Пі́едруя (, беларускія назвы — Прыдру́йск, Прыдру́я) — вёска ў Краслаўскім краі Латвіі, адміністрацыйны цэнтр Прыдру́йскай воласці. Знаходзіцца на правым беразе ракі Дзвіна, па якой праходзіць дзяржаўная граніца паміж Латвіяй і Беларуссю, насупраць аграгарадка Друя (Беларусь). За 292 км ад Рыгі.
Гісторыя Ранняя гісторыя Заснавана Янам Сапегам не пазней за 1611 год. У XIX стагоддзі населены пункт з’яўляўся мястэчкам Дрысенскага павета Віцебскай губерні. У канцы XIX стагоддзя ў Прыдруйску былі праваслаўная і каталіцкая цэрквы, яўрэйская сінагога, 2 малітоўныя дамы. Паводле перапісу 1897 года налічвалася 854 жыхары, сярод іх 561 яўрэй.
Беларускі рух у міжваеннай Латвіі У 1920-я гады Прыдруйская воласць з’яўлялася адным з цэнтраў беларускага нацыянальнага руху ў Латгаліі. Падчас парламенцкіх выбараў у Сейм Латвіі другога склікання (3 і 4 кастрычніка 1925 года) мясцовыя жыхары прадэманстравалі высокую палітычную актыўнасць. Аб’яднаны беларускі спіс № 30 атрымаў перамогу ў Прыдруйскай воласці Дзвінскага павета, сабраўшы 695 галасоў мясцовых выбаршчыкаў. Гэта стала адзіным буйным поспехам беларускіх кандыдатаў па ўсёй Латвіі ў той выбарчай кампаніі.
У вёсцы працавала Прыдруйская беларуская 6-класная школа, якой кіраваў беларускі настаўнік і паэт Эдвард Вайвадзіш. Актыўную працу праводзіў мясцовы Прыдруйскі аддзел Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ), які ў 1933 годзе налічваў 44 сябры. Кіраўніцтва аддзела клапацілася пра адукацыю мясцовай моладзі: 12 ліпеня 1932 года было вырашана заснаваць тры стыпендыі па 20 латаў для навучэнцаў Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, а таксама выдаваць ім па 5 латаў на паездкі дадому падчас вакацый. 21 жніўня 1932 года ў Прыдруі адбылося ўрачыстае адкрыццё беларускай бібліятэкі-чытальні, на якім прысутнічалі прадстаўнікі беларускай грамадскасці. Перад прысутнымі выступіў былы дырэктар Дзвінскай гімназіі Сяргей Сахараў з дакладам «Заданні беларускай моладзі».
Мясцовая моладзь інтэнсіўна займалася тэатральнай дзейнасцю. 20 верасня 1931 года Прыдруйскі аддзел самастойна паставіў дзве камедыі: «Чорт у бочцы» і «Міхалка». Акрамя таго, у Прыдруйск рэгулярна прыязджалі з гастролямі артысты Рыжскага беларускага народнага тэатра і выхаванцы Дзвінскай гімназіі. Мясцовыя настаўнікі і вучні далучаліся да збору фальклору па закліку Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі (БНКТЛ). Старшыня таварыства Кастусь Езавітаў у лісце ад 18 ліпеня 1932 года да кіраўніка школы Эдварда Вайвадзіша прасіў падрабязна апісваць мясцовыя абрады, такія як беларускае вяселле, пахаванне, талака і супрадкі, падкрэсліваючы іх важнасць для доказу беларускага характару рэгіёна.
Палітыка латышызацыі Пасля дзяржаўнага перавароту Карліса Улманіса ў маі 1934 года пачаўся жорсткі ўціск нацыянальных меншасцей. Беларускае культурнае жыццё ў Прыдруйску было знішчана, а школа ліквідавана. Падчас ўсеагульнага перапісу насельніцтва Латвіі 1935 года латвійскія ўлады звярнуліся да масавых фальсіфікацый нацыянальнага складу на памежжы. Перапісчыкі наўмысна выпраўлялі ў анкетах беларусаў на латышоў, у выніку чаго афіцыйная доля латышоў у Прыдруйскай воласці штучна ўзрасла з 17 % у 1930 годзе да 57 % у 1935 годзе, а колькасць беларусаў адпаведна рэзка ўпала.
Гэтыя маніпуляцыі латвійская дзяржаўная прапаганда, у прыватнасці ідэолаг Вільбертс Краснайс, тлумачыла тым, што мясцовыя беларусы нібыта гістарычна з’яўляюцца «абруселымі латышамі», якія пасля пазбаўлення ад шкоднага ўплыву беларускіх палітыкаў пачалі масава вяртацца да сваёй сапраўднай нацыянальнасці. У якасці «доказу» Краснайс апублікаваў у сваёй кнізе фотаздымак выхаванца Дзвінскай гімназіі і настаўніка Прыдруйскай школы Францішка Орупа, якому прапаганда прыпісала словы адмовы ад беларускай ідэнтычнасці і прызнання сябе латышом.
Насельніцтва
Славутасці Касцёл Ушэсця Дзевы Марыі (1759) Царква Святога Мікалая (1885)
Вядомыя асобы Францішак Бартуль (1918—2005) — беларускі грамадскі дзеяч. Эдвард Вайвадзіш (1897—2000) — беларускі і латвійскі педагог, паэт (быў кіраўніком мясцовай школы ў міжваенны час). Францішак Оруп (пачатак XX ст. — пасля 1938) — беларускі і латвійскі педагог, артыст.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Населеныя пункты Латвіі Катэгорыя:Краслаўскі край Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі