Свята-Троіцкая царква — праваслаўны храм у аграгарадку Астроўна (Бешанковіцкі раён). Размешчана на паўднёвым беразе возера Астроўна.

Гісторыя Пабудавана ў гонар перамогі ў 1564 годзе як касцёл па фундацыі вялікага князя і караля Жыгімонта Аўгуста. Ён жа ахвяраваў сюды цудоўны абраз Дзевы Марыі, упрыгожаны багатым абкладам. Пазней храм быў разбураны, сродкі на яго аднаўленне даў віцебскі ваявода Міхал Пацей. Каля 1620 года ваявода мсціслаўскі Аляксандр Сапега пабудаваў пры касцёле манастыр і запрасіў туды манахаў дамініканскага ордэна. Перабудавана ў 1873 годзе ў праваслаўную царкву.

Архітэктура

Манументальная 3-нефавая базіліка са званіцай. Асноўны неф храма — прамавугольны ў плане аб’ём, завершаны 2-схільным дахам з тонкапрафіляваным карнізам. Архітэктура фасадаў лаканічная — магутныя сцены (таўшчыня 1 м) прарэзаны высока ўзнятымі аконнымі праёмамі і крапаваны ў прасценках шырокімі лапаткамі. З заходняга боку да аб’ёма далучаецца нартэкс і 3-ярусная званіца (1-ярус мае акруглы абрыс, 2-і цыліндр, 3-і — васьмярык). Галоўны ўваход вылучаны лучковым праёмам.

Унутры прастора храма 4 магутнымі слупамі падзелена на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з распалубкамі і падпружнымі аркамі. Цэнтральны неф пераходзіць у прамавугольную апсіду з адкрытымі ў яе арачнымі праёмамі бакавых сакрысцій. Пры ўваходзе размешчаны хоры, на якія вядуць 2 лесвіцы ў тоўшчы бакавых сцен.

Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Бешанковіцкага раёна Катэгорыя:Астроўна (Бешанковіцкі раён) Катэгорыя:З’явіліся ў 1564 годзе Катэгорыя:Колішнія касцёлы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Храмы Віцебскай і Аршанскай епархіі Катэгорыя:1564 год у Еўропе Катэгорыя:XVI стагоддзе ў Беларусі