YMCA, (ад  — Асацыяцыя маладых хрысціян) — моладзевая валанцёрская арганізацыя. Стала вядомай праз арганізацыю дзіцячых лагераў. Заснавана ў Лондане ў 1844 годзе Джорджам Вільямсам (1821—1905), налічвае каля 45 млн удзельнікаў у больш за 130 краінах свету.

Па сваім «паходжанні» і мэтах YMCA з’яўляецца хрысціянскай арганізацыяй, ажыццяўляе сваю дзейнасць на хрысціянскіх прынцыпах. Мэтамі праграм YMCA з’яўляюцца ўмацаванне маральнага і фізічнага здароўя людзей, з’яднанне іх для грамадскакарыснай дзейнасці, выхаванне павагі да агульначалавечых каштоўнасцяў.

Гісторыя

Стварэнне YMCA

У 1844 годзе малады чалавек з Лондана, Джорж Вільямс (1821—1905) разам з невялікай групай аднадумцаў стварыў арганізацыю для моладзі. Спачатку яе асноўнай мэтай было развіццё маральных прынцыпаў. У тыя часы ўсё грамадства было досыць рэлігійнае і ўсе базавыя духоўныя прынцыпы зыходзілі з хрысціянства. Паслядоўнікамі Вільямса былі людзі з усіх хрысціянскіх канфесій, таму яны назвалі сябе YMCA (Young Men’s Christian Association). Неўзабаве, кіруючыся запытам моладзі, гэтае таварыства пашырыла свае задачы: з’явіліся праграмы разумовага і фізічнага развіцця. Абмеркаванне палітычных пытанняў у арганізацыі лічылася недарэчным і было змешчана па-за кола яе зацікаўленняў і мэт. Гэтая ідэя аказалася настолькі паспяховай, што па толькі сямі гадах у Англіі было створана больш за 20 арганізацый YMCA. У 1851 годзе аналагічныя таварыствы адкрыліся ў Манрэалі (Канада), а потым і ў Бостане (ЗША), крыху пазней — у Парыжы. На канферэнцыі 1855 года ў Парыжы было вызначана: «Любыя адрозненні ў рэлігійных і іншых перакананнях членаў Саюзу, якімі б важнымі яны ні былі, не павінны ўплываць на шчырыя адносіны паміж членамі Саюза».

У Беларусі

Было тры шляхі, па якіх YMCA прыйшла ў Беларусь. Адзін з іх звязаны з Валожынам. Партнёры з паўночнай Германіі вырашылі дапамагчы жыхарам Беларусі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яны выбіралі рэгіён, які знаходзіўся б у заходняй ці цэнтральнай частцы Беларусі — геаграфічна бліжэй да Германіі. Валожын, Івянец былі пад радыяцыйнай плямай.

У 1994 годзе з’явілася ініцыятыўная група ў Валожыне. І 15 сакавіка 1995 года зарэгістравалі ў Лідзе таварыства «Хрысціянская супольнасць моладзі». Паралельна ў Беларусі былі яшчэ два рэгіёны, дзе развівалі супрацоўніцтва з YMCA. Каб з’яднаць намаганні, у лістападзе 1996 года швейцарскія і нямецкія партнёры правялі сустрэчу, скіраваную на развіццё ўзаемадзеяння беларускіх цэнтраў развіцця YMCA. І гэта стала стымулам для развіцця моладзевых праграм у Лідзе, Валожыне і Бабруйску.

Пад канец 1999 года падалі дакументы на рэгістрацыю нацыянальнай арганізацыі. І 14 лютага 2000 года — у Дзень святога Валянціна — зарэгістравалі «Хрысціянскаю садружнасць дарослых і малых» (YMCA Беларусі).

Рашэнне пра ліквідацыю «Хрысціянскай садружнасці дарослых і малых» прыняў Гродзенскі абласны суд 4 кастрычніка 2023 года. Іск на ліквідацыю падала Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Сайт арганізацыі стаў недаступны ў Беларусі, суполкі ВКонтакте і Facebook перасталі абнаўляцца. Да таго YMCA жорстка раскрытыкаваў аўтар дзяржаўнага выдання «Беларусь Сегодня» Андрэй Мукавозчык. Ліквідацыя арганізацыі адбылася ў межах масавай ліквідацыі грамадскіх арганізацый Беларусі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года.

Асноўныя кірункі

Нефармальная адукацыя

Y-education — сістэма навучання школьнікаў і моладзі. На семінарах і трэнінгах, а таксама ў онлайн-фармаце ўдзельнікі вывучаюць розныя аспекты лідарства, распрацоўкі праграм і правядзення навучальных мерапрыемстваў, менеджменту ў сферы дзейнасці грамадскіх арганізацый. Трэнінгі па засваенні жыццёвых навыкаў (soft skills) — навучанне дзяцей, падлеткаў, моладзі, людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту ў межах асобных сустрэч, цыклу мерапрыемстваў або дзейнасці клубаў. Тэматыка вельмі разнастайная, залежыць ад інтарэсаў аўдыторыі — асновы камунікацыі, экалогія ў паўсядзённым жыцці, здаровы лад жыцця, скаўтынг, развіццё творчых навыкаў і іншае.

Летнія лагеры

Тэматычныя (космас, экалогія, беларуская народная культура, традыцыі народаў свету, інтэграцыя, грамадзянская актыўнасць і іншае). Скаўцкія (усталёўка намётаў і ўладкаванне лагера, пешыя і водныя паходы, рэмба-трасы, арыентаванне на мясцовасці, асновы бяспекі і аказанне першай дапамогі, іншае). Фэсты (майстар-класы па рамесніцтве, кулінарыі, фларыстыцы, навучанню беларускім народным танцам і іншым тэмам, канцэрты, кірмашы талентаў і іншае).

Міжнароднае супрацоўніцтва

Моладзевыя абмены (тэматыка — міжкультурная ўзаемадзеянне, творчасць, абмен прафесійныя ведамі і вопытам у нефармальнай адукацыі, іншае) Валанцёрства ў іншых краінах і прыём замежных валанцёраў у Беларусі (у тым ліку ў межах еўрапейскай праграмы Erasmus+). Міжнародныя праекты за мяжой і ў Беларусі.

Літаратура

Muukkonen, Martti. Ecumenism of the Laity: Continuity and Change in the Mission View of the World’s Alliance of YMCAs, 1855—1955 (англ.). — University of Joensuu. Publications in Theology 7, 2002. Архивная копия от 30 июня 2017 на Wayback Machine The Report of the Thirteenth Triennial International Conference and Jubilee Celebration of Young Men’s Christian Associations (англ.). — London: Jubilee Council, 1895.

Спасылкі http://www.ymcabelarus.org/  — афіцыйны сайт YMCA ў Беларусі

Катэгорыя:Маладзёжныя арганізацыі