Ві́лія, або Вялля́, Ві́лля ( — Нярыс) — рака ў Беларусі і Літве, правы прыток Нёмана.
Даўжыня 498 км, у т.л. тэрыторыі на Беларусі — 264 км. Плошча вадазбору 25,1 тыс. км², у т.л. на тэрыторыі Беларусі — 11 тыс. км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 186 м³/с.
Назва
«Вілія» У заходнярускіх летапісах назва фігуруе ў форме «Велья»В. Н. Топоров. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. Москва, 1980. С. 16, 17., якая праз прамежкавую форму *Vъlьja ад адпачатнай балцкай формы VilijaK. Būga. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1958. C. 519.. Форма «Велья» (Новый город на Вельи противъ Шатеевъ) зафіксавана ў грамаце Ягайлы Скіргайле 1387 года. Фактычна форма «Велья» была адзінай прынятай у дзяржаўным справаводстве часоў ВКЛ.
Назву Vilija таксама маюць дзве ракі на тэрыторыі ЛітвыA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 382—384., назву «Вілія» — тры ракі на правабярэжжы Прыпяці (прытокі прыпяцкай ракі Гарынь і дняпроўскай ракі Цецераў), дзе гэтая назва прызнаецца балцкай назоўнай спадчынайО. Н. Трубачев. Труды по этимологии: Слово. История. Культура. Т. 4. Москва, 2009. С. 645.. На першых вядомых картах з тэрыторыяй ВКЛ (1539, 1589) фіксуецца назва Вілія.https://kolamap.ru/img/1539/i.jpghttps://imago.by/map/mdl/540-1589mdl-strubich.html
Ад індаеўрапейскага *ṷel- «круціць, віць, каціць»J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1140—1143.. Ад яго таксама назва ракі Вільня, што звязаная з літоўскімі vilnià [= вільня́], vilnė, vilnis «хваля», vilnyti «хвалявацца, ісці хвалямі; наплываць (хвалямі)»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 384..
Рачныя назвы Вілія, Вільня матываваныя хуткаплыннасцю ракі, якая хутка «накатвае» хвалямі.
Таго ж паходжання і корань Val- са значэннем «валіць, навальвацца, прыбываць»V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 923., які ў балцкай рачной назве Валажода «Хуткая плынь» (прытокі прыпяцкай Пцічы і бярэзінскай Мяны).
Па сёння ў народным ужытку беларусаў засведчаная форма назвы «Вялля»V. Vaitkevičius. Neris: 2007 metų ekspedicija. Antra knyga. Vilnius, 2012. C. 203, 227..
«Нярыс» «Літоўскі» варыянт назвы Нярыс (Neris) у форме Nere засведчаны ўжо ў 1260 годзе і даволі часты ў XIV стагоддзі ў крыжацкіх запісах — de Nere (1260), Nerge (1340), Nerga (1361), Nerye (1377, 1391, 1404), Niaris (пачатак XIX ст.). Аўтахтоны Гервяцкага краю таксама ў маўленні аддаўна ўжываюць форму назвы Neris. Канстанцін Тышкевіч у кнізе «Вілія і яе берагі» (1871) адзначаў, што назва Вілія рэзка пераходзіць у Нярыс у раёне Кернава. У 1939 годзе, з пераходам Вільні і Віленшчыны да Літвы, назва з-пад Кернава распаўсюдзілася да беларускай мяжы і стала пісацца на картах. Кніга Канстанціна Тышкевіча «Вілія і яе берагі», пры перавыданні ў сучаснай Літве выйшла пад назвай «Нярыс і яе берагі».
Ад варыянту вілейскай назвы Нярыс на працягу ўсяго цячэння ракі, пачынаючы ад Смаргоні, утвораныя тапонімы, якія ў літоўскім асяроддзі гучаць як Paneriai: Панара (паміж Смаргонню і Барунамі), Панарцы (на Віліі ніжэй за Міхалішкі), на літоўскім адрэзку Віліі — на тэрыторыі Вільні і ніжэй за яе з двух бакоў Кернава.
Пачатак называння Віліі назвай тыпу Neris геаграфічна звязваюць з прытокам у Вілію ракі Нарачанкі (цячэ з возера Нарач)V. Vaitkevičius. Vilija-Neris: vardo istorijos vingiai // Liaudies kultūra. 2005. Nr. 6 (105). C. 12—15.. У яе назве той самы корань Nar- / Ner-, ад літоўскага nerti «ныраць», narus «ныркі» (семантыка назвы звязаная з глыбінёй). Мяркуецца, што адпачатна Віліяй верхняе цячэнне ракі называлі верхневілейскія балцкія плямёны.
На ўсходзе старабалцкай тэрыторыі той жа корань Ner- у гідронімах тыпу Няропля, Няруса (прыток Дзясны), Нерата (возера ля дзвінскай ракі Таропы)Р. А. Агеева. Гидронимия Русского Северо-Запада как источник культурно-исторической информации. Москва, 2004. С. 193., Нераста (рака на Павоччы)Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. — Москва, 1976. — С. 137..
Гідраграфія
Пачынаецца з невялікага балота за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Вялікае Поле Докшыцкага раёна, перасякае мяжу з Літвой за 2 км на паўночны захад ад вёскі Жарнэлі Астравецкага раёна, упадае ў Нёман на тэрыторыі Літвы каля Каўнаса. На рацэ створана Вілейскае вадасховішча, частка вады якога па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў раку Свіслач.
Даліна звілістая, добра распрацаваная, у верхнім цячэнні шырынёй 1—3 км, бліжэй да вусця ракі Уша і далей да мяжы з Літвой звужаецца да 0,2–0,4 км, каля аграгарадка Жодзішкі. Амаль на ўсім працягу тэрасы. Пойма ў верхнім цячэнні ў асноўным забалочаная, шырыня яе 200—400 м, ніжэй перарывістая, шырынёй 50—70 м, месцамі да 600 м; на ўчастку паміж вёскамі Стахі і Раздоры Вілейскага раёна шмат старыц.
Схілы стромкія, часам абрывістыя, вышынёй 10-20 м, парослыя лесам і хмызняком, парэзаныя густой сеткай яроў і далін прытокаў. Амаль на ўсім працягу трапляюцца тэрасы.
Пойма ў верхнім цячэнні ў асноўным забалочаная, шырыней 200–400 м, ніжэй перарывістая, шырынёй 50–70 м, месцамі да 600 м; на ўчастку паміж вёскамі Стахі і Раздоры Вілейскага раёна шмат старыц.
Рэчышча ў вярхоўі моцназвілістае, шырыня яго ад 1 м да 2 м, каля вусця Ушы 40—60 м (месцамі да 100 м), да ўпадзення Балошынкі 60—70 м; пясчаных астравоў (выспаў), адмелін, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя ўчасткі. Берагі стромкія, у вярхоўі тарфяністыя, вышынёй 2–10 м. Рэчышча каналізавана ў Вілейскім раёне на працягу 22 км (ад моста на дарозе паміж вёскамі Мацеева Лагойскага раёна і Чысці Вардамскія Докшыцкага раёна да вусця ракі Дзвінаса).
Выток Згодна з этнаграфічнымі запісамі, выток Віліі мясцовымі жыхарамі лакалізуецца «ад Сцёп-каміня», з балаціны з назвай «Засцеб’е»V. Vaitkevičius. Neris: 2007 metų ekspedicija. Pirma knyga. Vilnius, 2009. C. 52—53..
На карце канца XVI стагоддзя на месцы цяперашняга верхавога балота «Засцеб’е» адлюстраванае прадаўгаватае возера, з якога, як мяркуецца, даўней і пачыналася Вілія.
Сцёп-камень (або Сцёб-камень) — вертыкальна пастаўлены ў няпамятныя часы на вытоках Віліі камень тыпу менгіра. Яго назва звязаная з балцкім *stabas «камень» і найверагодней адпачатна гучала проста як «Ста́бас», што значыла «Камень». На ўсходзе старабалцкай тэрыторыі той жа корань у балцкіх рачных назвах тыпу Стабна «Каменная (рака)»В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 209..
Камень «Стабас» — духоўна-матэрыяльная спадчына верхневілейскіх балцкіх плямёнаў, якія ўшаноўвалі вытокі Віліі. Таксама мяркуюць, што яго сакральна-абрадавая функцыя магла датычыцца ўсёй мясціны водападзелу, з якой у розныя бакі расцякаюцца рэкі, бо недалёка ад Сцёп-каменя таксама пачынаюцца прытокі верхняга цячэння БярэзіныКашкурэвіч Т. Касмаграфія і тапаграфія ў крыўскіх легендах пра камяні-краўцы ды пра паходжанне рэк Вялля (Нярыс) і Бярэзіна // Druvis. 2005, № 1. С. 37-46..
Можна меркаваць, што вертыкальная пастаўленасць каменя «Стабас», які некалі стаяў на беразе разлеглага верхавога возера, надавала яму значэнне Восі, Слупа, што забяспечваў сувязь паміж светамі, чалавечым і падземным (у арыентаваным на хтанічнасць светапоглядзе), або нябесным і зямным (у светапоглядзе з большай роляй нябеснай, светлавой сакральнасці).
Асноўныя прытокі Справа: Сэрвач, Нарач, Страча, Жэймяна, Швянтойі, Сластаўка. Злева: Дзвінаса, Ілія, Уша, Сянканка, Ашмянка, Смердзія. Амаль усе прытокі Віліі каналізаваныя. Усяго ў басейне ракі больш за 40 каналаў агульнай даўжынёй каля 300 км.
Жыўленне, водны і лядовы рэжым Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сакавіка і доўжыцца каля 50 сутак. Рэжым адрозніваецца інтэнсіўным веснавым разводдзем (каля 45 % гадавога сцёку) і нізкім стаяннем вады ў летнюю межань. Пасля стварэння Вілейскага вадасховішча ўзроўневы і сцёкавы рэжым ніжэй ад плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Сярэднегадавы расход вады каля горада Вілейка 28,1 м³/с, на выхадзе за мяжу Беларусі 80 м³/с. Замярзае ў верхнім цячэнні на пачатку снежня, у сярэднім і ніжнім — у канцы снежня ці на пачатку студзеня; крыгалом ў 2‑й палове сакавіка ад вярхоўяў да вусця. Максімальная таўшчыня лёду 51 см (люты). Веснавы крыгаход працягваецца 4-9 сутак. Сярэдняя тэмпература вады летам 18—20 °C, найбольшая ў ліпені (27,9 °C, 1956).
Фаўна У рацэ водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра, пячкур, язь, ялец, краснапёрка, джгір; каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, галавень, стронга ручаёвая, падуст, сом, мянтуз, вугор.
На рацэ Тэрыторыя басейна Віліі ўтварае гістарычную вобласць Павілле.Звяруга Я. Г. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. Мінск, ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005
На рацэ размешчаны гарады: Вілейка, Вільня, Коўна (у вусці). У вярхоўі гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Верхневілейскі». На берагах у маляўнічых мясцінах створаны зоны адпачынку Вілейка, Плёсы; санаторыі «Вяжуці» (7 км ад вёскі Вяжуці Маладзечанскага раёна), «Залессе» (аграгарадок Залессе Смаргонскага раёна), дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лясная Паляна» (аграгарадок Жодзішкі Смаргонскага раёна). Каля вытоку Віліі помнік прыроды — Бярозкаўскі дуб-волат.
Папулярны аб’ект воднага турызму. На рацэ створана Вілейскае вадасховішча, галаўное вадасховішча Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Вадасховішча пітнога водазабеспячэння, частка вады з якога па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў раку Свіслач (прыток Бярэзіны).
Гідралагічныя назіранні вядуцца на пастах Сцешыцы, Вілейка і Міхалішкі.
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Звяруга Я. Г. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. — Мінск, ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005 Лойка П. Унутраная палітыка ВКЛ (XIV — сярэдзіна XV ст.) // Бібліятэка гістарычных артыкулаў. Мястэчка Буйвіды над Віліяй атрымала герб // Рэгіянальная газета Экспедыцыя — не паўтарэнне пройдзенага // Рэгіянальная газета Вяз, з вышыні якога бачныя адразу тры гарады — Маладзечна, Вілейку і Смаргонь // Рэгіянальная газета
Катэгорыя:Прытокі Нёмана Катэгорыя:Рэкі Літвы Катэгорыя:Рэкі Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Рэкі Мінскай вобласці Катэгорыя:Рэкі Докшыцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Лагойскага раёна Катэгорыя:Рэкі Вілейскага раёна Катэгорыя:Рэкі Маладзечанскага раёна Катэгорыя:Рэкі Смаргонскага раёна Катэгорыя:Рэкі Астравецкага раёна