thumb|240px|Уваход у галоўную сядзібу Мінсувязі Беларусі (2019 год) Су́вязь Белару́сі — перадача даных пры дапамозе прыладаў у Беларусі.
Падзяляецца на: 1) Інтэрнэт-сувязь, 2) паштовую сувязь, 3) радыёвяшчанне, 4) тэлебачанне, 5) тэлеграф, 6) тэлефонную сувязь. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь кіруе большасцю прадпрыемстваў сувязі паводле Законаў «Аб паштовай сувязі» і «Аб сувязі».
Сеціва
На 1 студзеня 2020 года 126 прадпрыемстваў Беларусі мелі дазвол Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на аказанне паслуг перадачы даных у Сеціве. Налічвалася 3,21 млн абанентаў Сеціва са стацыянарным шырокапалосным доступам (ШПД), што складала 34,2 % ад насельніцтва. Сумарная прапускная здольнасць знешняга шлюзу ў Сеціва складала 1551 гігабіт/секунда, што было ўтрая больш чым у 2013 годзе, калі яго сумарная ёмістасць налічвала 480 гігабіт/секунда. Пастаўшчыкі электрасувязі пераважна аказвалі паслугі ШПД у Сеціва і інтэрнэт-тэлебачання па інтэрнэт-пратаколе, якія прапаноўвалі ў адным пакеце. Шэраг пастаўшчыкоў праклаў оптавалаконныя лініі да жылля, пасля чаго абанентаў падключылі праз мясцовыя Інтэрнэт-сеткі. Валакно да будынка (ВДБ) павысіла хуткасць перадачы даных да 100 мегабіт/секунда. У снежні 2011 года ШДП сталі пастаўляць з дапамогай пасіўных аптычных сетак (ПАС), што дазволіла аказваць паслугі тэлебачання высокай выразнасці. У 2019 годзе скончылі падвод оптавалаконных ліній да шматкватэрных дамоў. На 1 стузеня 2020 года налічвалася 2,58 млн абанентаў оптавалаконных ліній сувязі. У 2011 годзе «Белтэлекам» абсталяваў транспартныя шлюзы ў абласных цэнтрах падсістэмай інтэрнэт-мультымедыя (ПІМ), што дазволіла з ліпеня 2011 года падключаць на адной абаненцкай лініі да Сеціва і тэлефаніі. На 1 студзеня 2020 года было 3,38 млн абанентаў ПІМ. У 2008 годзе задзейнічалі абсталяванне для тэлебачання па інтэрнэт-пратаколе, што дазволіла дастаўляць вяшчанне пэўнага канала па запыце абанента. На 1 студзеня 2020 года налічвалася звыш 2,23 млн абанентаў такога інтэрнэт-тэлебачання. У снежні 2015 года пачалі будаўніцтва сеткі сотавай сувязі 4-га пакалення, якую 23 снежня 2015 года запусцілі ў абласных цэнтрах Беларусі. На 1 студзеня 2020 года паслугі сотавай сувязі 4-га пакалення былі даступнымі 76 % насельніцтва Беларусі. У лістападзе 2017 года Міжнародны саюз электрасувязі (Швейцарыя) размясціў Беларусь на 32 месцы сярод 176 краінаў у Індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Пошта thumb|260пкс|Аддзяленне «Белпошты» ў Слуцку (2016 год)
На 2020 год у Беларусі аказвалі наступныя паслугі паштовай сувязі: прыём, апрацоўку, захоўванне, перавозку і ўручэнне адрасату адпраўлення пісьмовай карэспандэнцыі, пасылкі, грашовага пераводу, адпраўлення паскоранай пошты, прыём падпіскі на друкаваны сродак масавай інфармацыі і яго дастаўку, выплату пенсіі, дапамогі і кампенсацыі. У 2020 годзе Сусветны паштовы саюз (Швейцарыя) размясціў Беларусь на 20-м месцы сярод 170 краін у Індэксе паштовага развіцця. «Белпошта» ўключала: 6 абласных філіялаў, вытворчасць «Мінская пошта» і аўтатранспартную вытворчасць, 35 вузлоў паштовай сувязі і 3092 установы паштовай сувязі, у тым ліку 2 669 стацыянарных аддзяленняў, 187 пунктаў і 176 перасоўных аддзяленняў. Дазволы на дзейнасць таксама мелі наступныя пастаўшчыкі паштовай сувязі: 14 на перасылку паштовых адпраўленняў — «Спецыяльная сувязь», «Наша пошта», «Аўталайтэкспрэс», «ДПД Бел», «СДЭК-Бел», «Кур’ерБай», «Росчырк», «Сапсан Экспрэс», «Тайсу», «Міліцэр і Мюнх», «Еўраопт», «7745 Дастаўка», «Дайрэкст» і «Маршрут Захад»; 2 на прыём падпіскі на друкаваныя СМІ — «Лагода-Інфа» і «Агенцтва Уладзіміра Граўцова»; 4 на дастаўку друкаваных СМІ — рэдакцыі газет «Лунінецкія навіны» і «Жодзінскія навіны», «Радыё Жодзіна» і «Наша пошта»; 3 на прыём падпіскі на друкаваныя СМІ і іх дастаўку — «Белсаюздрук», «Граўцоў Паблішэр» і «Магілёўсаюздрук».
На 2020 год «Белпошта» прымала і выдавала пасылкі вагой да 10 кг ва ўсіх установах паштовай сувязі. Гранічная вага міжнароднай пасылкі з Беларусі складала 20 кг, а грувасткай пасылкі — 50 кг. Яе памер меў складаць да 1,05 метра даўжыні або акружнасці. Міжнародная пісьмовая карэспандэнцыя ўключала: паштоўкі, лісты, пакеты, бандэролі, аэраграмы і мяшкі. Гранічны тэрмін перасылкі і дастаўкі паштовага адпраўлення па Беларусі складаў 4 працоўныя дні, а між абласнымі цэнтрамі — 3 дні. Тэрмін перасылкі міжнароднага адпраўлення пісьмовай карэспандэнцыі з Беларусі складаў: 6 працоўных дзён — у суседнюю Латвію і Літву, 8 дзён — у Польшчу і ва Украіну, 17 дзён — у Расію.
Радыёвяшчанне На 2020 год у Беларусі выкарыстоўвалі каля 420 радыёвяшчальных перадатчыкаў дыяпазону вельмі высокіх частот: 320 у паласе радыёчастот 87,5—108 мегагерц і 100 у паласе радыёчастот 65,9—74 мегагерцы. Гэтыя радыёперадатчыкі забяспечвалі эфірную перадачу гукавых праграм: Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё, радыёканал «Культура», «Сталіца» і «Радыус-FM», а таксама абласных, раённых і камерцыйных праграм. На 144 пастаўшчыкі гукавога вяшчання прыпадала 1 652 569 абанентаў. З іх у Брэсцкай вобласці было 34 пастаўшчыкі і 183 486 абанентаў (11 %), у Віцебскай — 13 пастаўшчыкоў і 215 656 абанентаў (13 %), у Гродзенскай — 28 пастаўшчыкоў і 169 151 абанентаў (10 %), у Гомельскай — 16 пастаўшчыкоў і 82 123 абанентаў (5 %), у Магілёўскай — 17 пастаўшчыкоў і 113 525 абанентаў (7 %), у Мінскай вобласці і сталіцы было 36 пастаўшчыкоў і 888 628 абанентаў (54 %).
Тэлебачанне thumb|240px|Мінская тэлевежа (2010 год) На 2020 год 284 лічбавыя тэлевізійныя перадатчыкі забяспечвалі эфірнае тэлевізійнае вяшчанне тэлепраграм Беларусі. У склад абавязковага агульнадаступнага пакету ўваходзіла наземнае лічбавае тэлевяшчанне 9 дзяржаўных тэлеканалаў: «Беларусь 1», «Агульнанацыянальнае тэлебачанне», «Сталічнае тэлебачанне», «Мір», «Расія-Беларусь», «НТБ-Беларусь», «Беларусь 2», «Беларусь 3» і «Беларусь 5». На 1 студзеня 2020 года лічбавае тэлебачанне было даступным 99,47 % насельніцтва Беларусі. Пашырэнне атрымалі 5 відаў лічбавага тэлебачання: кабельнае, мабільнае, сеціўнае, спадарожнікавае і эфірнае. 8 снежня 2005 года Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастановай № 1406 Дзяржаўную праграму ўкаранення лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання ў Рэспубліцы Беларусь да 2015 года. 17 чэрвеня 2015 года ў Беларусі адключылі ўсе аналагавыя тэлевізійныя перадатчыкі, паводле Рашэння 2006 года «Аб поўным пераходзе на эфірнае лічбавае тэлевізійнае вяшчанне», якое прыняла Рэгіянальная канферэнцыя радыёсувязі па планаванні лічбавай наземнай радыёвяшчальнай службы ў палосах частот 174—230 МГц і 470—862 МГц (РКР-06), якая прайшла ў Жэневе (Швейцарыя). На 2020 год у Беларусі развівалася лічбавае тэлевяшчанне паводле стандарту наземнага лічбавага відэавяшчання 1-га і 2-га пакаленняў (DVB-T/Т2) з прымяненнем прасунутага відэакадавання ад Групы кінаэкспертаў (MPEG-4 AVC/H.264). Для прыёму сігналаў эфірнага лічбавага тэлевяшчання выкарыстоўвалі тэлеантэны дэцыметровага дыяпазону хваляў (470—862 МГц) з гарызантальнай палярызацыяй, якія ў Беларусі выпускалі «Віцязь» (Віцебск), «Вертэкс-Брэст» і «Прамсувязь». Тэлевізары з цюнерамі наземнага лічбавага відэавяшчання (НЛВВ) выраблялі на прадпрыемствах «Віцязь» і «Гарызонт». Тэлепрыстаўкі да тэлевізараў для прыёму лічбавага сігналу выпускалі «Аксіёма-Сэрвіс», «Віцязь» і «Гарызонт». У чэрвені 2013 года «Белтэлекам» пачаў падаваць паслугі камерцыйнага эфірнага лічбавага тэлевяшчання. На 2020 год у камерцыйным наземным лічбавым тэлебачанні для 2-га і 3-га мультыплексаў выкарыстоўвалі стандарт НЛВВ 2-га пакалення і сістэму ўмоўнага доступу «Верыматрыкс». Лічбавая прыстаўка стандарту НЛВВ 2-га пакаленьня дазвалялася бясплатна праглядаць абавязковы агульнадаступны пакет тэлеканалаў. Ахоп насельніцтва тэлепраграмамі 2-га мультыплексу складаў 95,11 %, а 3-га мультыплексу — 93,63 %.
Тэлефанія
На 2020 год у Беларусі дзейнічала сетка міжгародніх магістральных ліній па кальцавой будове з выкарыстаннем оптавалаконнага кабеля і абсталявання сінхроннай лічбавай іерархіі з выхадам па 2-х падыходах на ўсе 5 сумежных дзяржаў — Латвію, Літву, Польшчу, Расію і Украіну. Да ўсіх 6 абласных цэнтраў Беларусі было па 3 падыходы валаконна-аптычных ліній сувязі (ВАЛС), да ўсіх раённых цэнтраў — па 2 падыходы ВАЛС. Штогод «Белтэлекам» павялічваў магутнасць магістральнай першаснай сеткі і пракладваў ВАЛС да сельскіх аўтаматызаваных тэлефонных станцый (АТС). У паселішчах з ВАЛС дзейнічалі вузлы шырокапалоснага доступу да Сеціва і інтэрнэт-тэлебачання. На 1 студзеня 2020 года ў Беларусі налічвалася звыш 4,45 млн тэлефонных апаратаў, што складала 47,3 % адносна насельніцтва. Заява на ўстаноўку тэлефона задавольвалася цягам года.
thumb|240px|Вышка сотавай сувязі ў Даўгінаве (Вялейскі раён, 2015 год) Паслугі сотавай сувязі аказвалі 4 прадпрыемствы: «А1», «Беларуская сетка тэлекамунікацый», «Беларускія воблачныя тэхналогіі» і «Мабільныя Тэлесістэмы». На 2020 год у Беларусі налічвалася 11,63 млн абанентаў сотавай сувязі, што складала 123,6 % да насельніцтва. Сотавая сувязь ахоплівала 98,2 % земляў Беларусі, дзе пражывала 99,9 % насельніцтва. 1 лютага 2012 года ўкаранілі паслугу пераносу нумара, што дазволіла захоўваць абаненцкі нумар пры пераходзе да іншага пастаўшчыка сотавай сувязі. У 2010 годзе ўвялі сотавую сувязь 3-га пакалення паводле Сістэмы ўсеагульнай мабільнай сувязі (СУМС) ў дыяпазоне 2,1 ГГц, што дазволіла забяспечыць бяздротавы шырокапалосны доступ да Сеціва для 87 % насельніцтва на 54 % земляў Беларусі. У снежні 2015 года Дзяржаўная камісія па радыёчастотах пры Савеце бяспекі Рэспублікі Беларусь дазволіла выкарыстоўваць дыяпазон 900 МГц для сотавай сувязі 3-га пакалення ў СУМС замест сувязі 2-га пакалення ў Глабальнай сістэме мабільнай сувязі (ГСМ). У выніку абсяг абслугоўвання базавых станцый сотавай сувязі вырас на 20 %. На 1 студзеня 2020 года сотавая сувязь паводле СУМС ахоплівала звыш 99 % насельніцтва на 98,4 % земляў Беларусі. У снежні 2015 года «Беларускія воблачныя тэхналогіі» запусцілі сетку сотавай сувязі 4-га пакалення паводле тэхналогіі Доўгатэрміновай эвалюцыі (ДТЭ). Гэта дазволіла праглядаць на смартфоне тэлебачанне высокай якасці і праводзіць урачэбныя відэакансультацыі. На 1 студзеня 2020 года 76 % насельніцтва мелі доступ да сотавай сувязі 4-га пакалення ў стандарце ДТЭ.
Гісторыя