Анто́н Феадасевіч Бачко́ або Антон Бо́чка ( — ?) — беларускі вайсковец. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія Выпускнік Віленскага настаўніцкага інстытута і Віленскага пяхотнага вучылішча (1 кастрычніка 1915 года).

У часе Першай сусветнай вайны быў афіцэрам расійскай арміі. Служыў у 104-м пяхотным Усцюжскім палку на Паўднёва-Заходнім фронце, быў паранены ў Галіцыі. Падпаручнік (6 верасня 1916 года). Узнагароджаны ордэнамі Св. Ганны 4-й і 3-й ст. і Св. Станіслава 3-й ст. Звольнены ў запас войска як настаўнік (22 снежня 1917 года).

Прыхільнік генерала Станіслава Булак-Балаховіча. У 1920 годзе жыў у Слуцку, выкладаў у Слуцкім рэальным вучылішчы. Адзін з арганізатараў беларускай міліцыі Случчыны. Хварэў на «іспанку», але 1 лістапада 1920 года абраны ў склад новага Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэта разам з Арсенем Паўлюкевічам і Янам Мацэлям. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну. У канцы паўстання разам са штабс-капітанам Антонам Самусевічам ездзіў у Ганцавічы да палякаў па зброю, але атрымалі толькі некалькі соцень старых вінтовак і два старыя паламаныя кулямёты. Па сканчэнні паўстання лячыўся да сакавіка 1921 года ад «іспанкі» пад Ляхавічамі. Супрацоўнічаў з «Зялёным Дубам». Пазней спыніў супрацоўніцтва і жыў у Клецку, працаваў настаўнікам у рускай гімназіі. Пасля закрыцця рускай школы пераехаў у 1923 годзе ў Гарадзею. Працаваў у польскай школе настаўнікам матэматыкі.

У часе Другой сусветнай вайны — афіцэр Беларускай краёвай абароны. Аўтар успамінаў пра Слуцкі збройны чын.

Меў стрыечнага брата, паручніка Гапановіча, які таксама ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне. Бацька Аляксандра (Бачко) Надсана.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Баринов И. Документы Антона Бочко в Военно-историческом архиве // Запісы беларусаведа, 7.6.2022.

Катэгорыя:Удзельнікі Слуцкага паўстання Катэгорыя:Ваенныя Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускай краёвай абароны