Свя́та-Тро́іцкая царква́ — праваслаўны храм у аграгарадку Цялушы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка.
Гісторыя Пабудавана ў 1902 годзе з цэглы. Адноўлена ў 1990-я гады. Да яе была прыпісана Міхайлаўская царква ў в. Панкратавічы.
Архітэктура Помнік архітэктуры маскоўска-яраслаўскага напрамку рэтраспектыўна-рускага стылю. Руставаны цокаль з ружовага пясчаніку. Адназальны храм з паўкруглай апсідай і бакавымі рызніцамі, трапезнай і званіцай над прытворам. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай. Кубападобны аб’ём малітоўнай залы пакрыты пакатым 4-схільным дахам з 5 цыбулепадобнымі купаламі. Сцены сіметрычна крапаваны трайнымі закамарамі. У пластычнай распрацоўцы фасадаў шмат цаглянага дэкору: аркатура, прафіляваныя карнізы і паясы, паўкалоны, нішы. Нізкая паўкруглая апсіда з пірамідальным дахам і бабінец дэкарыраваны аркатурнымі фрызамі. Прамавугольныя аконныя праёмы абрамлены масіўнымі пластычнымі ліштвамі з «бочкамі» і кілепадобнымі броўкамі.
Унутры малітоўная зала перакрыта корабавым скляпеннем. Апсіда вылучана 3-ярусным іканастасам. У 1-м ярусе званіца з 8-гранным самкнутым скляпеннем вылучаны бакавыя памяшканні прасвірні і лесвічнай клеткі званіцы.
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Бабруйскага раёна Катэгорыя:Цялуша Катэгорыя:1902 год у Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Храмы Бабруйскай епархіі