Друць — рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях Беларусі, правы прыток Дняпра.

Даўжыня ракі 295 км. Плошча вадазбору 5020 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Агульнае падзенне ракі 105,2 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 ‰.

Назва На думку К. Машынскага, назва ракі Друць супастаўляецца са стараінд. drávati «бяжыць, спяшаецца, расцякаецца», авест. drav- «бегчы» і паходзіць ад *drъjǫt- «які спяшаецца, які бяжыць»K. Moszyński. Pierwotny zasiąg języka prasłowiańskiego. Wrocław-Kraków, 1957. S. 193-194..

На думку У. Тапарова, назва Друць, верагодна, з балц., параўн. лтш. Druve, ст.-пруск. Drawe, жамайцк. Друт-ретя, літ. Drutiškiai і інш., пры літ. drūtas «моцны»В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 185..

На думку А. Сабалеўскага, назва Друць складаецца з дзвюх частак: Дръ-ють. Частка др тлумачыцца пры дапамозе ст.-персідскага дар «мора, возера, вялікая рака»А. И. Соболевский. Русско-скифские этюды. ИОРЯС, XXVII. 1924. С. 274-275..

Назва Друць можа мець і кельцкае паходжанне са значэннем «дуб»И. Н. Шарухо. Палеоэтнокультурная география Беларуси // Наукові записки Сумського державного педагогічного університету. Суми, 2010. Вип. 1. С. 113..

Паводле Ю. Покарнага, існуе індаеўрапейскі корань drā-, dreu- «бегчы, ступаць»J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 204—205..

На думку Х. Краэ, ад індаеўрапейскага *dreu- / *dru- «бегчы, спяшацца» (ст.-інд. drávati «бяжыць», drutáh «спяшаючыся» і г. д.) паходзяць гідронімы *Drutos > Drot (прыток Гароны), *Druta > Droude (басейн Роны) і інш.H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 55, 65..

На думку А. Ванагаса, літоўскія гідронімы Dreverna, Drawanta, Drawing, а таксама назва ракі Друя звязаныя са ст.-інд. draváh «бег», drávati «бяжыць»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1980. — С. 90—92..

Асноўныя прытокі Справа: Аслік, Малыш, Вядзерка, Даўжанка, Вепрынка, Белая, Дабрыца, Каменка. Злева: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза, Узбінка.

На рацэ Гарады: Талачын, Круглае, Бялынічы, Рагачоў. Вёскі: Друцк. Вадасховішчы: Талачынскае, Чыгірынскае, Цяцёрынскае. Зоны адпачынку: Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.

У 1948 годзе на рацэ Друць была пабудавана і пушчана ў эксплуатацыю малая гідраэлектрастанцыя калгаса «Перамога» Ляснянскага сельсавета, на цяперашні момант не існуеГазета паведамляла… : па старонках Круглянскай раённай газеты «Ленінскі сцяг» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага р-на. — Мн., 1996. — С. 481..

Гідраграфія

Пачынаецца за 1 км на захад ад вёскі Раздольная Талачынскага раёна, вусце на паўднёвай ускраіне Рагачова. Агульная даўжыня рачной сістэмы Друці складае 2000 км, густата рачной сеткі — 0,39 км/км³. Вадазбор у вярхоўі — ў межах Аршанскага ўзвышша, на астатнім працягу — ва ўсходняй частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасховішча (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд.

Асаблівасці рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54 % гадавога сцёку. Веснавы пад’ём узроўню вады інтэнсіўны (7—10 сутак), найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанню 2,5—2,8 м. Веснавы ледаход доўжыцца каля 3 сутак. Рака прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.

Даліна Друці да ўпадзення ракі Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная, шырынёй 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, вышыня іх 8—30 м, да гарадскога пасёлка Бялынічы адкрытыя і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы ўмерана стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма пераважна двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцёрынскім, у ніжнім — Чыгірынскім вадасховішчамі), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай частцы роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі, лагчынамі.

Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі: ад вёскі Навасёлкі да горада Талачын (7 км) і ад пункта за 0,4 км ніжэй моста на аўтамабільнай дарозе Мінск—Масква да аграгарадка Друцк (8,6 км). На астатнім працягу моцна-звілістае, свабодна меандруе, ніжэй упадзення ракі Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы з шматлікімі старыцамі і залівамі. Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй — 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя, вышынёй 1—2,5 м (на лукавінах 3—5 м), у вусцевай частцы спадзістыя, вышынёй да 1 м.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Прытокі Дняпра Катэгорыя:Рэкі Талачынскага раёна Катэгорыя:Рэкі Круглянскага раёна Катэгорыя:Рэкі Бялыніцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Магілёўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Клічаўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Быхаўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Кіраўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Рагачоўскага раёна