Бітва пад Кірхгольмам 17 (27) верасня 1605 года — баявое сутыкненне шведскіх (кам. Карл IX; ~11—14 тыс., 11 гармат) і рэчыпаспалітаўскіх войск (кам. Ян Хадкевіч; ~3,9 тыс., 7 гармат; : сілы бакоў) падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 гадоў каля Кірхгольма (цяпер Саласпілс, Латвія).
Поўную перамогу ў бітве ўзялі войскі Рэчы Паспалітай. У выніку знята аблога Рыгі, а шведы адступілі з ужо занятых імі зямель Інфлянтаў. Аднак, з прычыны памылак вышэйшага камандавання Рэчы Паспалітай перамога, пры ўсёй сваёй значнасці, не мела карысных стратэгічных наступстваў.
Бітва ўваходзіць у лік вядомых поўных перамог меншымі сіламі, а таксама ў лік значных перамог войск Вялікага Княства Літоўскага (бач сілы бакоў) і ў лік бітваў, дзе вырашальную ролю адыграла гусарыя.
Гістарычная спадчына бітвы — прадмет дыскусій беларускіх, літоўскіх і польскіх гісторыкаў.
Перад падзеямі Галоўнаю падставай бітвы была шведская аблога Рыгі (з 23.9.1605), узяцце якой дазволіла б шведам амаль без перашкод заняць Інфлянты цалкам.
Марш на Рыгу Гетман Я. К. Хадкевіч сабраў экспедыцыйнае войска ВКЛ і інфлянцкае паспалітае рушанне ў табары пад Дорпатам, і раніцай 25 верасня вывеў войска фарсіраваным маршам на Рыгу. Двухдзённы 80-кіламетровы марш скончыўся вечарам 26 верасня недалёка ад Кірхгольма, і быў сам сабою беспрэцэдэнтным дасягненнем, асабліва для войска, у складзе якога былі пяхота і артылерыя, і якое рухалася, між іншым, па цяжкапраходных лясных дарогах. Перад падыходам асноўных сілаў пад Кіргхольм былі скіраваныя выбранцы і абознікі дзеля таго, каб накапаць абарончы табар на тылах шведскай групоўкі пад Рыгай (каля 15 міль на усход).
Шведскі марш Шведы прыбылі пад Рыгу двума шляхамі: на караблях і маршам з Парнавы па ўзбярэжжы пад прыкрыццём карабельнай артылерыі. Шведскі кароль даведаўся 26 верасня пра надыход войска РП і асабіста, і насуперак думцы многіх шведскіх камандзіраў, вывеў, у ноч на 27 верасня, амаль усё сваё войска насустрач Хадкевічу, пакідаючы пад Рыгай толькі невялікую сілу для падтрымання аблогі. Адзначаецца, што моцны лівень апоўначы моцна змучыў шведскае войска на маршы.
Сілы бакоў У бітве, якая, паводле планаў абодвух камандуючых, мелася быць вырашальнай, інфлянцкія кантынгенты Швецыі і ВКЛ удзельнічалі амаль поўным складам.
Шведскія войскі Распаўсюджаная ацэнка колькасці шведскіх войск пад Кірхгольмам — 11 тысяч чалавек. Таксама ёсць ацэнкі колькасці шведскіх войск, роўныя або амаль роўныя колькасці ўсіх шведскіх войск пад Рыгай (12—14 тыс.), напрыклад, такую лічбу дае сам Я. К. Хадкевіч у справаздачы каралю, напісанай 30 верасня з-пад Рыгі. У гістарыяграфіі замацаваны розныя меркаванні пра суадносіны шведскай пяхоты і кавалерыі — 7,8 і 2,2 тыс., 6 і 5 тыс., 11 і 3 тыс.
Вядома, што на полі бою шведскія войскі арганізацыйна складалася з 13 батальёнаў (рэгіментаў) пяхоты і 11 эскадронаў кавалерыі, з 11 гарматамі. Пяхота была як наёмнай, арганізаванай на 2/3 з мушкецёраў і на 1/3 з пікінёраў, так і шведскай, у якой пікінёраў было значна меней. Кавалерыя складалася з райтарыі.
Войскі Рэчы Паспалітай Войска наймалася і падначальвалася гетману і афіцэрам на службе ВКЛ і аплочвалася з яго скарбаў. Фармальна яно ваявала за крыўду агульнага манарха ад узурпатара яго шведскага дзедзічнага трона і таму, калі перамагло, атрымала падзяку Жыгімонат Вазы з яго надворнага скарбу (які складалі прыбыткі сталовых эканомій) не толькі ВКЛ, але і Польскай Кароны. У войску ВКЛ пяхота і конніца складалі, паводле розных ацэнак, прыблізна 1000—1300 і 2900—2500, адпаведна. Большасць з іх складалі прадстаўнікі ўласна ВКЛ, былі таксама і атрады польскіх добраахвотнікаў. Асноўнай ударнай сілай войск ВКЛ была гусарыя, якой было да 1,7—2,1 тыс. Амаль перад бітвай падышлі курляндскія падмацаванні — 300 рэйтараў. Было 7 гармат.
Бітва Раніцай 27 верасня абодва войскі занялі зручныя для абароны пазіцыі. Шведы стаялі фронтам шырынёй да 800 м на ўзгорку за ручаём, з апорай левага крыла на балоцістую мясцовасць, а правага — на ўзгорак, вёску Кірхгольм і Дзвіну. Іх сілы былі пастаўленыя ў 4 лініі (шыхты), лініі пяхоты і кавалерыі па чарзе. Перад першай лініяй была выстаўлена артылерыя.
Войска ВКЛ і інфлянцкіх немцаў стаяла на процілеглым узгорку, абапіраючыся левым крылом на ўмацаваны табар над Дзвіной. Я. К. Хадкевіч так паставіў свае войскі, каб скарыстацца з рэльефу і патэнцыялу кожнага ваяра, асабліва гусарыі, на сваім левым крыле. Апроч таго, Хадкевіч загадаў сваім атрадам стаяць як мага цясней, каб здавалася, што іх яшчэ меней, чым было. 5 гармат былі пастаўлены з пяхотай у першай лініі, рэшта артылерыі была пакінутая ў табары. Пасля шыхтоўкі гетман вывеў на далёкі пагорак частку абознай чэлядзі і распаўсюдзіў чутку пра падыход падмацавання з ВКЛ. Моцны вецер быў са спіны войска ВКЛ і гнаў у вочы шведскіх мушкецёраў пыл, малатаго што тагачасныя мушкеты мелі кепскую эфектыўнасць, дзеля ўзмацнення эфекту чаляднікі спецыяльна палілі вогнішчы і ламалі борці, чым перашкаджалі прыцэльнай стральбе.
Праціўнікаў падзяляла каля да 1,5 км нізіны, якую дзяліў яр з невялікім ручаём. Рэльеф мясцовасці і ўласная колькасць прымушалі шведаў пашыхтавацца ў два эшалоны (гуфы). Гетман ВКЛ выкарыстаў гэта і, сцягнуўшы у бой першы варожы гуф, вырашыў лёс бітвы з ім, у выгодных для сябе варунках. Каб выцягнуць шведаў з іх абароннай пазіцыі, Хадкевіч з раніцы высылаў на поле гарцоўнікаў, але да полудня сітуацыя не мянялася. Тады Я. К. Хадкевіч ужыў ваенную хітрасць, загадаўшы гарцоўнікам уцякаць з поля так, каб гэта выглядала як агульнае адступленне ўсяго войска.
Карл IX няправільна ацаніў сітуацыю і загадаў наступаць першым дзвюм лініям (7 батальёнаў пяхоты ад Ленартсанам, 6 эскадронаў райтарыі пад Брантам (злева) і Мансфельдам (справа)) наступаць на пазіцыі сіл інфлянцкага войска ВКЛ. Такім чынам, шведскае войска падзялілася на дзве асобныя часткі, і войскі ВКЛ на пэўны час атрымалі магчымасць змагацца толькі з паловай шведаў.
Перайшоўшы ручай, шведы пачалі падымацца на ўзгорак. Легкая кавалерыя ВКЛ: казакі і татары, на левым фланзе адступілі максімальна ўверх да лагера выцягваючы на сябе ворага. Але як толькі вораг расцягнуўся і адарваўся ад другога эшалона праз нізіны, казакі і татары ўтрымаліся на гары, а шведы апынуліся ў агнявым мяшку — пад перакрыжаваным мушкетным і артылерыйскім агнём з табару, казакоў ад Дзвіны і з цэнтра. Паміж табарам і цэнтрам войска ВКЛ на левым флангу у бой увайшлі цяжкая кавалерыя. Па даліне шведскую пяхоту разрэзалі роты Тамаша Дубровы (900 гусараў) і ў сустрэчным баі разбіла райтарскі караколь Мансфельда, які прыкрываў тыл пяхоты і злучаў яе з цэнтрам. Скіраваўшы ў пагоню за разбітымі райтарамі лёгкія харугвы, Т. Дуброва павярнуў сваю роту на пяхоту і пачаў прыціскаць яе да табара ВКЛ наверх і адразаць ім шлях да адступлення ўнізе. На левым фланзе шведы трапілі ў абцугі з колькаснай перавагай 1300 літвінаў на 600—800 шведаў. Правы фланг шведаў абрынуўся, але яго ўцёкі здолеў спыніць на пагорку каля развалін кірхольмскай кірхі другі гуф шведаў, які яшчэ не ўступаў у бой.
У цэнтры шведскую пяхоту з гары атакавалі гусарскія харугвы Вінцэнта Войны (300 гусараў) і курляндскія рэйтары Кетлера (300 рэйтараў). Амаль адначасова на правым крыле гуф Яна Пятра Сапегі (700 гусараў) здолеў разбіць і пагнаць колькасна мацнейшую рэйтарыю Бранта (1200 рэйтараў). Прычым, калі гусарыя выходзіла на пазіцыі перад атакай, яна раз’язджалася з глыбокага карэ ў хвалі глыбінёй ў 2-4 вершнікі, што дазваляла выкарыстаць ударны патэнцыял кожнай іх дзіды і нават на флангу, перахлыснуць глыбіню шведскіх карэ і нават зайсці ворагу ў тыл.
Пакуль справа вырашалася на флангах, харугвы Войны і Кетлера звязвалі боем шведскую пяхоту ў цэнтры. Кульмінацыя бітвы заняла паўгадзіны.
Такім чынам, шведы трапілі ў цяжкае становішча: палова іх конніцы была разбітая, пяхота цэнтру трапіла ў мех — акружэнне з трох бакоў. Тады Карл IX скіраваў супраць гуфа Я. П. Сапегі рэшту сваёй кавалерыі, з 4-й лініі, а адагнаная райтарыя Бранта здолелі затрымацца, упарадкавацца і ўдарылі з сіламі другога шведскага гуфа на гуф Я. П. Сапегі на правым фланзе.
Зараз у цяжкім становішчы апынуўся гуф Я. П. Сапегі. Тады Я. К. Хадкевіч, дзеля узмацнення скіраваў свой рэзервовы гуф Тэадора Ляцкага (200 гусараў) і татараў ВКЛ шырокім абходным рухам, каб ударыць з флангу па райтарыі і пяхоце, якая білася з гуфам Я. П. Сапегі і часткай рот Войны. Крыло атакі кавалерыі ізноў пачало ахопліваць шведскі фланг далека. Райтарыя ворага запанікавала і пачала ўцякаць.
Пасля гэтага гусарыя Я. П. Сапегі і Т. Ляцкага і гетмана ВКЛ атакавала на левым флангу, пяхоту ворага якая ўсё яшчэ абаранялася на кіргольмскім пагорку, разбіла шведскія баявыя парадкі, прымусіўшы ўцякаць і пяхоту. Уцёкі разбітых з правага і з левага флангаў не дазволілі Карлу ІХ уводзіць новыя рэзервы з другога эшалона.
На гэтым лёс бітвы быў вырашаны. Шведы кінуліся ў агульныя ўцёкі, за імі гналіся і секлі на працягу 9 км. Сам Карл IX з рэшткамі войска ледзьве здолеў уцячы на караблі і адплысці. Войска РП узяло 60 сцягоў і 11 гармат.
Страты бакоў Страты шведаў былі нечувана вялікімі, і дасягалі 9 тыс. ч. (82 % асабістага складу) Страты войска РП былі, наадварот вельмі малымі, і складалі 100 чалавек забітымі і 200 чалавек параненымі. Рэшткі шведаў ці адплылі ў Швецыю, ці адышлі да Парнавы. Войскі ВКЛ, якія хранічна не атрымоўвалі аплаты за службу і галадалі, сарвалі контрнаступ пасля перамогі — аб’явілі канфедэрацыю і зышлі з тэатру баявых дзеянняў у Брэсцкую, а праз год у Гродзенскую эканомію.
Цікавыя факты Згадваецца ў п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» у якасці прымаўкі апісваючы поўны разгром «пабіў, як Хадкевіч шведаў пад Кірхгольмам» .
Паводле легенды — гетман перад бітвай апісаваў свайму войску безвыходнасць сітуацыі "Адтуль вораг напірае, з іншага - Дзвіна спыняе" ("Inde hostis premit, hoc nos Duna coercert"), а калі Я. К. Хадкевіч пачаў казаць жаўнерам, што ворагаў болей, нехта з шэрагаў яго перабіў крыкнуўшы «Палічым шведаў лепей, калі паб’ем!».
Крыніцы
Літаратура Якубаў В. Барацьба Вялікага княства Літоўскага за Інфлянты ў канцы XVI — пачатку XVII ст. Вільня: Ciklonas, 2024 Cichowski J, Szulczynski F. Husaria. — Warszawa, WMON, 1977 Balcerek, M. Ordre de Bataille armii walczących pod Kircholmem dnia 27 września 1605 r. // Do szarży marsz, marsz…Studia z dziejów kawalerii. — T. 4. Toruń, 2013 — s. 27-62 Podhorodecki L. Slawni hetmani Rzeczy Pospolitej. Warszawa, 1994 Naruszewicz A. Historyja J.K. Chodkiewicza Wojewody wileńskiego hetmana WXL. Warszawa, 1805. Т. 1 Korrespodencye Jana Karola Chodkiewicza / Opracował i opisał W.Chomętowski. Warszawa, 1875 Roberts, M. The Early Vasas: A History of Sweden 1523—1611. — Cambridge : Uniwersity Press, 1968.
Спасылкі
Катэгорыя:Бітвы паводле алфавіта Катэгорыя:Бітвы Швецыі Катэгорыя:Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600—1611) Катэгорыя:Бітвы XVII стагоддзя Катэгорыя:Бітвы ў Латвіі Катэгорыя:Канфлікты 1605 года Катэгорыя:Бітвы Рэчы Паспалітай Катэгорыя:1605 год у Еўропе Катэгорыя:Саласпілс Катэгорыя:Верасень 1605 года Катэгорыя:Падзеі 27 верасня