Бела-сіне-белы сцяг () — сцяг, які складаецца з трох гарызантальных роўнавялікіх палос (белай, сіняй і белай), сімвал антываенных пратэстаў у Расіі пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года падчас расійска-ўкраінскай вайны. Упершыню згаданы ў сацыяльнай сетцы «Твітэр» 28 лютага 2022 года, пасля чаго атрымаў шырокае распаўсюджванне сярод расійскіх апазіцыйных сіл. Паводле слоў актывістаў, сцяг у першую чаргу ёсць сімвалам аб’яднання людзей за мір і свабоду.

Легіён «Свабодная Расія» выкарыстоўвае на нарукаўных шаўронах бела-сіне-белы сцяг замест дзяржаўнага бела-сіне-чырвонага сцяга Расійскай Федэрацыі.

Гісторыя сцяга

Першым вядомым месцам выкарыстання бел-сіне-белага сцяга стаў вэб-сайт віртуальнай дзяржавы «Наўгародская рэспубліка», які з’явіўся ў 2010 годзе. Сцяг быў створаны на аснове фэнтэзійнага сцяга Вялікага Ноўгарада. Паводле слоў стваральніка сайта, амерыканскага праграміста Марціна Постумуса, праект задумваўся як прыклад альтэрнатыўнай гісторыі, у якой войскі Наўгародскай рэспублікі разграмілі войскі Маскоўскага княства ў бітве пад Шэлонам. Упершыню бела-сіне-белы сцяг быў прапанаваны для выкарыстання ў якасці альтэрнатыўнага сцяга Расіі карыстальнікам «Жывога журнала» Андрэем Чудзінавым 22 жніўня 2019 года.

Выкарыстанне сцяга было запушчана 28 лютага 2022 года адным з карыстальнікаў «Твітэра», пасля чаго той атрымаў шырокае распаўсюджванне сярод антываеннай апазіцыі — сцяг пачалі выкарыстоўваць на мітынгах, шэсцях, дэманстрацыях і іншых актах пратэсту, а таксама на адпаведных малюнках і плакатах. Выкарыстанне сцяга было на антываенным мітынгу ў Тбілісі (Грузія), а таксама на мітынгах на Кіпры і ў Екацярынбургу. Паводле паведамленняў некаторых актывістаў, асноўнае адрозненне ад расійскага сцяга — адсутнасць чырвонай паласы — і ёсць сімвал пратэсту, паколькі менавіта гэтак сцяг адмаўляе культ вайны, ваеннай экспансіі, паказвае новую старонку расійскай гісторыі, дзе няма месца самадзяржаўю, мілітарызму, культу гвалту і крыві. Паводле іхнага меркавання, выгляд сцяга ёсць адзіным прэтэндэнтам на званне сапраўднай дэмакратыі ў гісторыі Расіі. Асаблівым сімвалізмам называюць падабенства з беларускім нацыянальным Бела-чырвона-белым сцягам. Самі колеры, паводле меркавання некаторых актывістаў, характарызуюць мір, чысціню, разважлівасць (белы колер), а таксама праўду і справядлівасць (лазурны колер).

Сярэдняя блакітная паласа паводле колеру блізкая да сцяга Расіі, які выкарыстоўваўся ў перыяд з 1991 па 1993 год.

Галерэя

Падобныя сцягі

Гл. таксама Бела-чырвона-белы сцяг Ірпінская дэкларацыя

Спасылка Сайт сцяга

Катэгорыя:Сцягі Расіі