Віктар Генадзевіч Хрэнін (нар. , г. Навагрудак, Гродзенская вобласць, БССР) — беларускі ваенны і дзяржаўны дзеяч, Міністр абароны Беларусі (з 2020). Генерал-лейтэнант (2020).

Біяграфія Нарадзіўся 1 жніўня 1971 года ў Навагрудку ў сям’і вайскоўца. Бацька — Генадзь Іванавіч Хрэнін, палкоўнік запасу, нарадзіўся ў Пензенскай вобласці.

У 1988 годзе скончыў Усурыйскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Пасля заканчэння ў 1992 годзе Омскага вышэйшага агульнавайсковага каманднага вучылішча імя М. В. Фрунзэ ваенную службу праходзіў на пасадах камандзіра мотастралковага ўзвода, камандзіра разведвальнага ўзвода, разведвальнай роты, начальніка аддзялення ўпраўлення — начальніка пункта апрацоўкі інфармацыі каманднага пункта асобнага разведвальнага батальёна, намесніка камандзіра асобнага мотастралковага батальёна, намесніка камандзіра асобнага разведвальнага батальёна, камандзіра асобнага танкавага батальёна, камандзір асобнага гвардзейскага мотастралковага батальёна 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання.

Пасля заканчэння ў 2005 годзе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь ваенную службу праходзіў на пасадах старшага афіцэра аператыўнага аддзялення аператыўнага аддзела штаба Заходняга аператыўнага камандавання, намесніка камандзіра, начальніка штаба — першага намесніка камандзіра 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, начальніка штаба — першага намесніка камандзіра 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання.

З 2008 па 2010 год — камандзір 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады (Фолюш, Гродна), з 2010 па 2014 год — камандзір 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады (Слонім).

У 2014 годзе з адзнакай і залатым медалём скончыў факультэт Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Пасля гэтага праходзіў службу спачатку на пасадзе намесніка камандуючага, а затым у 2014—2015 гадах — начальніка штаба — першага намеснік камандзіра войскаў Заходняга аператыўнага камандавання.

23 чэрвеня 2015 года прызначаны на пасаду камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

20 студзеня 2020 года генерал-маёр Віктар Хрэнін прызначаны на пасаду міністра абароны Рэспублікі Беларусь. 30 кастрычніка 2020 года быў павышаны ў званні да генерал-лейтэнанта.

Сям’я Жонка — Наталля, урач. Дачка — Марына, юрыст, скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Санкцыі ЕС, іншых краін 21 чэрвеня 2021 года быў унесены ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС. Паводле рашэння ЕС, Хрэнін адказваў за прымусовую пасадку пасажырскага рэйса FR4978 у Мінску 23 мая 2021 года, у выніку чаго былі арыштаваныя Раман Пратасевіч і Соф’я СапегаCOUNCIL IMPLEMENTING REGULATION (EU) 2021/997 — EUR-Lex, 21.06.2021. Акрамя таго, Хрэніна ў свае санкцыйныя спісы ўключылі Вялікабрытанія, Канада, Швейцарыя . 6 ліпеня да чэрвеньскага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя.

24 лютага 2022 года быў унесены ў спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША. У тым жа годзе ён трапіў у чорныя спісы Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі і Украіны.

Крыніцы

Спасылкі Біяграфія на сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь . З’явіліся новыя сакратар Рады бяспекі, міністр абароны і начальнік Генштаба Кадровые назначения в руководстве Вооруженных Сил 20.01.2020

Катэгорыя:Міністры абароны Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Ваенныя Беларусі Катэгорыя:Генерал-лейтэнанты (Беларусь) Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС Катэгорыя:Беларускія асобы ў спісе спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША