяграфічныя звесткі Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна ў Ленінградзе (1957). У 1957—2000 выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Старшыня праўлення Саюза мастакоў Беларусі (1965—1968, 1987—1989).
Творчасць Працаваў у галіне станковага жывапісу, манументальнага мастацтва, графікі, дэкаратыўна-афарміцельскага мастацтва. Партрэты жанр найбольш прыцягваў мастака. Аўтар партрэтаў Якуба Коласа, Рыгора Шырмы, Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Пятра Мсціслаўца, Ефрасінні Полацкай і інш. Зрабіў больш за дваццаць партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў, у тым ліку: «Творцы: Гётэ і Антоній Радзівіл», «Мацей Радзівіл», «Сафія Слуцкая (Сафія Юр’еўна Радзівіл)». У 1990-я гады пісаў карціны, прысвечаныя князям ВКЛ. Уражанні ад паездак выяўлены на карцінах «Стамбул. Порт», «Літва», «Літва. Ля кляштара», «Раніца ў Бухарэсце», «Лондан. Парламент» і інш. — гэта малюнкі, акварэлі, накіды, напісаныя за адзін сеанс. Асобныя карціны прысвечаны жонцы, сям’і і ўласным успамінам пра дзяцінства і прыемныя моманты жыцця («Успаміны», «Яўкінскія калядкі»). Работа «Вольга Мініч з вогненнай вёскі» стала галоўнай ілюстрацыяй да кнігі «Я з вогненнай вёскі». Незвычайна пабудаваная кампазіцыя карціны «Зона», прысвечанай Чарнобыльскай трагедыі: на фоне карты радыяцыйнага становішча чалавек, які, паводле слоў мастака, прайшоў вайну і перажыў жах катастрофы «мірнага атама».
Уладзімір Стальмашонак у Патсдаме для рэстарана «Мінск» зрабіў 16 вітражоў. У Мінску ім створаны вітраж для станцыі метро «Плошча Перамогі», мазаікі на станцыі «Маскоўская». 24 партрэты ганаровых грамадзян Беларусі пэндзля У. Стальмашонка знаходзяцца ў зале прыёмаў і пасяджэнняў Мінскай ратушы.
Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1989—1991 гадах.
Літаратура Частнова Р. Уладзімір Стальмашонак. — Мн., 1983. Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998: энцыкл. давед. — Мн., 1998. — С. 507.
Ермалюк Н. Той жыцця і волі варты, хто кожны дзень ідзе за іх на бой // «Звязда». № 124—125. 21 мая 2004.
Спасылкі
Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Мастакі СССР Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускага саюза мастакоў Катэгорыя:Вучні Сяргея Каткова Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Члены КПСС Катэгорыя:Народныя дэпутаты СССР ад творчых саюзаў Катэгорыя:Члены Вярхоўнага Савета СССР (1989—1991)