Магілёўская воласць, Магілёўскае староства, або Магілёўская эканомія — буйное дзяржаўнае ўладанне ў XIV—XVIII стст., з 1589 года сталовы маёнтак (эканомія) у Вялікім княстве Літоўскім.

Гісторыя У 1387—1399 гадах воласць належала каралеве Ядвізе. У XV ст., напэўна, з воласці вылучаны маёнтак Буйнічы. У 1501—1513 гадах у пажыццёвым уладанні вялікай княгіні Алёны Іванаўны, пазней — дзяржаўная ўласнасць. Тэрыторыя воласці фарміравалася да 1-й паловы XVI ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. Станам на 1560 год уключала Магілёў і больш за 60 сёлаў, з іх буйнейшыя — Вейна (112 дымоў), Коханавічы (100), Сідаравічы (67), Аніскавічы (57), Чавусавічы (або Чавусы) (53). У сярэдзіне XVI ст. звычайна называлася староствам.

Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гадоў воласць у складзе Аршанскага павета. З 1589 года перайшла ў разрад эканомій, з гэтага часу імкліва павялічвалася колькасць паселішчаў і насельніцтва. Паводле інвентара 1604 года, апроч Магілёва, складалася са 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. На пачатку XVII ст. эканомія была буйнейшым велікакняжацкім маёнткам усходняй часткі ВКЛ — больш за 6 000 валок (каля 130 тыс. га ворнай зямлі) і 50 000 насельніцтва. Кіравалася велікакняжацкай адміністрацыяй, так званым Магілёўскім замкам на чале са старостам або дзяржаўцам.

Колькасць земляў, вылучаных са складу эканоміі ў вечнае і пажыццёвае ўладанне шляхты, была адносна нязначнай, пры гэтым шляхта мусіла трымацца «Уставы вольнасцей і павіннасцей Магілёўскай эканоміі» ад 1647 года без злоўжыванняў улады. Сяляне плацілі чынш у велікакняжацкі скарб, адработачных павіннасцей амаль не было, мелі значную гаспадарчую свабоду, маглі займацца промысламі, паляваць, вылоўліваць рыбу, гандляваць на рынках прадуктамі сваёй гаспадаркі, будаваць і карыстацца млынамі, хадзіць на заробкі за межы эканоміі.

Пасля спусташальных казацкай (1648—1651) і расійска-рэчыпаспалітаўскай (1654—1667) войнаў колькасць сялянскіх гаспадарак у эканоміі зменшылася з 5 118 да 4 194 — на 18 %. Падчас Паўночнай вайны (1700—1721) праз працяглыя баявыя дзеянні, масавыя рэквізіцыі, голад і эпідэміі колькасць насельніцтва значна зменшылася, эканомія запусцела. У крыніцах пасляваеннага часу адзначалася, што «шмат сялян павымірала, палова вёсак абязлюдзела, а ў іншых па тры, чатыры селяніны».

Для аднаўлення гаспадаркі кароль выдаў «уставу», паводле якой сяляне-«новікі» (новыя пасяленцы) маглі браць зямлі, колькі здольныя апрацаваць, вызваляліся на некалькі гадоў ад падаткаў і шэрагу адработачных павіннасцей. У выніку з 1712 да 1742 года колькасць пустых валок у эканоміі скарацілася з 1537 да 419. На працягу 2-й паловы XVII — 1-й паловы XVIII стст. з сялян патрабавалі выключна грашовую рэнту. У 2-й палове XVIII ст. паўсюдна пашыралася вытворчасць моцных напояў, тым часам прыбыткі Магілёўскай эканоміі на 37 % складаліся з арэнды корчмаў.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) эканомія ў складзе Расійскай імперыі, налічвала 5 261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу. Значная частка эканоміі раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным расійскай імператрыцы Кацярыны II — А. М. Рымскаму-Корсакаву (5 829 душ з мястэчкам Чавусы), А. П. Ярмолаву (4 445 душ), В. Я. Чычагаву (3 997), А. А. Празароўскаму (448 душ з мястэчкам Сухары) і іншым. Рэшта захавалася як дзяржаўныя маёнткі.

Войтаўствы ў 1604 годзе Асавецкае (23 сялы) Бардзілаўскае (22) Благавіцкае (24 сялы і новазаснаванае мястэчка Чавусы) Брылеўскае (14) Вейнаўскае (18) Горбавіцкае (13) Даманавіцкае (13) Іструбіцкае (4) Плешчыцкае (14) Пуцькаўскае (23) Ульянавіцкае (13) Чамаданаўскае (створана ў 1600; 12 сёлаў)

Кіраўнікі воласці і эканоміі Намеснікі, старосты, дзяржаўцы і адміністратары. Юрый Іванавіч Зяновіч (1514—1516) Я. Шчыт (1516—1518) Васіль Іванавіч Саламярэцкі (1520—1540) Ф. Бака (1540—1547) Януш Юр’евіч Гальшанскі-Дубровіцкі (1547—1549) Станіслаў Мікалаевіч Кезгайла (1552—1554) Астафій Багданавіч Валовіч (1554—1564) Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч (1564—1572) Аляксандр Рыгоравіч Хадкевіч (1572—1578) Дзмітрый Халецкі (да 1598) Леў Іванавіч Сапега (да 1633) Крыштаф Гасеўскі (да 1643) Вінцэнт Гасеўскі (1643—1644) Міхал Гедэон Трызна (1645—1651) Станіслаў Ян Зжадзінскі (1652—1653), пісар скарбовы (з 1645), дзяржаўца і адначасова падстароста магілёўскі Мікалай Пятроўскі (1653 — верасень 1654), кухмістр вялікі літоўскі Міхал Казімір Пац (1664 — каля 1682) Ян Антоні Храпавіцкі (1683 — каля 1685) Казімір Леапольд Жалігоўскі (каля 1690 — каля 1693) М. Пацей (1736—1772)

Літаратура

Насевіч В. Магілёўская воласць / Вячаслаў Насевіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; [мастак З. Э. Герасімовіч]. Т. 2: К — Я. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2007. — 788 с. — С. 245—246. — ISBN 978-985-11-0394-8 Насевіч В. Магілёўская воласць / Вячаслаў Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 590 с. — С. 17 — 18. — ISBN 985-11-0141-9

Катэгорыя:Гісторыя Магілёва Катэгорыя:Староствы Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Эканоміі Вялікага Княства Літоўскага