Адэ́ла Нарма́ндская (; 1062/1067 — ?) — дачка Вільгельма Заваёўніка, жонка Эцьена II, графа Блуа і Шартра, і маці англійскага караля Стэфана Блуаскага.

Біяграфія Адэла, верагодна, была самай малодшай дачкой Вільгельма Заваёўніка і Мацільды Фландрскай. Дакладны год яе нараджэння невядомы: відавочна, што яна нарадзілася не раней за 1062 і не пазней за 1067 года. Адэла атрымала адносна добрую адукацыю (у прыватнасці, валодала латынню). Каля 1083 года яна выйшла замуж за Эцьена-Анры — спадчынніка графа Блуа і Шартра, — які быў адным з найважнейшых саюзнікаў Вільгельма Заваёўніка ў яго барацьбе супраць Анжуйскага графства. У 1089 годзе Эцьен-Анры атрымаў у спадчыну графства Блуа і стаў кіраваць пад імем Эцьена II.

Адэла адрознівалася павышанай рэлігійнасцю і ў 1095 годзе пераканала свайго мужа адправіцца разам з яе братам — Робертам Куртгёзам, герцагам Нармандыі, — у Першы крыжовы паход. Эцьен, аднак, не вылучыўся ў паходзе асаблівай доблесцю і ў 1098 годзе вярнуўся з рэпутацыяй баязліўца. Пад ціскам Адэлы, якая патрабавала выканання зароку ўбачыць Іерусалім, у 1101 годзе Эцьен ізноў адправіўся ў Палесціну, дзе ў 1102 годзе і загінуў у час няўдалай атакі на атрад сарацынаў у Рамле. У час адсутнасці мужа, а таксама пасля яго смерці, у перыяд непаўналецця дзяцей, Адэла выконвала абавязкі рэгенткі Блуаскага графства.

Паводле сведчання Ардэрыка Віталія, Адэла была энергічнай і мудрай жанчынай, якая з поспехам спраўлялася з абавязкам кіравання краінай. Адэла, дзякуючы яе блізкасці з буйнымі французскімі тэолагамі, у прыватнасці, з Іва Шартрскім, адыграла адну з ключавых роляў ва ўрэгуляванні спрэчкі аб інвестытуры ў Францыі і Англіі ў пачатку XII стагоддзя. Для навучання сваіх дзяцей яна запрашала выдатных настаўнікаў, а малодшага Анры адправіла ў Клюнійскі манастыр — адзін з вядучых багаслоўскіх цэнтраў Еўропы таго часу. У той жа час, з прычыны канфлікту са старэйшым сынам Гіёмам, Адэла адхіліла яго ад успадкоўвання, перадаўшы трон Блуа другому сыну Цібо — будучаму графу Шампані. Яшчэ адзін сын, Стэфан, быў у 1111 годзе адпраўлены да двара караля Англіі — брата Адэлы Генрыха I.

У 1120 годзе Адэла сышла ад палітыкі і клопатаў аб выхаванні дзяцей у Марсіньі, дзе і пражыла астатак жыцця. У 1135 годзе яе сын Стэфан стаў каралём Англіі.

Дзеці thumb|left|200px| Адэла Нармандская і Эцьен II Блуаскі мелі, прынамсі, 12 дзяцей: Гіём (каля 1081 1150), сеньёр Сюлі, граф Шартра. Разумова адсталы, праз што быў пазбаўлены спадчыны на карысць малодшага брата Цібо. Ажаніўся са спадчынніцай сеньярыі Сюлі і стаў родапачынальнікам французскага роду Сюлі; Агнэс дэ Блуа (1086/1088 1129), замужам за Гуга III дэ Ле-Пюізэ; Элеанора (каля 1090 1147), замужам (1120—1142, развод) за Раулем I, графам Вермандуа; Літуіза (Адэль) дэ Блуа (1092 пасля 1118), муж — Міла II Малодшы дэ Манлеры, сеньёр Брэ, віконт Труа; Цібо II (1090/1093 1152), граф Блуа (c 1102), граф Шампані (c 1125); Адо (пам. у маленстве); Люсія-Маго (1095—1120), замужам за Рычардам д’Аўраншам, 2-м графам Чэстэр; Стэфан (1096—1154), кароль Англіі (c 1135); Анры дэ Блуа (1099—1171), біскуп Вінчэстэрскі (Генры Блуаскі). Аліса дэ Блуа (1100—1145), замужам за Рэно III, графам дэ Жуаньі; Гумберт (пам. у маленстве); Філіп (пам. у 1100), біскуп Шалон-сюр-Марн.

Літаратура LoPrete, Kimberly. The Anglo-Norman Card of Adela of Blois. — Albion 22, 1990. LoPrete, Kimberly. Adela of Blois and Ivo of Chartres: Piety, Politics, and the Peace in the Diocese of Chartres. // Anglo-Norman Studies 19. Parsons, John Carmi. Medieval Mothering. // New Middle Ages, 1996. LoPrete, Kimberly. «Adela of Blois» Countess and Lord, c. 1067—1137. — Dublin: Four Courts, 2007.

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1060-я гады Катэгорыя:Нармандская дынастыя Катэгорыя:Прынцэсы Англіі Катэгорыя:Рэгенткі Катэгорыя:Жанчыны XI стагоддзя Катэгорыя:Жонкі кіраўнікоў XII стагоддзя Катэгорыя:Святыя паводле алфавіта Катэгорыя:Святыя Францыі Катэгорыя:Хрысціянскія святыя XI стагоддзя Катэгорыя:Хрысціянскія святыя XII стагоддзя