Тожабеларус або тожэ беларус, гістарычна таксама тоже бѣлорусъ і тоже бѣлоруссъ (множны лік — тожабеларусы; ) — палітычны ярлык, якім абазначаюць людзей, якія лічаць сябе беларусамі ў значэнні «грамадзянін Беларусі» або прыпісваюць сябе да гэтай нацыянальнасці паводле фармальных прыкмет, але не падзяляюць такія нацыянальныя каштоўнасці, як беларуская мова, самасвядомасць, у некаторых выпадках — і нацыянальныя сімвалы. Яскравымі прыкладамі ёсць прынцыповая размова на рускай мове, нежаданне вучыць ці разумець беларускую мову, транслітарацыя лацінскімі літарамі свайго імя і прозвішча праз рускую мову.

Лічыцца, што ўпершыню гэта паняцце было ўжыта пісьменнікам Максімам Гарэцкім у 1914 годзе, пазней пашырана праз такіх аўтараў як Янка Купала і Францішак Аляхновіч. Шырока ўжывалася ў першай палове XX стагоддзя ў дачыненні да беларусаў расійскай і польскай палітычнай арыентацыі. Новая хваля распаўсюджвання ярлыка пачалася пасля пачатку палітычнага крызісу 2020 года, асабліва ў сацыяльных сетках.

Гісторыя

Пачатак ужывання Лічыцца, што ўпершыню паняцце «тоже бѣлорусы» было надрукавана ў эсэ беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага «Развагі і думкі» 1914 года. Эсэ было прысвечана шырокаму колу тагачасных палітыка-эканамічных, гісторыка-культурных і маральна-філасофскіх праблем, якія паўсталі на раннім этапе развіцця беларускага нацыянальнага руху ва ўмовах кардынальных палітычных змен. У сваім беларускамоўным тэксце ён запісвае тэрмін выключна па-руску тагачасным правапісам з нехарактэрнымі для беларускай мовы літарамі «ѣ» і «ъ». Ён вызначае «тоже бѣлоруса» як жыхара краіны і ўдзельніка грамадска-палітычных працэсаў, які праз нявызначаную самасвядомасць стаіць на раздарожжы ва ўмовах палітычных змен і размежавання нацыянальных палітычных рухаў у рэгіёне:

Пры гэтым Гарэцкі дзеліць тожабеларусаў, якія жывуць так пад уплывам знешніх умоў, і тых, хто прытрымліваецца такіх поглядаў свядома:

У 1917 годзе Гаўрыла Гарэцкі, малодшы брат пісьменніка Максіма Гарэцкага, будучы навуковец і тагачасны навучэнец Горы-Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча, выкарыстаў паняцце «тожа беларусы» ў адказе Сяргею Цытовічу на ягоны русіфікатарскі артыкул «Беларуская плынь», у якім той дзівіўся, як могуць беларусы прыраўноўваць сябе да «іншых народаў»: палякаў, фінаў, украінцаў. У артыкуле «Беларуская плынь і „тожа беларусы“», які быў апублікаваны ў «Весніку Горацкага павятовага земства» (1917, № 23) з подпісам «Сын маці Беларусі», Гаўрыла Гарэцкі пісаў:

«Тутэйшыя» Мастацкую форму вобразу тожабеларусаў надаў Янка Купала ў сатырычнай трагікамедыі «Тутэйшыя», завершанай у 1922-м і апублікаванай у 1924 годзе. Эталонным вобразам тожабеларуса Янка Купала зрабіў Мікіту Зноска. Падзеі п’есы адбываюцца ў 1918—1920 гадах, у перыяд спроб станаўлення Беларускай Народнай Рэспублікі і змен акупацыйных уладаў у Менску. Колішні вясковец Мікіта Зносак спрабуе прыстасавацца да новай палітычнай сітуацыі і заняць месца ва ўладах акупацыйных адміністрацый, пры гэтым ён пагардліва ставіцца да ўсяго беларускага. У залежнасці ад улады, ён мяняе сваё імя і прозвішча на русіфікаванае Нікіцій Зносілов або паланізаванае Нікіціуш Зносіловскі. Пазіцыя Мікіты Зноска апісана ў дыялогу з Янкам Здольнікам, удзельнікам беларускага руху і супрацьлегласцю Зноска:

Янка Купала дае рэзка-адмоўную ацэнку тожабеларусам, фактычна характарызуючы іх як рэнегатаў і дэгенератаў:

Заходняя Беларусь

У сваёй п’есе «Пан міністар», надрукаванай у 1924 годзе ў Вільні, Францішак Аляхновіч вывеў падобнага да купалаўскага героя. Свінабой Філімон Пупкін хоча любым спосабам здабыць пасаду міністра ў беларускім урадзе. Дзеля гэтага, хоць ягоным ідэалам ёсць «единая недѣлимая матушка» (Расія), ён становіцца тожабеларусам:

Слова падхапіла тагачасная беларуская прэса Заходняй Беларусі, якім яна шальмавала як русафілаў, так і паланафілаў. У шостым нумары сатырычнага часопіса «Авадзень» за 1925 год была надрукавана карыкатура, на якой укленчаны праваслаўны святар, «тоже бѣлорус», спрабуе памаліцца за Беларусь, але як ён ні стараецца, атрымліваецца за «Бѣлую Едіную Недѣлімую Матушку Россію».

На старонках сатырычнай «Маланкі» за 1926 год ёсць карыкатура на Арсена Паўлюкевіча з подпісам «тоже бѣлорусс». У сваёй палітычнай дзейнасці Арсен Паўлюкевіч змагаўся за пасаду старшыні Беларускай рады Случчыны і браў удзел у Слуцкім паўстанні 1920 года, а пасля на чале паланафільскай Беларускай часовай рады вітаў майскі пераварот Пілсудскага. Ён жа ездзіў да польскага прэм’ера і за абяцанае фінансаванне праводзіў прапольскую агітацыю сярод беларусаў.

У 1930 годзе ў Вільні надрукавана кніга Уладзіслава Казлоўшчыка «Плач беларускай старонкі маткі па дзетках сваіх рэнэгатах» (арыгінальная назва ; вокладка — Язэп Драздовіч), назва якой адсылае да «тожа-беларусаў з пароды рэнэгатаў і дэгегэратаў» Янкі Купалы. У кнізе крытыкуюцца спаланізаваныя беларусы Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы.

XXI стагоддзе Пашырэнне ўжыванне паняцце адбылося пасля падаўлення пратэстаў 2020 года ў Беларусі і нацыянальнага абуджэння часткі грамадства. Пратэсты аб’ядналі шырокія масы беларусаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, але пазней выявілася, што не ўсе прыхільнікі перамен гатовыя да прыняцця беларускай мовы і культуры ва ўмовах узмацнення русіфікацыі Беларусі. Нават у вымушанай палітычнай эміграцыі «тожабеларусы» трымаюцца за сваю «рускасць», або развіваюць у сабе мясцовую ідэнтычнасць, напрыклад «польскасць».

Сучаснасць Тэрмін звычайна запісваецца трасянкай, мешанінай беларускай і рускай моў, каб падкрэсліць мяшаную свядомасць такіх людзей.

Тожабеларусы выказваюцца пра беднасць беларускай мовы, сялянскую беларускую культуру, аднатыпную беларускую літаратуру, адсутнасць добрай музыкі і кіно на беларускай мове. Гэтым яны часта апраўдваюць тое, што не могуць прыняць сваю беларускасць. Пазіцыя тожабеларуса блізкая да беларусафобскай.

Сярод тожабеларусаў пашырана практыка выпраўлення ў пашпарце транслітарацыі свайго імя з беларускай мовы на транслітарацыю з рускай мовы, або замена транслітарацыі на літаральны пераклад на англійскую мову.

Тэрмін «тожабеларус» нятоесны тэрмінам «ватнік» ці «ябацька» — такі чалавек можа быць прыхільнікам вольнай і дэмакратычнай Беларусі, але пры гэтым не бачыць яе беларускай. У той жа час «ябацька» можа быць шчырым беларусам, які ганарыцца сваёй культурай, мовай і хоча захавання самастойнасці краіны, але пры гэтым з нейкіх іншых меркаванняў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

Гл. таксама Беларусафобія Заходнерусізм Манкурт Смердзякоўшчына Шала-казахі

Крыніцы

Катэгорыя:Ідэалагічныя клішэ Катэгорыя:Русіфікацыя Беларусі Катэгорыя:Паланізацыя Беларусі Катэгорыя:Культурная асіміляцыя