Забудова вуліцы Маскоўскай — забудова ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці. Будынкі адносяцца да ўзораў гістарычнай забудовы горада, што фарміраваліся ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя і з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны. Захаваліся дамы № 2, № 3, № 4.

Дом № 2 На скрыжаванні вуліц Маскоўскай і Леніна. Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя як жылы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з вальмавым дахам. Зрэзаны вугал дома на скрыжаванні вуліц вылучаны балконам над уваходным праёмам. Падоўжаны галоўны фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі. Планіроўка прыстасавана для прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання.

Дом № 3 Пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў як жылы. Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак з вальмавым дахам. З плоскасных фасадаў дэкарыраваны толькі галоўны. Сродкамі цаглянай фігурнай кладкі створаны карнізы з кранштэйнамі, фігурныя сандрыкі лучковых акон, філёнгі, лапаткі.

Дом № 4 Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя як жылы. У міжваенны перыяд гэты дом належаў глыбоцкаму яўрэю Янкелю Краўту.

Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак з чатырохсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную будову з цэнтральным уваходам. Лучковыя праёмы абрамлены плоскімі ліштвамі, прамавугольнымі нішамі і філёнгамі. Рытм фасада ствараюць лапаткі ў прасценках. Дом падзелены на 2 палавіны; прыстасаваны пад аптэку.

Літаратура

Вярцінская, А. В. Нашы гісторыка-культурныя каштоўнасці : архітэктурныя будынкі Глыбокага / А. В. Вярцінская // Веснік Глыбоччыны. — 2005. — 7 верас. — С. 3. Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Леніна / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 225—226. Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Маскоўскай / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 226. Шыталь, К. Глыбачане набылі для музея рэдкую паштоўку / К. Шыталь // Вольнае Глыбокае. — 2015. — 22 студз. — С. 4.

Катэгорыя:Славутасці Глыбокага Катэгорыя:XX стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Глыбокага