Іван Уладзіміравіч Карчынскі () — беларускі грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, праваслаўны святар.
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і святара. Скончыў у 1879 годзе Уманскае духоўнае вучылішча, у 1885 годзе — Кіеўскую духоўную семінарыю, пасля 2 курсы юрыдычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта.
Сельскі настаўнік (1885). Іерэй у Пакроўскім храме і загадчык царкоўнапрыходскай школы сяла Рамашкі Васількоўскага павета Кіеўскай губерні (1887), узнагароджаны набедранікам (1890).
З 1890 года інспектар царкоўнапрыходскіх школ Гродзенскай праваслаўнай епархіі. З 1904 года ключнік і протаіерэй Барыса-Глебскага манастыра ў Гродне. Пад час Першай сусветнай вайны ў эвакуацыі ў Маскве. У 1917 годзе — член Саюза беларускага праваслаўнага духавенства. Член Гродзенскай управы і Гродзенскага БНК.
У красавіку 1919 года кааптаваны ў склад літоўскай Тарыбы. У канцы 1919 года ўваходзіў у склад Рады БНР. У верасні 1920 года выступіў адным з ініцыятараў беларускага антыпольскага партызанскага руху ў цеснай сувязі з Літвой. У 1921 годзе як праваслаўны капелан служыў у Беларускім асобным батальёне ў літоўскай арміі. Быў сябрам чацвёртай аператыўнай групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Мерачы, пад кіраўніцтвам Вячаслава Разумовіча — «Хмары». Затым жыў у Коўне, быў праваслаўным капеланам літоўскай арміі.
Памёр 2 ліпеня 1935 года ў Аліце.
Узнагароды Ордэн Святой Ганны 2-й ступені (1907). Ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені (1910). Ордэн Святога Уладзіміра 3-й ступені (1913). Ордэн Святой Ганны 1-й ступені (1915). Мітра (1926). Медаль у гонар 10-годдзя незалежнасці Літвы (1928). Ордэн Гедзіміна 4-й ступені (1928). Ордэн Вітаўта 3-й ступені (1931)
Літаратура
Горны Аляксандр. Святар, гісторык, патрыёт: старонкі жыцця і творчасці протаіерэя Іаана Карчынскага // Гродненские епархиальные ведомости. — 2012. — № 2. — С. 14 — 17; № 3. — С. 17 — 19.
Катэгорыя:Палітыкі Літвы