Уладзімір Сяргеевіч Салда́таў (нар. , г. Смаленск) — беларускі фізікахімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984; член-карэспандэнт з 1977), доктар хімічных навук (1970), прафесар (1972). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2002).

Біяграфія Нарадзіўся ў Смаленску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1959). З 1959 года старшы лабарант у Інстытуце агульнай і неарганічнай хіміі АН БССР, з 1962 года выконваючы абавязкі загадчыка Салігорскага філіяла, з 1966 года загадчык лабараторыі, адначасова ў 1988—1992 гадах віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР. З 1981 года дырэктар, з 2004 года загадчык аддзела Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навуковая дзейнасць Навуковыя працы ў галіне іоннага абмену, сінтэзу і вывучэння палімерных сарбентаў, іонаабменных экстрагентаў, па ўзаемадзеянні поліэлектралітаў са складанымі арганічнымі рэчывамі. Даследаваў іонаабменныя працэсы ў многаіонных сістэмах, на аснове якіх распрацаваў агульныя прынцыпы і тэхналогію атрымання і рэгенерацыі іанітных глеб. Распрацаваў тэорыю раўнаваг, якія наступаюць пры кантакце слабых сеткаватых электралітаў, а таксама тэарэтычныя асновы атрымання і рацыянальнага прымянення палімерных мембран зададзенай структуры для ачысткі газаў і вадкасцей ад мікрачасціц і бактэрый. Стварыў мікрафільтры для тонкай ачысткі тэхналагічных асяроддзяў, што дазволіла атрымаць мікрасхемы высокай ступені інтэграцыі. Распрацаваў навуковыя асновы і тэхналогію атрымання хімічна актыўных тэкстыльных матэрыялаў (іанітаў, камплексонаў, каталізатараў), якія знайшлі выкарыстанне ў ачыстцы вады і паветра і ў якасці індывідуальных сродкаў аховы чалавека ад таксічных рэчываў. Правёў эксперыментальныя і тэарэтычныя даследаванні ўзаемадзеяння іанізаваных арганічных і неарганічных рэчываў з іонаабменнымі экстрагентамі, на аснове якіх распрацавана новая тэхналогія атрымання высокаачышчаных амінакіслот, рэалізаваная на Гродзенскім заводзе медыцынскіх прэпаратаў.

Аўтар звыш 650 навуковых прац, у т.л. 4 манаграфій, каля 160 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы Имя в белорусской науке: Солдатов Владимир Сергеевич // Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі.

Прэміі і ўзнагароды Ордэн «Знак Пашаны» (1979). Прэмія Ленінскага камсамола 1971 года за цыкл прац па тэрмадынаміцы іонаабменных працэсаў. Дзяржаўная прэмія БССР 1980 года за распрацоўку тэарэтычных прынцыпаў і тэхналогіі атрымання штучнай іанітнай глебы як універсальнага асяроддзя для карнявога жыўлення раслін. Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 1993 года за цыкл прац «Матэматычнае мадэляванне іонаабменных раўнаваг».

Навуковыя працы Простые ионообменные равновесия. — Мн.: Наука и техника, 1972. Ионитные почвы. — Мн.: Наука и техника, 1978 (разам з Н. Г. Пёрышкінай, Р. П. Харошка). Ионообменные равновесия в многокомпонентных системах. — Мн.: Наука и техника, 1988 (разам з В. А. Бычковай). New materials and technologies for environmental engineering. Pt. I. Lodz. 2004 (у сааўтарстве).

Літаратура

Спасылкі Акадэмікі: САЛДАТАЎ Уладзімір Сяргеевіч // НАНБ ВЛАДИМИР СЕРГЕЕВИЧ СОЛДАТОВ(К 80-летию со дня рождения) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя хімічных навук. 2017. Уладзімір Сяргеевіч Салдатаў у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Люди науки: ВЛАДИМИР СЕРГЕЕВИЧ СОЛДАТОВ(к 80-летию со дня рождения) // Полимерные материалы и технологии — Т.3 (2017), № 2, С. 85—86. База патентов Беларуси

Катэгорыя:Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Катэгорыя:Фізікахімікі СССР Катэгорыя:Фізікахімікі Беларусі